Наколькі імавернае аднаўленьне праекту саюзнай дзяржавы? Наколькі магчыма, што новая расейская ўлада хутка скасуе эканамічныя прэфэрэнцыі, якія атрымлівае Беларусь? Свае адказы на гэтыя пытаньні прапаноўваюць у “Праскім акцэнце” расейскія палітолягі Дзьмітры Арлоў, Станіслаў Бялкоўскі, Сяргей Караганаў, Сяргей Маркаў, Мікалай Пятроў, Леанід Радзіхоўскі, Марк Урноў і Аляксандар Фадзееў.
Дракахруст: “Расейскія палітолягі, незалежна ад іх палітычных поглядаў, не чакаюць кардынальных зьменаў у беларуска-расейскіх адносінах пасьля расейскіх выбараў. Гаворыць дэпутат Дзяржаўнай Думы ад партыі “Единая Россия” Сяргей Маркаў”.
Маркаў:"Я мяркую, што ніякіх прынцыповых зьменаў у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі не адбудзецца. Пуцінская каманда застаецца ва ўладзе, пуцінская палітыка будзе працягнутая і , нягледзячы на значнае павелічэньне ролі Мядзьведзева, чалавекам нумар 1 у гэтай камандзе пакуль застаецца Ўладзімір Пуцін. Палітыка адносна Беларусі будзе працягнутая, хаця яе нельга назваць пасьпяховай. Нягледзячы на агульныя стратэгічныя інтарэсы, Расея і Беларусь занадта многа спрачаюцца, канфліктуюць, і я мяркую, што ворагі Расеі і Беларусі радуюцца, калі Расея і Беларусь спрачаюцца наконт цэнаў на нафту і газ”.
Дракахруст: “Палітоляг і публіцыст Леанід Радзіхоўскі ня бачыць пунктаў, у сувязі зь якімі зьмены маглі б адбыцца”.
Радзіхоўскі: “Я ня думаю, што расейска-беларускія адносіны неяк зьменяцца. Яны апошнія гады абсалютна стабільныя, можна сказаць, замарожаныя. Размовы пра саюз скончыліся, час ад часу пра яго недарэчна прыгадваюць, але гэта зусім ужо рытуальныя заклінаньні, якія наагул ніхто ня чуе. А ў астатнім – пакрысе, вельмі пакрысе падвышаюць цану на газ. Усё, больш ніякіх адносінаў няма. Ва ўнутраную палітыку Беларусі Расея ніколі ня лезла і зараз ня лезе, "бацьку" па меры сіл падтрымлівае, бо ён вельмі выгадны для Масквы”.
Дракахруст: “Старшыня расейскай Рады зьнешняй і абарончай палітыкі Сяргей Караганаў мяркуе, што Беларусь і Расея рушаць у пэўным сэнсе ў адваротных накірунках: Беларусь, паводле Караганава – да большай лібэралізацыі, Расея – да большага аўтарытарызму, але яны яшчэ не сустрэліся”.
Караганаў: “Ня бачу ніякіх прыкметаў, што адносіны будуць мяняцца. Зразумела, што беларускі рэжым рушыць у бок эканамічнай, калі не палітычнай лібэралізацыі, а ў Расеі ўсталяваўся паўдэмакратычны аўтарытарны рэжым, праўда, значна больш свабодны, чым у Беларусі. З прычыны неразумнай палітыкі Захаду ў Расеі няма іншага выйсьця як падтрымліваць Беларусь у любым выглядзе”.
Дракахруст: “Некаторыя беларускія назіральнікі мяркуюць, што падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы беларускаму кіраўніку ад кіраўніцтва Расеі былі зробленыя нейкія жорсткія прапановы, ад якіх цяжка адмовіцца. Кіраўнік дасьледнага цэнтру “Экспэртыза” Марк Урноў нязгодны з такой трактоўкай”.
Урноў: “Я не чакаю пасьля 2 сакавіка ці пасьля траўня радыкальных зьменаў ва ўзаемаадносінах. Візыт Лукашэнкі быў зьвязаны з тым, што яму хацелася падстрахавацца і зразумець, як будуць разьвівацца адносіны. Толькі адзін фактар мог бы зьмяніць пазыцыю Расеі – гэта рашэньне зьліцца ў адзіную дзяржаву. Але і ў Лукашэнкі такога жаданьня няма, а ў Расеі адпаведна няма жаданьня зьлівацца ў тым фармаце, які падышоў бы Лукашэнку. Гэтага проста ня існуе, а значыць і імпульсаў для радыкальных пераменаў таксама не існуе.
