Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 6 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


Блогер ales_chyhir, сябра Партыі БНФ, былы дэпутат Бабруйскага савету дэпутатаў ва ўласным дзёньніку апавядае пра ўчорашняе здарэньне:

“Каля 17.00 ў дзьверы нашага офісу (прыватны дом майго сябра Ігара Ходзькі) пастукаўся супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў для праверкі праводкі. Натуральна, мы адчынілі дзьверы. Разам з МНСьнікам зайшлі дзьве істоты, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, адзін зь іх нават паказаў дакумэнт, у адпаведнасьці зь якім ён старшы лейтэнант Тоўсьцік. Ад абодвух ішоў пах перагару. Гэтыя два беспардонна сталі расходжваць па пакоях, перагортваючы ўсё на сваім шляху. Калі праваабаронца Ігар Ходзька сказаў, што ўсё, што яны робяць, пазапраўнае і парушае яго канстытуцыйныя правы, невядомая істота ў капялюшыку сказала: “Мне (пі-іп!) на закон и конституцию”.

Запіс гэты камэнтуецца такімі словамі:

jakub_v раіць: “Варта вырабіць адмысловыя ўлёткі з буйнымі тварамі “істот”. Думаю, вылічыць іх асобы будзе ня дужа цяжка. То найперш іх дамы забамбіць, дамы іх бацькоў: тут жыве такі і такі Тоўсьцік... А увогуле й на ўвесь горад трэба”.

limony: “У такіх выпадках я раю тэлефанаваць 102 і казаць, што ў маю кватэру ўламаліся бандыты. Спачатку прыедзе АМАП, пакладзе ўсіх тварам ў падлогу, а потым будуць высьвятляць “ху із ху”.

“Наша Ніва” падае паведамленьне, што сёньня судзьдзя Жанна Андрэйчык не падтрымала скаргі маці моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі і прызнала законным яго адлічэньне з унівэрсытэту. Такім чынам, сёньня Цэнтральны суд Гомелю паставіў кропку ў справе Жалезьнічэнкі.

Алесь К пракамэнтаваў: “Чаму кропку? Мо яшчэ варта паспрабаваць абскарджваць у вышэйшых інстанцыях”.

А вось камэнтары да гэтай навіны з сайту “Хартыі'97”:

zzz: “Няма чаго тут камэнтаваць... І так усё ясна было і без суду...”

Андрэй
: “Няма ні судоў, ні правасудзьдзя... Існуе толькі стол заказаў... Заказалі і зрабілі... Думаю, камэнтары лішнія...”

Блогерка barilotti ва ўласным дзёньніку зьвярнула ўвагу на ўрэзку да аднаго з матэрыялаў у сёньняшнім нумары газэты “Звязда”, дзе напісана:

“Напрыканцы зімы ў Падляскім ваяводстве ўжо 39-ы раз запар прайшоў XV Агульнапольскi фестываль “Беларуская песня-2008”.

“А вам слабо 39-ты раз правесьці 15-ты фэст-2008?” – пытаецца блогерка.

kauka_kauka пракамэнтавала: “Самае вясёлае, што я калі-небудзь чытала ў “Звяздзе”, – нататка на той час прэсавага сакратара рэспубліканскай пракуратуры пра тое, што пракуратура накрыла хакераў, якія рабавалі інтэрнэт-крамы, а нарабаванае “атрымлівалі па электроннай пошце”. Так што 39-ты фэстываль – чарговае сьведчаньне фірмовага зьвяздоўскага стылю”.

Блогер l_u_f_t выклаў ў суполцы “Жывога журналу” “Белсьметнік” сьпіс “Топ-25 тэлефанаваньняў, якія паступілі на “гарачую” лінію тэлеканалу СТВ”. Сярод іх такія:

“Пафарбавалі пад'езд у жахліва зялёны колер. У нас няма настрою”.

“У цэнтры вуліцы Максіма Гарэцкага сутыкнулася крутая “хонда” з калёсамі”.

“Сёньня ноччу адбылося злачынства ў кавярні “Шансон”, наеў на 40 тысячаў, калі папрасілі расплаціцца – дастаў гранату”.

“Як вы ставіцеся да мянушкі «бульбаш»? На маю думку, гэта зьнеслаўляе беларусаў. Што было б, калі б у Ізраілі назвалі гарэлку “Жыд”? Хто гэта дазволіў? Краіна павінна ведаць сваіх герояў у твар. Ні ў адной краіне такога няма, каб ва ўласнай краіне абражалі сваю ж нацыю”.

"Набыла ў ГУМе дэзадарант, а ён няспраўны. Пазваніце дырэктару, скажыце, каб ён прынёс мне новы дэзадарант. Сама я да іх больш не пайду: вялікі гонар".

"А чаму льготы чыноўнікам не адмяняюць? Самалёты адмяніць ім трэба хаця б. Няхай езьдзяць у аўтобусах. Хоць паслухаюць, што людзі кажуць пра іх".

"Паклічце прэзыдэнта!.. Я ўсё адно яго знайду".

"Суседка працуе ў «Супэр-лато». Яе знаёмы выйграў 53 мільёны. Мяне турбуюць нейкія сумненьні: ці ўсё тут чыста?”

"Я задыхаюся: у мяне суседзі перакрылі выцяжку ў кватэры. Няхай журналісты прыедуць і панюхаюць!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG