Сьцісла:
- Часам думаюць, што ў загадным ладзе можна зьвярнуцца толькі ў другой асобе (да „цябе“ і „вас“): Сядай! Сядайце!
- Гэта ўплыў расейскай граматыкі, дзе асобныя рэгулярныя формы „повелительного наклонения“ ёсьць толькі ў 2-й асобе: Ты садись, вы садитесь.
- Дарэчы, у расейскамоўных юрыстаў ёсьць прымха: яны ня скажуць „садитесь“, а толькі „присаживайтесь“. У беларускай мове такой двухсэнсоўнасьці няма, бо скажам не „садзіцеся“, а сядайце. І сядайма.
- Сядайма, ежма, сьвяткуйма — беларускія формы 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу. Гэта зварот да „нас“ — так скажа гаспадар і гасьцям, і самому сабе.
- Утвараюцца ад формаў 2-й асобы адзіночнага ліку: сядай — сядайма, еж — ежма, а таксама пі — пійма, лі — лійма.
- Хадзем — гэта прапанова ісьці разам. А „Будзьма!“ — найкарацейшы беларускі тост.
Калі ідзе чарада сьвятаў, то камусьці даводзіцца даваць бяседныя загады. Найперш запрасіць за стол сямейнікаў, і гасьцей, і самога гаспадара, што аддае каманду. Гаспадар кажа: Сядайма! І за стол сядаюць усе, разам зь ім.
Што за дзіўная граматычная форма — сядайма?
Відавочна, гэта загад ці просьба. Значыць, дзеяслоў загаднага ладу. Прычым першай асобы — „мы“.
Праўда, многія думаюць, што ў загадным ладзе можна зьвярнуцца толькі ў другой асобе (нагадаю: 2-я асоба — гэта „ты“ і „вы“). Напрыклад, да цябе: Сядай! Да вас: Сядайце!
Прычына — уплыў расейскай граматыкі. Там асобныя рэгулярныя формы „повелительногонаклонения“ ёсьць толькі ў 2-й асобе: Ты садись, вы садитесь. Спэцыяльных формаў для першай асобы няма. Да „нас“ зьвярнуцца з просьбай ці загадам могуць або абвесным ладам з адпаведнай інтанацыяй: „Садимся!“, або апісальна, накшталт „вы садитесь, и я присоединюсь“.
Сядзем усе ©
Да месца будзе нагадаць, што ў расейскамоўных юрыстаў ёсьць прымха, якая вынікае з спэцыфікі расейскае мовы. Яны скажуць толькі „присаживайтесь“, бо „садить“, „садиться“ азначае вядома куды.
У беларускай жа мове такой двухсэнсоўнасьці загаднага ладу няма. То бо садзіць садзяць — туды ж, куды і ў Расеі. А гасьцям мы скажам не „садзіцеся“, а сядайце, сядайма.
І адзін зь лірычных герояў „Народнага альбому“, прыдуманы Міхалам Анемпадыставым міжваенны ракаўскі настаўнік Рагойша, які вынайшаў машыну часу і пужае гэві-мэталічнай музыкай 1970-х цікаўных падлеткаў, запрашае іх тагасьветна-гіпнатычным голасам (Лявона Вольскага):
І вось адчыняюцца дзьверы ў хаце,
І кажа Рагойша: «Заходзьце, сядайце!..»
Ежма!
Што ж, усе паселі за сьвяточны стол. Гаспадар або маршáлак (συμποσίαρχος[symposíarchos] у старажытнай Грэцыі, თამადა [tamada] у Грузіі) кажа:
— Ежце, госьцікі дарагія!
Ежце (вымаўляецца [есьце]) — загадны лад, другая асоба: „вы“.
А калі маршалак ня хоча абмінуць і сябе? Вось тут і патрэбныя формы 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу („мы“): Ежма, пійма!
Утварайма правільна
Як утвараюцца гэтыя спрадвечныя беларускія формы?
1. Глядзім на адзіночны лік — загадваем „табе“: Сядай! Чакай! Еж!
2. Тады — „вам“: Сядай-це! Чакай-це! Еж-це!
3. І ўрэшце ўсім нам: Сядай-ма! Чакай-ма! Еж-ма!
Асаблівыя формы — ад піць, ліць, біць, віць: піце, ліце! — пійма, лійма!
Гэй, ў добры час,
Пійма дружней!
Гульнем хоць раз! —
Хто можа, пей!
Хай госьце радасьць і ў нас.
Засядзьма ў рад. Пійма дружней. Гэта Купалаў верш „Бяседа“, што значыць ‘застольле’. Дарэчы, не без пародыі на пралетарскія завядзёнкі. Увага: слова „пей“ — загадны лад ад „пець“, ня „піць“!
Замест двубою за дзяўчыну — хадзéм на ворага!
Але і ў высокім, напрыклад богаслужбовым, стылі формы на -ма таксама бытуюць:
Калі памёршыя не ўваскрасаюць — дык ежма і пійма, бо заўтра памром. (Першы ліст да Карынтыянаў, пераклад а. Уладзіслава Чарняўскага)
Браніслаў Тарашкевіч шчодра паўкладаў такія формы ў вусны пэрсанажаў Міцкевічавага „Пана Тадэвуша“. Вось ягоны пераклад моманту, калі Граф прапаноўвае суперніку ў змаганьні за дзявочае сэрца Тадэвушу замест двубою высьветліць першынство ў вайне з чужынцам:
Пакінуўшы сэрцаў сваіх дарагія прадметы,
абодва хадзéма на пікі, мячы і штылеты;
спаборымся сталасьцю міжы сабой і тугою,
а ворагаў нашых дасьцíгуйма мужнай рукою.
Хадзéм — цалкам літаратурная і заканамерная форма 1-й асобы загаднага ладу. У Тарашкевічавай граматыцы варыянт — хадзéма. Таксама пішэ́м, пяем. Калі мы сочым за небам — гэта канстатацыя факту. А заклікаць (напрыклад, сямейнікаў) трэба так: Сачэм першую калядную зорку! Няможна яе прапусьціць! Гэта зварот да “нас” у множным ліку.
У нашых усходніх суседзяў падобных формаў няма. Расейскае ветлівае „вернёмтесь“, „идёмте“ — усё ж адрасуецца найперш „вам“, і ўжо да „вас“ далучаюся „я“. Успрымаецца або як архаічнае, або як афіцыйна-пагрозьлівае: пройдёмте.
Засьпявайма і будзьма
У нашых паўднёвых суседзяў бытуюць падобныя формы загаднага ладу, іх ніколі не выкрэсьлівалі з нарматыўных граматык.
Іншы варыянт гэтай стралецкай песьні яшчэ больш баявы: Заспіваймо пісні, товариші мої / На журбу ворогам, на радість Вітчизні.
Падобна зьвернемся і мы. Вось і маем набор-мінімум дзеяслоўных загадаў для застольнага маршалка: сядайма, ежма, пійма, радуймася ды сьпявайма. І спадзяваймася, што налецьце прынясе доўгачаканую свабоду.
Найкарацейшы беларускі народны тост дасьледнікі фіксавалі ў палявых экспэдыцыях яшчэ ў 1977 годзе, на Коласавай Стаўпеччыне. Ён гэтаксама ў загадным ладзе, зьвернутым да ўсіх нас: Будзьма здаровенькі! — Будзьма!