Роўна празь месяц зарэгістраваныя кандыдаты сядуць перад спэцыяльнымі камісіямі, якія вырашаць: варты чалавек месца на факультэце — або ня трэба марнаваць час і здаваць іспыты? Адзін з найбуйнейшых “прыёмных пунктаў” абітурыентаў — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — наведаў наш карэспандэнт.
У адпаведнасьці з зацьверджанымі сёлета “Правіламі прыёму ў ВНУ”, у конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, да якіх вылучаныя асаблівыя патрабаваньні, маюць права ўдзельнічаць асобы, якія пасьпяхова прайшлі прафэсійна-псыхалягічную гутарку. У пераліку — “дзяржаўнае кіраваньне”, “дзяржаўнае кіраваньне і права”, “дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка”, “міжнародныя адносіны”, “міжнароднае права”, “правазнаўства”, “эканамічнае права”, “журналістыка” і “мытная справа”. Рэгістрацыя на падставе асабістых заяваў абітурыентаў пачалася сёньня і працягнецца да канца сакавіка. Аўдыенцыі з сябрамі камісій зь ліку кіраўнікоў ВНУ, выкладчыкаў, псыхолягаў і сацыяльных пэдагогаў будуць праходзіць з 5 да 30 красавіка ў ВНУ, вызначаных Міністэрствам адукацыі. Гарады, дзе гэта будзе адбывацца, — Менск і абласныя цэнтры, а таксама Полацак, Баранавічы і Мазыр.
Галоўная ВНУ краіны — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — плянуе прапусьціць праз гутаркі ня меней за 2 тысячы абітурыентаў. Аднак у першы дзень падачы заяваў аншлягу не было — за паўдня ў аўдыторыю № 116 галоўнага корпусу БДУ не наведаўся нават і дзясятак чалавек.
Адна з заяўніц, якая хацела б асвойваць мытную справу, лічыць, што гутарка дадасьць ёй ды іншым абітурыентам нямала галаўнога болю:
“Ну, вядома, я думаю, што безь яе было б нашмат прасьцей. Бо гэта як дадатковы конкурс. А канкурэнцыя і так ёсьць заўсёды. Ведаю, што летась было складана паступіць, а цяпер задача яшчэ больш ускладняецца”.
Карэспандэнт: “То бок боязь ёсьць?”
“Натуральна, гэта адназначна”.
Намесьнік кіраўніка прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў кажа, што адна з задачаў гутаркі — сувымерыць жаданьні і амбіцыі абітурыентаў і іх бацькоў з магчымасьцямі і здольнасьцямі кандыдатаў:
“Хутчэй за ўсё, гэтая камісія будзе фільтрам для тых, хто ідзе да нас з адной думкай: няважна куды — абы куды. Лёгіка такая: пайду сюды, не атрымаецца, схаджу яшчэ куды-небудзь. Вялікая колькасьць проста ня ведае, куды прыткнуцца. Калі глядзець па апошніх днях прыёму дакумэнтаў, то з чым мы сутыкаемся? Проста кідаюцца туды, дзе меншы конкурс. І гэта ў шэрагу выпадкаў галоўны аргумэнт: каб толькі меншы конкурс. І пры гэтым зусім не ўяўляючы, што гэтая спэцыяльнасьць, шчыра кажучы, яму ня надта і пасуе. Таму і гэты матыў таксама прысутнічае”.
Як удакладняе адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Хухлындзіна, тут гутарка заплянаваная па сямі спэцыяльнасьцях, за выключэньнем “дзяржаўнага кіраваньня”. Цікаўлюся: ці дадасьць усё ж абавязковая гутарка складанасьцяў тым, хто паступае на гэтыя факультэты?
“Для цяперашніх абітурыентаў сур’ёзнасьць выпрабаваньня будзе ў тым, што яны, напэўна, (я кажу пра гуманітарныя спэцыяльнасьці) за апошнія гады адвыклі ад кантактаваньня з выкладчыкамі. Іх настройваюць на тое, што яны павінны пісаць тэст, то бок — праца толькі з паперай і асадкай. А калі тэт-а-тэт з выкладчыкам, а калі іх яшчэ сядзіць тры чалавекі, то вось у гэтым будуць складанасьці. Але ж гуманітарый павінен пісьменна выкладаць свае думкі, дэманстраваць сваю лёгіку. Вось вы журналіст: калі ў журналіста ня будзе камунікабэльнасьці — ці здолее ён калі-небудзь узяць хоць якое інтэрвію?”
Карэспандэнт: “Гэтаму яго 5 гадоў вучыць будуць, а ня тое што са школы...”
“Усё роўна ёсьць якіясьці элемэнты, зьвязаныя з тым, што чалавек павінен умець фармуляваць свае думкі, уяўляць — куды ён зьбіраецца ісьці, чым матываваны ягоны выбар прафэсіі. А ня толькі разумець, што гэта -- прэстыжна”.
Карэспандэнт: “Чаму такая неабходнасьць узьнікла цяпер, а не гадоў 5 таму?”
“Тут нам складана сказаць... Магчыма, гэта зьвязана якраз з тым, што і аналіз тых, хто паступае, і тых, хто навучаецца, да гэтага штурхае. Малады чалавек ідзе на міжнародныя адносіны і лічыць, што абавязкова павінен быць дыпляматам. Але гэта зусім не абавязкова. Вельмі мізэрная колькасьць людзей сапраўды ідзе ў дыпляматы. То бок трэба цьвяроза на ўсё глядзець і трэба, каб людзі сапраўды шлі да нас асэнсавана”.
Яшчэ да пачатку кампаніі гэтых гутарак шмат хто з экспэртаў называў іншую прычыну ўвядзеньня дадатковага кантролю ўладаў за наборам студэнтаў. Так, былы выкладчык міжнароднага права на юрыдычным факультэце і факультэце міжнародных адносінаў БДУ Павал Знавец кажа, што адфільтраваць патэнцыйна небясьпечных студэнтаў цяпер ня будзе надта цяжка:
“Так званыя прэстыжныя дысцыпліны юрфаку, факультэту міжнародных адносінаў заўсёды кавалі кваліфікаваныя кадры: спачатку для нармальнай краіны, а зараз — для дыктатуры. Таму ідзе такая палітыка з боку рэжыму, якая зараз афармляецца ў нібыта прававую абгортку — каб кантраляваць кадры, паступленьні студэнтаў. Каб не было ненадзейных. І пакаленьне, якое зараз за кратамі, якое змагаецца, выходзіць яшчэ на плошчы, ладзіць нейкія акцыі — яно будзе зусім выкінутае. Апошнія лідэры эмігруюць ці сыдуць у цень, будуць вымушаныя шукаць нейкае выйсьце, каб сябе рэалізаваць. Сыходзіць пакаленьне, як я называю, дзяцей перабудовы, і ўжо ідуць кадры эпохі дыктатуры. І гэта сумна”.
Паказальна, што магчымасьць апэляцыі ў выпадку, калі абітурыент ня пройдзе гутаркі, не прадугледжана. А рашэньне пра выдачу рэкамэндацыі для паступленьня будзе прымацца бальшынёй сяброў камісіі.