Сёньня ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today і расейскаму інфармацыйнаму агенцтву "РИА Новости" Аляксандар Лукашэнка выклаў сваю пазыцыю адносна абвяшчэньня Косавaм незалежнасьці . Ён абвінаваціў Расею ў тым, што яна ў свой час не прыйшла на дапамогу Югаславіі, менавіта таму, паводле Лукашэнкі, ні Расея, ні Беларусь ня могуць паўплываць на сытуацыю з Косавaм.
“Мы б’ем “па хвастах”, - сказаў кіраўнік Беларусі. - Тады трэба было абараняць Югаславію, Расеі тады не каштавала вялікіх высілкаў супрацьстаяць агрэсіі супраць брацкага народу”.
“Сёньня позна “песьні пець”, – сказаў Лукашэнка. - Працэс пачаўся даўно, Чарнагорыя сышла, іншыя рэспублікі сышлі, Заставалася Косава. Гэта працяг таго расколу”.
Кіраўнік Беларусі падтрымаў пазыцыю Расеі ў косаўскай праблеме, а наконт пазыцыі Эўразьвязу сказаў, што “Эўропа паводзіць сябе ў гэтым пляне, я ўжо не кажу пра амэрыканцаў, несалідна ў нашым эўрапейскім доме”.