Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атакі ў Крыме працягваюцца. Стужка апошніх сутак, фота, відэа

Кіраўнік НАТО заклікаў Расею вывесьці войскі. Пуцін пагадзіўся на «кантактную групу» па Ўкраіне.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ
05:53 3.3.2014
Кітай падтрымаў цэласнасьць Украіны

Кітай паважае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, заявіў у нядзелю ў Пэкіне прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая. Кітай «здаўна прытрымліваецца прынцыпу неўмяшаньня ва ўнутраныя справы», заявіў Цынь Ган, камэнтуючы журналістам сытуацыю ва Ўкраіне.

Кітай занепакоены гэтым становішчам і заклікае датычных да палітычнага вырашэньня рознагалосьсяў шляхам дыялёгу і перамоў на аснове захаваньня міжнароднага права і нормаў міжнародных адносін для забесьпячэньня міру і стабільнасьці ў рэгіёне, прывяло словы прадстаўніка МЗС кітайскае агенцтва «Сіньхуа». Па словах прадстаўніка МЗС КНР, Кітай працягвае ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзей ва Ўкраіне.

У той жа час, як вынікае з паведамленьня, ён ня стаў і наўпрост вінаваціць Расею ў парушэньні міжнароднага права яе вайскоўцам уварваньнем ва Ўкраіну, як зрабіла шэраг іншых дзяржаў сьвету.
06:02 3.3.2014
Намесьнік Генэральнага сакратара ААН едзе ва Ўкраіну

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун накіраваў ва Ўкраіну свайго намесьніка Яна Эліясана па выніках кансультацый у Радзе бясьпекі і ў сувязі з разьвіцьцём становішча ва Ўкраіне, заявіла ў нядзелю ў Нью-Ёрку прэс-сакратар кіраўніка ААН. Паводле гэтага паведамленьня, Эліясан накіроўваецца ва Ўкраіну ўжо вечарам у нядзелю па амэрыканскім часе. Ва Украіне намесьнік генэральнага сакратара ААН асабіста ацэніць становішча на месцы і затым паведаміць генсакратару пра тое, якія далейшыя крокі можа зрабіць ААН для разрадкі сытуацыі, гаворыцца ў паведамленьні.
06:19 3.3.2014
Расейцы захапілі зброю ва ўкраінскай частцы ў Бельбеку

Пры гэтым акупацыйныя войскі ў Крыме ўжывалі сьветлашумавые гранаты. Украінскія войскі выконваюць загад да стрыманасьці. Расейскія вайскоўцы, выкарыстоўваючы светлашумавыя гранаты, захапілі амаль усе будынкі ўкраінскай ваеннай часткі 4515 у Бельбеку. Пра гэта «Украінскай праўдзе» распавёў салдат роты аховы часткі 4515 Раман Берагавы:

«Расейцы прыехалі сюды тры дні таму. Спачатку яны занялі будынак, дзе заля абслугоўваньня дэлегацый, куды прыляталі Януковіч і іншыя. На наступны дзень занялі памяшканьне, дзе нашы самалёты стаялі, потым атачылі варту. Сёньня расейцы штурмавалі каравул, кідалі сьветлашумавые гранаты. Спачатку сказалі здаваць зброю. Караул адмовіўся. А вечарам сталі закідваць сьветлашумавыя гранаты. Мы не адказвалі, таму што загаду зьверху няма. Яны забралі зброю. У нас не было загаду ўступаць у бой. Мы не адказвалі на правакацыі. Здалі каравул, здалі склады. Па стане на гэты момант яны занялі амаль усю частку. Застаўся толькі адміністрацыйны будынак і сьцяг. Вось мы іх зараз ахоўваем. Занялі абарону», — сказаў ён.

Пры гэтым Берагавы падкрэсьліў, што камандзір часткі і ўся частка гатовыя змагацца.
06:43 3.3.2014
Украінская пракуратура скасавала сэпаратысцкія рашэньні ў Крыме

Калегія Генэральнай пракуратуры Ўкраіны нагадала ў нядзелю вайскоўцам Узброеных сіл, што яны прысягалі на вернасьць ўкраінскаму народу, такім чынам выкананьне імі патрабаваньняў па здачы зброі, пакіданьне ваеннай тэхнікі і месцаў дыслякацыі будзе расцэньвацца як дзяржаўная здрада з адпаведнымі прававымі наступствамі.

У звароце таксама нагадваецца аб незаконнасьці шэрагу дзеяньняў і рашэньняў па захопу і спыненьні дзейнасьці канстытуцыйных органаў улады, а таксама спробы неправамерна падпарадкаваць падразьдзяленьні праваахоўных органаў Украіны мясцовай улады або стварэньне так званых мясцовых праваахоўных органаў. Генэральная пракуратура Ўкраіны, у прыватнасьці, ужо падала ў адміністрацыйны суд пазоў аб адмене шэрагу рашэньняў, прынятых 27 лютага Вярхоўнай Радай Крыму, у прыватнасьці, аб выказваньні недаверу Радзе міністраў Крыма, спыненьне яе дзейнасьці, прызначэньне Сяргея Аксёнава на пасаду кіраўніка крымскага ўрада, а таксама аб арганізацыі і правядзеньні рэспубліканскага (мясцовага) рэфэрэндуму па пытаньнях удасканаленьня статусу і паўнамоцтваў крымскай аўтаноміі.
07:38 3.3.2014
Абама і Кэмэран папярэдзілі Маскву аб «значных стратах» з-за дзеяньняў у Крыме

У тэлефоннай размове прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран назвалі непрымальнымі дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны на тэрыторыі Крыму. Абама і Кэмэран папярэдзілі Маскву аб «значных стратах» ў выпадку, калі Расея ў бліжэйшыя гадзіны ня выведзе свае войскі з тэрыторыі Крыму.

«Яны пагадзіліся, што дзеяньні Расіі абсалютна непрымальныя. Яны таксама дамовіліся, што для дээскаляцыі канфлікту патрэбен непасрэдны дыялёг паміж Украінай і Расеяй », — піша прэс-сакратар Даўнінг-стрыт.
XS
SM
MD
LG