Прэсавы сакратар эўрапейскага і эўразійскага аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША Чэйз Бімэр паведаміў нашаму радыё: “Крэймэр хацеў бы прыехаць на пахаваньне Казулінай, але тэрміны вельмі кароткія і ёсьць тэхнічныя праблемы”. Ня выключана, што спадар Крэймэр можа не пасьпець атрымаць візу.
Гэты амэрыканскі дыплямат – адна з ключавых асобаў у фармаваньні палітыкі ЗША адносна Беларусі. Ён неаднаразова сустракаўся ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзкімі дзеячамі, у тым ліку і з Ірынай Казулінай. Летась ён вёў перамовы ў Менску зь беларускімі ўрадоўцамі аб магчымых шляхах паляпшэньня двухбаковых адносінаў, у прыватнасьці, аб вызваленьні палітычных вязьняў.