Ідзе хваравітая выпрацоўка правілаў стасункаў дзьвюх незалежных дзяржаваў, расейская эліта ўсё больш прызвычайваецца да таго, што Беларусь – гэта сапраўды незалежная дзяржава. Ідэя зьліцьця і грамадзкай думкай у Беларусі не падтрымліваецца”.
Дракахруст: “Паводле Станіслава Бялкоўскага, прэзыдэнцтва Мядзьведзева ў беларуска-расейскіх адносінах будзе часам давядзеньня да канца тых тэндэнцый, якія абазначыліся пры прэзыдэнцтве Пуціна”.
Бялкоўскі: “Расейская ўладная эліта насамрэч ніколі не ўспрымала саюзную дзяржаву ўсур’ёз. Проста ў апошнія гады кіраваньня Барыса Ельцына і часткова ў першыя гады кіраваньня Ўладзіміра Пуціна гэты фактар быў патрэбны расейскай эліце, каб у пэўных сытуацыях паляпшаць сваё ўнутрыпалітычнае становішча і прадаваць гэты міт расейскаму народу, для якога саюз зь Беларусьсю быў і застаецца вельмі папулярным. Пры Ўладзіміры Пуціне на прынцыповае нежаданьне расейскай эліты ствараць наклалася яшчэ і асабістая няпрыязь Уладзіміра Пуціна да Аляксандра Лукашэнкі, на што Лукашэнка адказваў узаемнасьцю.
Гэтая няпрыязь абумоўленая перш за ўсё адрозьненьнямі ў сыстэмах каштоўнасьцяў і эстэтыцы двух лідэраў. Пуцін – клясычны постсавецкі бізнэсовец, у той час як Лукашэнка – нэасавецкі першы сакратар ЦК кампартыі саюзнай рэспублікі.
А што тычыцца Мядзьведзева, то ён проста касьмічна далёкі ад Лукашэнкі і тых каштоўнасьцяў, якімі жыве прэзыдэнт Беларусі, таму пры ім фактычны крах саюзнай дзяржавы паскорыцца і пяройдзе ў фармальны крах. Таму нельга казаць пра зьяўленьне новых тэндэнцый, можна толькі казаць, што тэндэнцыі, якія аформіліся пры Ўладзіміры Пуціне, будуць даведзеныя да лягічнага канца”.
Дракахруст: “Дырэктар агенцтва палітычных і эканамічных камунікацый Дзьмітры Арлоў мяркуе, што магчымая адно зьмена стылю адносінаў”.
Арлоў: "У адносінах Расеі і Беларусі пасьля 2 сакавіка ніякіх зьменаў не адбудзецца. Зразумела, магчымая зьмена стылю. Дзьмітры Мядзьведзеў больш спакойны, роўны палітык, ня схільны да яркіх заяваў, часам да палітычнай агрэсіі, што вызначае Ўладзіміра Пуціна, але інтарэсы Расеі, зьвязаныя з энэргетычным транзытам, захаваюцца і пры прэзыдэнце Мядзьведзеве”.
Дракахруст: “Падчас леташняга сьнежаньскага візыту Пуціна ў Менск луналі ўпартыя чуткі наконт таго, што праект саюзнай дзяржавы выцягнуты з даўгой скрыні, што палітычная інтэграцыя будзе фарсіраваная, каб забясьпечыць Пуціну месца саюзнага прэзыдэнта. Нечаканы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, ягоныя перамовы з кіраўніцтвам Расеі падлілі алею ў агонь такіх гіпотэз. Наколькі гэты праект рэальны? Гаворыць кіраўнік аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД Аляксандар Фадзееў”.
Фадзееў: “З майго гледзішча ён немагчымы, паколькі ў кіруючых клясах дзьвюх краін ёсьць істотныя супярэчнасьці наконт разьмеркаваньня ўладных паўнамоцтваў, па вызначэньні функцый і сфэры дзеяньня наднацыянальных органаў, нарэшце, ёсьць істотныя супярэчнасьці ў пытаньні, хто будзе ажыцьцяўляць вярхоўную ўладу ў саюзнай дзяржаве.
Пакуль гэтыя разыходжаньні не пераадоленыя і наўрад ці будуць пераадоленыя ў хуткім часе. Паколькі беларускі бок настойвае на роўнапраўным падыходзе менавіта ў гэтым пытаньні, то натуральна, што расейская эліта не зацікаўленая ў такой форме інтэграцыі, пры якой яна вымушаная будзе як мінімум палову сваіх паўнамоцтваў аддаць беларускаму боку.
Што тычыцца заняцьця Ўладзімірам Пуціным мітычнай пасады саюзнага прэзыдэнта, якой няма ў праекце канстытуцыйнага акта, то я б назваў гэта палітычнымі спэкуляцыямі. Уладзімір Пуцін віртуальную дзяржаву ня будзе ўзначальваць ніколі, і такіх плянаў у яго няма, гэта відавочна”.
Дракахруст: “Калі Аляксандар Фадзееў ужывае далікатныя формулы, гаворачы пра тое, што расейская эліта не гатовая аддаць беларускаму боку палову сваіх паўнамоцтваў у саюзным утварэньні, то ягоны калега Дзьмітры Арлоў выказваецца больш шчыра і просталінейна”.
Арлоў: "З майго гледзішча, аб'яднаньне Расеі і Беларусі магчымае толькі паводле аднаго сцэнару: уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі некалькімі суб'ектамі. Гэта абумоўлена маштабамі эканомікі і палітычнай сыстэмы. Іншай формы аб'яднаньня я ня бачу. Улічваючы настроі беларускай палітычнай эліты, перш за ўсё самога Лукашэнкі, мне гэта здаецца малаімаверным".
Дракахруст: “Ну а вось цяперашнія заляцаньні афіцыйнага Менску да Эўропы, беспрэцэдэнтнае вызваленьне палітычных вязьняў – ці ня сьведчыць гэта пра тое, што Масква робіць на Менск нейкі ціск, які Лукашэнка спрабуе збалянсаваць стасункамі з Захадам? Свой адказ прапануе Станіслаў Бялкоўскі”.
Бялкоўскі: “Ніхто з боку Расеі на яго, зразумела, ня цісьне. Расейская ўладная эліта наагул зацікаўленая ў тым, каб мінімізаваць кантакты з Лукашэнкам па любых пытаньнях, акрамя энэргетычных. Чутка аб стварэньні саюзнай дзяржавы, якую ўзначаліць Пуцін, ня мае пад сабой ніякіх падставаў, як ня мела і напрыканцы мінулага году.
Па-першае, Пуцін ня хоча быць прэзыдэнтам саюзу і ня любіць самую ідэю саюзу. Яму глыбока чужое ўсё савецкае, усё саюзнае, нягледзячы ня тое, што часам ён у каньюнктурных мэтах ужывае прасавецкую рыторыку і настальгічна пускае сьліну па СССР, але па сутнасьці ён антысаветчык. Ён клясычны бізнэсовец-фарцоўшчык позьнесавецкага перыяду, якому імпэрскія каштоўнасьці глыбока чужыя.
Акрамя таго, немагчыма ўявіць сябе, каб Аляксандар Лукашэнка аддаў уладу, тым больш ненавіснаму яму Пуціну. Хаця гэтыя выцечкі будуць яшчэ запускацца ў прапагандысцкіх мэтах. Тады, напрыканцы году, гэта было зроблена, каб напалохаць расейскія эліты такой пэрспэктывай, а потым прад'явіць народу пераемніка Дзьмітрыя Мядзьведзева, як меншае зло.
А Лукашэнка актывізуе кантакты з Эўразьвязам таму, што зразумеў, што Расея – гэта "отрезанный ломоть" , яна для яго больш не партнэр і не абаронца, і ён шукае іншыя цэнтры сілы, якія маглі б абараніць і легітымізаваць ягоны рэжым, прычым ня толькі ў Эўропе, але і ў Кітаі. І ён яшчэ пэўны час будзе балянсаваць паміж Эўразьвязам і Кітаем, робячы пасы ў тым і другім накірунку.
Вызваленьне палітвязьняў – гэта пас у бок Захаду. Ён выбраў для гэтага ўдалы момант. У Расеі сытуацыя робіцца больш жорсткай, колькасьць людзей, якіх перасьледуюць паводле палітычных матываў, расьце, і якраз у гэты момант Лукашэнка не ўпускае шанца выглядаць прыгожым і добрым нават на тле Ўладзіміра Пуціна”.
Дракахруст: “З калегам Бялкоўскім не зусім згодны супрацоўнік маскоўскага цэнтру Карнэгі Мікалай Пятроў. Паводле яго, ня ў тым справа, што Масква ня цісне на Лукашэнку, а ў тым, што магчымасьці ціснуць досыць абмежаваныя”.
Пятроў: “Я мяркую, што спробы прымусіць Беларусь да палітычнай інтэграцыі паводле расейскай мадэлі ў разумных межах рабіліся. Іншая справа, што зрабіць гэта па-за разумнымі межамі контарпрадуктыўна. Я думаю, што на гэтым этапе магчымасьці Масквы нейкім чынам ціснуць на беларускую ўладу, каб прымусіць яе і Лукашэнку адмовіцца ад сувэрэнітэту, абмежаваныя і ўсе выкарыстаныя. Ня думаю. што можна прыдумаць нешта дадатковае ў гэтым сэнсе”.
Дракахруст: “Пракрамлёўскі палітоляг Сяргей Маркаў бачыць перашкоды на шляху стварэньня саюзнай дзяржавы ў наступным”.
Маркаў: “Я мяркую, што гэты праект па-ранейшаму ляжыць на стале для рэалізацыі, народы Расеі і Беларусі патрабуюць стварэньня саюзнай дзяржавы, але палітыкі паказалі няздольнасьць дамовіцца. Галоўная перашкода – тое месца, якое зойме ў саюзе Аляксандар Лукашэнка. Першае месца ён ня можа заняць па зразумелых прычынах, другое месца яго не задавальняе – ці там мала ўлады, ці мала гарантыяў нязьменнасьці.
Яму гатовыя прапанаваць пасаду віцэ-прэзыдэнта, што ёсьць пасадай нязьменнай, ці пасаду прэм’ера, якая дае вялікую ўладу, але ня ёсьць нязьменнай. Але ён хацеў бы быць фактычна другім прэзыдэнтам. Гэта занадта шмат і занадта канфліктна. Гэтая праблема пакуль ня вырашана, да гэтага дадаюцца яшчэ асабістыя адносіны. Але мы спадзяемся, што гэтая праблема ўсё ж вырашыцца і палітыкі рэалізуюць волю народаў Расеі і Беларусі”.
Дракахруст: “Думка прэзыдэнта цэнтру “Экспэртыза” Марка Ўрнова”.
Урноў: “Для гэтага трэба, каб Лукашэнка пагадзіўся. А навошта яму гэта? Апынуцца ў ролі чалавека нумар 2 з сумнеўнай пэрспэктывай? Наўрад ці. Ціску грамадзкай думкі на яго ня будзе. Ён больш хутка і вельмі лёгка мабілізуе грамадзкую думку Беларусі, указаўшы на тое, што Расея з сваімі імпэрскімі амбіцыямі ў чарговы раз спрабуе нас зьесьці, паставіць на калені і пад воплескі большасьці беларусаў будзе супрацьстаяць нашаму ціску. А чым можа быць забясьпечаны ціск? Ізноў газам? Ну, адзін раз памахалі газавай трубой, другі раз памахалі, а на трэці раз гэта ўжо будзе проста сьмешна. Так што няма глебы”.
Дракахруст: “Старшыня расейскай Рады зьнешняй і абарончай палітыкі Сяргей Карганаў лічыць, што цяперашнія заляцаньні Лукашэнкі да Захаду не зьвязаныя наўпрост са стасункамі Беларусі з Расеяй”.
Караганаў: “Тупіковасьць эканамічнай палітыкі і палітычнага рэжыму ў Беларусі відавочная. Магчыма, і з Лукашэнкам адбылася пэўная трансфармацыя. Гэта першае, а другое – ён увесь час спрабуе , як і частка беларускай апазыцыі, гуляць "эўрапейскай картай", пагражаючы Расеі, што ён зблізіцца з Эўропай. Для нас збліжэньне ў тых межах, пра якія гаворыцца, пагрозай не зьяўляецца. Чым больш прыстойнай краінай будзе Беларусь, тым лепш для Расеі. Тое, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя, я лічу ганьбай для нашай саюзнай дзяржавы, якая фармальна існуе, і ганьбай для Расеі”.
Дракахруст: “А зараз пра сцэнар у пэўным сэнсе адваротны інтэграцыйнаму. Ня варта забываць, што да апошняга часу Дзьмітры Мядзьведзеў быў старшынём рады дырэктараў “Газпрому”, таго самага “Газпрому”, якім у Беларусі з некаторага часу, як той казаў, пужаюць малых дзяцей.
Дарэчы, на апошнім саміце СНД Уладзімір Пуцін, прадстаўляючы Мядзьведзева, падкрэсьліў, што той быў у пэўным сэнсе суаўтарам расейскай палітыкі на постсавецкай прасторы ў апошнія гады.
Дык ці ня можа здарыцца так, што прэзыдэнт Мядзьведзеў скажа: “Ніякага саюзу няма і ня будзе, ніякія вы, беларусы, нам не браты, а незалежная дзяржава, такая ж, як, скажам, Польшча ці Нямеччына. І плаціце нам за наш газ і нафту так, як павінна плаціць незалежная краіна. Братэрства адмяняецца – рахунак да аплаты”.
Ці магчымы такі паварот, контуры якога абазначыліся ў апошнія гады? Сяргей Маркаў нагадвае, што Мядзьведзеў быў усё ж не кіраўніком “Газпрому”, а дзяржаўным наглядчыкам за карпарацыяй”.
Маркаў:"Я лічу, што перавод адносінаў на цалкам рынкавыя рэйкі, як з Польшчай ці Нямеччынай, магчымы, але гэта было б паразай Расеі і паразай Беларусі. Ня трэба перабольшваць павялічэньне ролі "Газпрома" ў сувязі з прыходам Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ён старшыня рады дырэктараў "Газпрома", але апэратыўным кіраўніком "Газпрома" зьяўляецца Мілер, а стратэгічным кіраўніком – прэзыдэнт Расеі. Так што не кіраўнік "Газпрома" робіцца прэзыдэнтам".
Дракахруст: “Аляксандар Фадзееў мяркуе, што Беларусь можа спыніць рух да рынкавых цэнаў на энэрганосьбіты толькі істотнымі крокамі насустрач Расеі ў шэрагу накірункаў”.
Фадзееў: “Беларусь была папярэджаная, што праз пэўны час яна будзе вымушаная пераходзіць на рынкавыя цэны па энэрганосьбітах, якія імпартуюцца з Расеі. Беларусь тут ня будзе выключэньнем, пра гэта неаднаразова казаў дзейны прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Іншая справа, што Беларусі, у адрозьненьні ад іншых краін, быў дадзены пераходны пэрыяд. За гэты час Беларусь можа, і яна гэта робіць, перайсьці на энэргазьберагаючыя тэхналёгіі, шукаць шляхі пакупкі і транспартыроўкі энэрганосьбітаў зь іншых краін. Расея гэтаму перашкаджаць ня будзе.
Але пераход на рынкавыя ўмовы будзе адбывацца, праўда, за адным выключэньнем – калі Беларусь будзе рабіць Расеі саступкі палітычнага, ваенна-стратэгічнага кшталту. Тады магчымыя ільготныя пастаўкі, так робіцца ва ўсім сьвеце. Але Беларусь, гледзячы па ўсім, да гэтага не гатовая, і таму казаць пра гэта заўчасна”.
Дракахруст: “А на думку Леаніда Радзіхоўскага і без саступак з боку Менску 119 даляраў за тысячу кубамэтраў газу для Беларусі не ператворацца ў хуткім часе ў 300 даляраў, як для Польшчы”.
Радзіхоўскі: “Такі сцэнар малаімаверны. Гэтая розьніца не зьяўляецца крытычнай для "Газпрому" і для Расеі. Але яна зьяўляецца крытычнай для Беларусі. Калі ўвядуць гэтую высокую цану, то пачнуцца ўсе тыя радасьці, якія Расея мае з Украінай – перакрыцьцё трубы, зрыў паставак у Эўропу, скандал на скандале.
Другое – гэтая ідэя надзвычай непапулярная ў Расеі. Чамусьці расейская грамадзкая думка лічыць, што расейскі патрыёт – гэта той, хто паводзіць сябе, як абсалютны жлоб адносна ўсяго сьвету, але робіць дарагія падарункі Беларусі. Вось такая ў расейскай грамадзкай думцы моцная дамінанта. Падымаць цэны – раздражняць грамадзкую думку.
Трэцяе – гэта наносіць моцны ўдар па рэжыму Лукашэнкі. Ягонае эканамічнае працьвітаньне ці прывід працьвітаньня – за кошт рускай халявы. Ну ўявім сябе, што стане беларускаму народу зусім кепска жыць і абрынецца рэжым Лукашэнкі. І што за радасьць для Расеі? Лукашэнка – кепскі хлопец. На ягоным тле, якая б ні была расейская ўлада, яна ўсё роўна здаецца больш дэмакратычнай. Калі ён абрынецца, яна будзе самай недэмакратычнай ва ўсёй Эўропе, ня будзе шырокай сьпіны "бацькі", за якую можна схавацца.
Ці каштуе гэта ўсё тых некалькіх соцень мільёнаў даляраў, якія "Газпром" атрымае? Ну зразумела, не. Таму, я мяркую, што ня пойдзе на гэтую штуку Мядзьведзеў”.
Дракахруст: “Паводле Мікалая Пятрова, калі пераход на цалкам рынкавыя двухбаковыя адносіны не адбыўся пры Ельцыне і Пуціне, то справа не ў нежаданьні Крамля ажыцьцявіць гэты пераход”.
Пятроў: “Я думаю, што ў адносінах да Расеі, дзе прэзыдэнт Лукашэнка ўбачыць ужо трэцяга расейскага прэзыдэнта ў якасьці свайго партнэра і калегі, Беларусь знаходзіцца ў пэўным сэнсе ў выйгрышным стане. І калі ні ў Ельцына, ні ў Пуціна, які жорстка выступаў з такой пазыцыі ў шэрагу выпадкаў, гэта не атрымалася, то прычына не ў адсутнасьці жаданьня ці рашучасьці з боку расейскага лідэра, а ў комплексе тых праблем, якія робяць ня толькі Беларусь залежнай ад Расеі, але і ў пэўным сэнсе Расею залежнай ад Беларусі.
Мне здаецца, што радыкальныя зьмены тут немагчымыя, наадварот, можна меркаваць, што прэзыдэнт Мядзьведзеў, прынамсі напачатку, будзе менш спрактыкаваным і менш здольным да палітычнай гульні з прэзыдэнтам Лукашэнкам, чым гэта было ў выпадку з Пуціным”.
Дракахруст: “На думку Станіслава Бялкоўскага, рух да рынкавых цэнаў адбываецца, але Расея ня можа надта паскорыць гэты рух”.
Бялкоўскі: “Дэ факта гэта ўжо адбылося. Калі гэта не прысутнічае ў публічнай прасторы, дык толькі таму, што расейская эліта ня хоча сапсаваць свае пазыцыі, паколькі для расейскага народу міт аб беларуска-расейскім саюзе застаецца вельмі важным і будзе такім яшчэ доўга. І расейская эліта баіцца, што Лукашэнка будзе больш папулярны ў Расеі, чым наступны расейскі прэзыдэнт, што ня выключана. Я мяркую, што пры свабодных выбарах прэзыдэнта Расеі, пры вольным доступе да СМІ Лукашэнка перамог бы Мядзьведзева адной левай.
Што тычыцца газавага гандлю, то досьвед газавых войнаў апошніх гадоў, як расейска-беларускіх, гэтак і расейска-ўкраінскіх, паказаў, што Расея залежыць ад транзытных краін Беларусі і Ўкраіны ня менш, чым наадварот.
Таму Расея павінна ўлічваць плацёжаздольны попыт на газ і ня можа падымаць цэны вышэй за плацёжаздольны попыт. І газавы рычаг шмат у чым эфэмэрны, бо на вялікі тэрмін перакрыць заслонку "Газпром" ня можа, ён ня можа скараціць здабычу газа без кансэрвацыі радовішчаў, ён павінен ці адпраўляць газ праз трубу на экспарт, незалежна ад ўмоваў яго аплаты, ці спальваць. Другое наўрад ці магчыма.
Таму транзытныя краіны, такія, як Беларусь і Ўкраіна, таксама маюць рычагі ціску, якімі і будуць карыстацца, і пэрыядычныя "газпромаўскія" гістэрыкі будуць прыводзіць да нейкіх кампрамісных вынікаў: цана будзе вышэй, але яна ня будзе эўрапейскай”.