Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальны беларус абвясьціў у ЗША новую акцыю


28–гадовы беларускі эмігрант у ЗША, мастак Бярдоўскі адзначыў гадавіну сваёй скандальнай славы. Год таму ён і ягоны сябар былі абвінавачаныя ў злосным парушэньні грамадзкага парадку ў Бостане.


Іх рэклямная кампанія паводле замовы маркетынгавай фірмы Turner Broadcasting – сьветавыя табло зь героямі папулярных мультыкаў – выклікала сапраўдны вэрхал у Бостане. Паліцыянты вырашылі, што ў горадзе рыхтуецца тэракт. У выніку быў паралізаваны транспартны рух, эвакуяваныя людзі. Нанесены гораду ўрон склаў звыш паўмільёна даляраў. Вэрдыкт суду аказаўся на дзіва мяккім – кароткатэрміновыя папраўчыя працы ў адным зь мясцовых шпіталёў. Адразу пасьля нядаўніх сьвяткаваньняў Пётра Бярдоўскі абвясьціў пра чарговую, ня менш ударную акцыю: “Дапаможам маёй маме!”

Паводле Бярдоўскага, ён ня бачыў сваю маму ўжо 11 год. 58– гадовая жанчына па– ранейшаму жыве непадалёк Горадні. І, нібыта, вельмі пакутуе ад жыцьця ў Беларусі. Летась Пётра зьбіраўся сустрэцца зь ёй ў Беластоку. Аднак яго авіяпадарожжа ў Польшчу было спыненае на паўдарозе – у швэйцарскім аэрапорце. Бярдоўскі ня ведаў, што, як эмігрант, ён мусіў мець адпаведную візу. Паводле Бярдоўскага, ён панёс вялікія фінансавыя страты, а таму вымушаны прадаць частку дарагога, набытага ў крэдыт, абсталяваньня з уласнай студыі. На пытаньне журналістаў, што будзе далей са студыяй, Бярдоўскі адказвае:

“ Добрае гэтае пытаньне – пра студыю.Я адчуваю, што ў мяне будзе ўсё добра. Але ж маёй маці – кепска. Над яе жыцьцём у Беларусі – пагроза. Мой брат і я хочам дапамагчы ёй пераехаць у суседнюю Польшчу. Таму я хачу абвясьціць пра збор сродкаў і стварэньне фундацыі. Гэта вельмі патрэбна.”

Як заявіў Пётра Бярдоўскі, ён будзе рады любым ахвяраваньням – грошам на квіток і на арэндную плату жыльля ў самыя першыя месяцы, ахвяраваньням у выглядзе мэблі, харчаваньня.

Бярдоўскі падлічыў, што дзеля ажыцьцяўленьня пляну па выратаваньні мамы, яму патрэбна прыблізна 500 тысячаў даляраў.

Першая акцыя збору сродкаў адмыслова прызначаная на 8–е сакавіка – міжнародны жаночы дзень. Яна адбудзецца ў адной з найбольш стыльных галерэяў Бостану.

Тыя, хто ведаюць беларускага мастака, не сумняюцца ў посьпеху яго новай справы. Як пішуць журналісты, Бярдоўскаму “шанцуе па жыцьці”. Трапіўшы ў 16 гадоў у ЗША у рамках вучнёўскіх абменаў, ён, тады яшчэ падлетак, здолеў знайсьці добрага адваката. З дапамогай гэтага чалавека атрымаў палітычны прытулак, пражыў у ягонай сям’і ў Арлінгтоне каля 9 год. Тут жа скончыў школу, а потым мастацкі каледж. Аднак, самае галоўнае – заняў сваю нішу ў галіне лічбавага відэамастацтва. Работы мастака выстаўляліся ў аўстрыйскай амбасадзе ў Вашынгтоне, а таксама ў Чыкага, на Алясцы, у мастацкім музэі ў Каліфорніі. За леташнюю рэклямную кампанію па ўстаноўцы ў Бостане сьветлавога табло з героямі папулярных мультыкаў некаторыя часопісы прызналі Бярдоўскага самым скандальным мастаком году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG