Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот. Блог Віталя Рымашэўскага

Sorry! No content for 21 лістапад. See content from before

пятніца 14 верасень 2012

З нагоды таго, ці падтрымліваюць беларусы ідэю байкоту, і палітыкамі, і аналітыкамі самых розных кірункаў і арыентацый за гэты час сказана так шмат, што ствараецца ўражаньне, быццам выказаўся ўвесь беларускі народ у асобе сваіх лепшых прадстаўнікоў. Згодна са старымі савецкімі традыцыямі, лепшыя прадстаўнікі, безумоўна, ведаюць, да чаго імкнуцца і каго падтрымліваюць простыя грамадзяне, лепш за саміх грамадзян. Як апазыцыя, так і ўлада ведае ня толькі, чаго жадаюць простыя выбаршчыкі, але гэтак жа – і чаго яны павінны жадаць. З гэтай прычыны тое, што меркаваньне саміх грамадзянаў – ці то ўдзельнікаў мітынгаў, ці то карыстальнікаў сацыяльных сетак – не бярэцца ў разьлік, – рэч цалкам вытлумачальная...

Скажу толькі, што калі чытаеш у інтэрнэце апавяданьні «ідучых на выбары» пра тое, як падтрымліваюць людзі іх жаданьне паўдзельнічаць у выбарах, складаецца ўражаньне, што мы жывем у розных краінах з розным народам, размаўляем на пікетах з рознымі людзьмі. Хлусяць гэтыя людзі або проста бачаць сьвет па-іншаму – судзіць не бяруся.

Лічу неабходным зьвярнуць увагу на іншую тэму, якая нязьменна суправаджае палітычныя кампаніі, – адзінства апазыцыі. Апошнім часам модна стала казаць пра тое, як палка ўсе гэтага адзінства жадаюць і як розныя стратэгіі ды амбіцыі гэтаму замінаюць.

Варта нагадаць пра вынікі апошняй спробы апазыцыйнага яднаньня.

2 лютага 2012 году рух «За свабоду», «Гавары праўду», БСДП (Грамада) ды БНФ падпісалі дэклярацыю «Аб грамадзкай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазыцыі ў «выбарах-2012». У ёй, у прыватнасьці, заяўлялася:

«Дэмакратычныя кандыдаты ня могуць заставацца ў бюлетэнях для галасаваньня ў той час, як у краіне існуюць палітычныя зьняволеныя». «Мы патрабуем ад беларускіх уладаў іх як найхутчэйшага вызваленьня. Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі зьняць свае кандыдатуры пасьля выкарыстаньня ўсіх магчымасьцяў агітацыйнай кампаніі, за тыдзень да пачатку датэрміновага галасаваньня, у выпадку, калі да гэтага часу ўсе 15 палітвязьняў ня будуць вызваленыя або ў краіне зьявяцца новыя палітвязьні».

У камэнтарах да дакумэнту таксама адзначалася, што «немагчыма, каб імёны людзей, якія асацыююцца з нашымі арганізацыямі, заставаліся ў бюлетэнях для галасаваньня ў тым выпадку, калі ў краіне будуць палітычныя зьняволеныя». Таму: «вышэйзгаданыя палітычныя сілы публічна бяруць на сябе абавязаньне зьняць усіх кандыдатаў у абумоўлены ў дакумэнце тэрмін, калі да гэтага моманту палітычныя зьняволеныя ня будуць вызваленыя або ў краіне зьявяцца новыя палітычныя зьняволеныя».

«Адсутнасьць у краіне палітычных зьняволеных зьяўляецца сёньня нашым галоўным патрабаваньнем да ўлады. Астатнія патрабаваньні былі сфармуляваныя ў раней падпісаных дакумэнтах кааліцыі»…

Ня ведаю, ці выканалі, на думку падпісантаў, улады іхныя іншыя патрабаваньні, але палітвязьні да гэтага часу застаюцца ў вязьніцах, ва ўсё болей жахлівых умовах. Дадатковы год зьняволеньня атрымаў Зьміцер Дашкевіч. Месяц карцэру для Яўгена Васьковіча…

У адказ на гэта, за тыдзень да «выбараў», – новыя мерапрыемствы падпісантаў дэклярацыі ў падтрымку вылучаных кандыдатаў.

З чатырох падпісантаў толькі БНФ заявіў пра МАГЧЫМАСЬЦЬ выкананьня прадэкляраванага.

