Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: міліцыянты зьбілі Алеся Чыгіра й Ігара Ходзьку


Паводле палітыка Алеся Чыгіра, міліцыянты зьбілі яго й праваабаронцу Ігара Ходзьку за тое, што яны не давалі вынесьці з прыватнага грамадзкага цэнтру пакунак з газэтай “Свабода”.


Пасьля зьбіцьця актывістаў міліцыянты вынесьлі каля пяцісот асобнікаў “Свабоды”. Ніякіх дакумэнтаў, якія дазвалялі б ім гэтыя дзеяньні, міліцыянты не прад’яўлялі, паведаміў А.Чыгір.

Паводле Алеся Чыгіра, на дапамогу двум міліцыянтам, якія першымі ўварваліся ў дом, пад’ехаў міліцэйскі нарад прыкладна зь дзесяці чалавек. Міліцыянты адразу ж паспрабавалі вынесьці з дому друкаваную прадукцыю.

“Мы селі на падлогу перад дзьвярыма, каб перашкодзіць міліцыянтам. Тыя кінуліся спачатку нас адцягваць, а потым пачалі біць. Білі рукамі й дубінкамі. Мне разьбілі нос, Ходзька страціў прытомнасьць. Цяпер ляжыць на канапе. Я выклікаў хуткую дапамогу. У Бабруйску міліцыянты так сябе яшчэ не паводзілі”, — паведаміў Алесь Чыгір.

Двое міліцыянтаў уварваліся ў прыватны грамадзкі цэнтар а 17-й гадзіне. Дзьверы запатрабаваў адчыніць супрацоўнік міністэрства надзвычайных сытуацыяў Сяргей Гаўрыленка. Сваё патрабаваньне ён аргумэнтаваў неабходнасьцю тэрмінова агледзець памяшканьні на прадмет пажарнай бясьпекі. Праз сорак хвілінаў міліцыянт, які назваўся старшым лейтэнантам Тоўсьцікам, выклікаў дапамогу.

Цяпер у грамадзкім цэнтры міліцыянтаў няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG