Каля амбасады Беларусі ў Вільні актывісты Літоўскай хрысьціянскай партыі і іхныя аднадумцы распачалі збор подпісаў за законапраект супраць закупак у Беларусі электрычнасьці і экспарту беларускай электрычнасьці празь Літву, піша 15min.lt.
Такім чынам літоўцы выказваюць пратэст супраць БелАЭС — старшыня Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў і сябра Эўрапарлямэнту Габрыэліс Ландсбэргіс нагадвае, што праект АЭС ня быў узгоднены зь Літвой, а згода суседзяў у патэнцыйна небясьпечнай зоне ёсьць абавязковай умовай ААН. Ён тлумачыць: законапраект не падаюць наўпрост праз групу ў Сэйме, а спачатку зьбіраюць за яго подпісы, каб паказаць, што гэта шырокая грамадзянская кампанія.
«Нельга быць у бясьпецы, калі расейскі атам пад літоўскай мяжой», — дадае Ландсбэргіс на Facebook, заклікаючы спыніць «Астравецкага монстра».
Актывісты ўсталявалі перад беларускай амбасадай макет АЭС. Лукашэнку ж яны прапануюць усталяваць сапраўдную АЭС у іншым месцы — напрыклад, у Магілёўскай вобласьці.