Жыхары Гомелю прыватным чынам езьдзяць у суседні Чарнігаў купляць вопратку, абутак, некаторыя электратавары.
Украінцы, скарыстоўваючы розьніцу ў коштах, вязуць на гомельскія рынкі празь мяжу найперш розны харч.
Гаворыць жыхарка ўкраінскага райцэнтра Шчорс, што на Чарнігаўшчыне:
“На мяжы, калі вязеш норму, дык ніхто не чапае. Паглядзяць — 5 кіляграмаў харчу, а ўжо мяшэчкі, пакецікі да ўвагі не бяруць”.
Зь Беларусі вязуць “расейскі тавар, аўсянку і сырочкі”
Аснову харчовага бізнэсу ўкраінскіх гандляроў на Гомельшчыне пералічвае жыхарка Чарнігава:
“Сала, мёд, грэцкія арэхі, цукеркі — тут у вас можна зарабіць грошы”.
Вязуць дробныя гандляры з Украіны ў Беларусь алей, знакамітыя кетчупы й маянэзы “Чумак”, вырабленыя ў мястэчку Кахоўка Хэрсонскай вобласьці. Гандлююць нават туалетнай паперай.
Распавядае ўкраінская гандлярка:
“У нас усё таньнейшае — прамысловыя вырабы, некаторыя прадукты харчаваньня. Цукеркі смачныя. Гарэлка таксама таньнейшая й вельмі якасная”.
Выручаныя грошы ўкраінцы, як правіла, мяняюць на цьвёрдую валюту альбо купляюць асобныя беларускія тавары, каб спажываць ці з выгадай прадаць у сябе дома:
“Я вам скажу, што мы сабе ад вас вязем — расейскі тавар, аўсянку вашую вязем і сырочкі”, — кажа ўкраінская грамадзянка.