Як зьмяніўся статус расейскай мовы ў краінах былога СССР

15 траўня 2019 году
Тацяна Ярмашчук

Прэзыдэнт Украіны падпісаў закон, які робіць украінскую адзінай дзяржаўнай мовай. У той жа час інтэлігенцыя Узбэкістану заклікала надаць дзяржаўны статус у іх краіне расейскай мове.

Прадстаўнікі ўлады ва Ўзбэкістане ўжо рэзка адрэагавалі на прапанову інтэлігенцыі. Прэм'ер-міністар заявіў, што хай яго «стукнуць і апусьцяць – ён гэта выцерпіць, але калі родная мова, ён ня можа глядзець спакойна». Міністар народнай адукацыі адзначыў, што трэба вучыцца любіць сваю культуру і мову, і толькі тады можна чакаць разьвіцьця ў іншым. А рэктар унівэрсытэту журналістыкі сказаў, што «адышоў той час, адышлі саветы і сумаваць па Савецкім Саюзе ня трэба».

Настоящее Время з дапамогай інтэрактыўнай мапы паказвае, які цяпер статус расейскай мовы ў краінах на месцы былога Савецкага Саюзу.

Дзяржаўная мова - прадугледжаная законам краіны мова, які выкарыстоўваецца ў заканадаўстве, справаводзтве і судаводзтве і якая мае статус дзяржаўнага сымбалю, падобна як герб, сьцяг, гімн.

Афіцыйная мова выкарыстоўваецца ў дзяржаўнай сфэры, але яе статус можа быць не замацаваны прававымі нормамі.

Мова міжнацыянальных зносінаў - мова, якая выкарыстоўваецца як сродак зносін прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцяў ў межах адной краіны. Такі ж статус у расейскай мовы быў і ў былым СССР.


Азэрбайджан

У расейскай мовы няма асаблівага статусу, дзяржаўная – азэрбайджанская. Але ў краіне функцыянуе больш за 300 школ з навучаньнем на расейскай мове. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, каля 70% дысцыплін у ВНУ выкладаецца па-расейску.

Армэнія

У расейскай мовы няма асаблівага статусу. Дзяржаўная мова – армянская. Выкладаньне ў школах і ВНУ вядзецца на армянскай.

Беларусь

Расейская мова – адна зь дзьвюх дзяржаўных разам з беларускай. Расейская займае дамінантнае становішча ў краіне, у тым ліку ў сыстэме адукацыі.

Грузія

У расейскай мовы няма асаблівага статусу. Дзяржаўная мова – грузінская. Выкладаньне ў школах і ВНУ вядзецца на грузінскай за выключэньнем сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі. У непрызнанай самаабвешчанай Абхазіі расейская мова разам з абхаскай прызнаецца афіцыйнай. У таксама непрызнанай і самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі расейская і асэтынская мовы лічацца дзяржаўнымі.

Казахстан

Дзяржаўная – казаская. Расейская – афіцыйная. У дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіраваньня нароўні з казаскай афіцыйна ўжываецца расейская.

Кіргізстан

Расейская мова – афіцыйная. Кіргіская – дзяржаўная. Дакумэнты і абслугоўваньне ў гарадах часта вядуцца па-расейску.

Латвія

У расейскай мовы няма афіцыйнага статусу. Латыская - дзяржаўная. У 2018 годзе быў прыняты закон, згодна зь якім пасьля 2021 году ва ўсіх сярэдніх школах выкладаньне павінна весьціся на латыскай мове. Цяпер на расейскай вядзецца выкладаньне ў шэрагу недзяржаўных школ.

Літва

У расейскай мовы няма афіцыйнага статусу. Дзяржаўная – літоўская. У спэцыяльных расейскіх клясах у літоўскіх школах сярэднюю адукацыю атрымліваюць 4% усіх вучняў. У літоўскіх школах расейскую мову вывучаюць як адну з замежных.

Малдова

У расейскай мовы няма афіцыйнага статусу. Але ў Гагаузіі (аўтаномія ў складзе Малдовы) расейская выкарыстоўваецца нароўні з гагаускай і румынскай у якасьці мовы ліставаньня з органамі ўлады. А ў непрызнаным Прыднястроўі афіцыйны статус маюць расейская, „малдаўская“ (румынская) і ўкраінская.

Расея

Дзяржаўная мова – расейская. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад РФ, могуць узаконьваць свае дзяржаўныя мовы, якія ўжываюцца разам з расейскай.

Таджыкістан

Расейская - мова міжнацыянальных зносін. Пры гэтым дзяржаўная - таджыцкая. У 2009 годзе тут быў прыняты закон, згодна зь якім зьвяртацца ў дзяржаўныя органы можна толькі на дзяржаўнай мове. Да гэтага прымалі звароты і на расейскай.

Туркмэністан

Дзяржаўная – туркмэнская. У Туркмэністане працуе адна школа з выкладаньнем па-расейску, а таксама ёсьць расейскія клясы ў школах Ашгабаду і ў абласных цэнтрах.

Узбэкістан

У расейскай мовы няма афіцыйнага статусу. Узбэцкая мова тут – дзяржаўная нароўні з каракалпацкай. Але тут больш за 900 школ, дзе навучаньне вядзецца па-расейску. Таксама ёсьць расейскамоўныя катэдры ў ВНУ і расейскамоўныя дзіцячыя садкі. У 34 дзяржаўных арганізацыях дакумэнтацыя вядзецца на расейскай нароўні з узбэцкаю.

Украіна

У расейскай мовы няма вызначанага законам статусу. Дзяржаўная мова – украінская. На ёй абавязковае выкладаньне ў ВНУ і старэйшых клясах (пачынаючы з пятай) дзяржаўных школ. У побыце расейскую мову выкарыстоўвае значная частка жыхароў усходніх і паўднёвых абласьцей Украіны, уключаючы непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі на Данбасе, а таксама анэксаванага Расеяй Крыму.

Эстонія

Статус расейскай мовы не пазначаны. Дзяржаўная - эстонская. У Эстоніі працуюць больш за 70 школ з частковым навучаньнем на расейскай мове. Але суадносіны прадметаў на эстонскай і расейскай павінны быць 60 і 40 працэнтаў адпаведна.