Дык дзеля чаго патрэбна ствараць такія кааліцыі і агучваць падобныя дэклярацыі?

Галоўная перашкода ў сумеснай працы розных дэмакратычных сілаў Беларусі – ня рознасьць стратэгій і тактык ды ўласныя амбіцыі. Гэта істотныя, але другасныя праблемы. Галоўнае – адсутнасьць элемэнтарнай здольнасьці трымаць сваё слова, безь якой немагчымая супраца ні ў палітыцы, ні ў звычайным жыцьці.

Момант ісьціны

Пра маючыя адбыцца "выбары", здацца, усё ўжо сказана і ўсё ўсім зразумела. Выказаліся апазыцыйныя палітыкі, выказаліся прадстаўнікі рэжыму.

Былыя палітвязьні распавялі, як ім настойліва прапаноўвалі ўзяць удзел у "выбарах". Нарэшце і Лукашэнка пахваліў апазыцыянэраў, што ўдзельнічаюць у выбарах "да канца", і залічыў да "5-й калёны" ўсіх іншых. Выявілі сваю пазыцыю апазыцыйныя СМІ ды іх рэдактары.

Выказалася і беларускае грамадзтва – праз інтэрнэт, на мітынгах, пры сустрэчах на пікетах. Таксама і прапановы наконт магчымага дзеяньня зразумелыя і выказаныя даўно: усе ахвочыя могуць далучыцца да байкотных пікетаў і акцыяў альбо дапамагаць мабілізоўваць электарат на выбары.

Зараз зьвяртаюся да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі. Да тых, хто не заангажаваны ў палітыку, хто нічога не атрымлівае ад перамогі той ці іншай апазыцыйнай палітычнай групоўкі. Ведаю, вы прагнеце свабоды і справядлівасьці, вы выступаеце супраць улады і расчараваныя ў апазыцыі. Вам падаецца, што беларускія ўмовы палітычнага жыцьця складаныя і зрабіць амаль нічога немагчыма. За апошнія 15 год з кожным новым наступам рэжыму на свабоду і дэмакратыю ў краіне многім здавалася, што гэта апошні жахлівы крок, што рабіць ужо нічога не магчыма і горш ужо ня будзе. Але час ішоў – улады ішлі на новыя парушэньні закону, умовы палітычнага жыцьця яшчэ болей пагаршаліся. І, насуперак абставінам, заўжды зьяўляліся людзі, што знаходзілі магчымасьць супраціву, дзеяньня. Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец, сотні, тысячы беларусаў далучаліся да супрацьстаяньня рэжыму. Дзякуючы ім Беларусь яшчэ захавала рэшту незалежнасьці, а беларусы – рэшту свабоды і магчымасьці дзеяньня.

І падчас гэтай "выбарчай" кампаніі такая магчымасьць ёсьць. Рэжыму трэба паказаць сваю "дэмакратычнасьць" перад міжнароднымі назіральнікамі – і, скрыгочучы зубамі, байкотныя пікеты не забараняюць, магчыма легальна агітаваць за байкот. Гэтая магчымасьць існуе ня дзякуючы ўладам, а дзякуючы мужнай пазыцыі вязьняў, усіх тых, хто за гэтыя гады не скарыўся і змагаўся за нашую з вамі свабоду.

Стаць назіральнікам і падлічыць сапраўдную яўку, 2–3 гадзіны паразмаўляць зь людзьмі на пікеце, распавядаючы пра падман на выбарах і заклікаючы да байкоту, распаўсюдзіць некалькі соцень агітацыйных улётак – зусім не складаныя дзеяньні, якія можна рабіць сёньня легальна. Пасьля 23 верасьня – такой магчымасьці можа болей ня быць.

Скарыстайма гэтую магчымасьць! Для кожнага надышоў час адказаць сабе на пытаньне: што я зрабіў сёньня, каб гэты рэжым сышоў?

Апошняе слова ў гэтай кампаніі будзе сказанае падчас "галасаваньня". Беларусы выкажуць сваё стаўленьне да ўлады. На гэты раз – сваім удзелам альбо няўдзелам у прапанаванай уладамі "гульні ў дэмакратыю". Гэта і стане своеасаблівым "момантам ісьціны" і для ўлады, і для апазыцыі, для кожнага грамадзяніна Беларусі.

Далучайцеся! Сёньня будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас!

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG