Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У багажніку знайшлі труп з прастрэленай галавой. Абставіны высьвятляюцца


Будынак сьледчага камітэту
Будынак сьледчага камітэту

У Сьледчым камітэце не камэнтуюць зьвесткі пра асобу чалавека, чыё цела было знойдзенае ў багажніку аўтамабіля ў ноч на 18 лютага ў Менску. Паводле інфармацыі, распаўсюджанай у інтэрнэце, гэта — дырэктар аднаго зь дзяржаўных прадпрыемстваў Менску.

Зьвесткі пра тое, што забіты, чыё цела было знойдзена ў багажніку аўтамабіля — дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства, у Сьледчым камітэце не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць.

«Мы ня можам камэнтаваць чуткі, інфармацыя пакуль толькі тая, якая ёсьць на нашым сайце», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч увечары 19 лютага.

Раней Сьледчы камітэт зьмясьціў на сваім сайце зьвесткі пра тое, што «ў аўтамабілі на тэрыторыі Маскоўскага раёну Менску быў знойдзены труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці», а таксама — што «вядуцца неабходныя сьледчыя дзеяньні, асоба загінулага высьвятляецца».

Паводле сьведак зь месца здарэньня, якія сябе не называюць, у мужчыны была прастрэленая галава. Гэтую акалічнасьць Сяргей Кабаковіч таксама не пацьвердзіў, але і не абверг.

Якія гучныя забойствы варта прыгадаць у сувязі з гэтай трагедыяй?

Бадай што самым гучным забойствам у часы незалежнай Беларусі варта лічыць забойства ў 1993 годзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Арцымені.

«У нядзелю ўвечары 20 верасьня 1993 году Дзьмітры Арцыменя быў забіты стрэлам у сэрца на ганку свайго дома ў Гродне па вуліцы Астроўскага. Забойства, якое так і не было раскрыта», — паведамляе пра забойства Арцымені Вікіпэдыя.

Таксама вельмі рэзанансным стала забойства 6 кастрычніка 1997 году ў Магілёве старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці Яўгена Мікалуцкага, якога Лукашэнка называў сваім паплечнікам. Кантралёра забілі праз дыстанцыйнае выбуховае прыстасаваньне.

У тым жа месяцы Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 21 «Аб неадкладных захадах па барацьбе з тэрарызмам», пасьля якога арыштавалі міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Старавойтава. Прадстаўнікі праваахоўных органаў заяўлялі, што тыя нібыта мелі дачыненьне да арганізацыі забойства Мікалуцкага, але на судовых працэсах над Васілём Лявонавым і Васілём Старавойтавым гэта не пацьвердзілася. Васіль Старавойтаў пасьля вызваленьня з калёніі казаў, што абвінавачваньне ў датычнасьці да сьмерці Мікалуцкага спатрэбілася ўладам, каб скампрамэтаваць яго ў вачах грамадзкасьці.

У выніку амаль праз два гады Вярхоўны суд Беларусі абвінаваціў у забойстве Мікалуцкага трох жыхароў Магілёва, якія так і не прызналі сваёй віны. У справе таксама фігураваў як арганізатар злачынства былы супрацоўнік КДБ Валер Ткачоў. Да суду ён не дажыў — у сьнежні 1997 году яго знайшлі ў камэры павешаным. Шмат хто ў Беларусі дагэтуль лічыць, што сапраўдных забойцаў Яўгена Мікалуцкага не знайшлі, бо яны былі зьвязаныя з уладнымі коламі.

З шэрагу злачынстваў супроць вядомых беларускіх бізнэсоўцаў варта вылучыць забойства ў 1993 годзе старшыні праўленьня «Белбізнэсбанку» Аляксандра Лісьнічука. Найманы забойца пацэліў у банкіра са снайпэрскай вінтоўкі ў той момант, калі той выходзіў з офіса ў двары дому на цяперашнім праспэкце Пераможцаў, тады праспэкце Машэрава. Толькі ў 2004 годзе стала вядома, што Лісьнічука забіў кілер з гэтак званай «кінгісэпскай групоўкі», якая дзейнічала ў Расеі.

У 1995 годзе быў забіты старшыня праўленьня «Беларускага мэдыцынскага банку» Ўладзімер Валадзько. Яго прымусілі падпісаць патрэбныя паперы, пасьля чаго задушылі поліэтыленавым пакункам, перанесьлі цела ў дыване ў аўтамабіль і схавалі ў лесе пад Менскам. Праз два гады за ўдзел у выкраданьні і забойстве банкіра былі асуджаныя чатыры чалавекі, у тым ліку ўладальнік фірмы «Тарно» Пракушэнкаў, які і арганізаваў забойства. Яшчэ праз два гады быў асуджаны яшчэ адзін саўдзельнік злачынства, але дагэтуль недзе хаваецца апошні з абвінавачаных, былы студэнт Акадэміі фізычнага выхаваньня Дворкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG