Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць «забойцу з бэнзапілой» за напад на ахоўніка ў турме. Пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне


Уладзіслаў Казакевіч, архіўнае фота
Уладзіслаў Казакевіч, архіўнае фота

Магілёўскі абласны суд а 10-й гадзіне мае пачаць разгляд крымінальнай справы супраць Уладзіслава Казакевіча, раней асуджанага на 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму за напад на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Эўропа» ў Менску і забойства чалавека. Цяпер яго вінавацяць у злачынствах, учыненых у Шклоўскай папраўчай калёніі № 17.

Бацькі хочуць паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы Казакевіча

Бацькі абвінавачанага настойваюць, што сын псыхічна хворы і мае ўтрымліваецца ў адмысловай мэдычнай установе. Сьцьвярджаюць, што суд па першай справе і адміністрацыя папраўчых устаноў не ўлічылі стан яго здароўя. Яны дамагаюцца паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы.

Казакевічу пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне

12 кастрычніка 2017 году Ўладзіслаў Казакевіч параніў самаробным нажом аднаго з кантралёраў Шклоўскай калёніі. Яму інкрымінавана прыгатаваньне да забойства, замах на забойства двух асобаў, у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі службовай дзейнасьці і замах на прадстаўніка адміністрацыіі папраўчай установы. Максымальнае пакараньне, якое пагражае Казакевічу, — пажыцьцёвае зьняволеньне.

Магілёўскі абласны суд, у якім будуць разглядаць справу Казакевіча, архіўнае фота
Магілёўскі абласны суд, у якім будуць разглядаць справу Казакевіча, архіўнае фота

Асуджаны пасьля нападу на супрацоўнікаў калёніі ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4. У ходзе расьледваньня справы на допыце ён заявіў, што хацеў забіць начальніка калёніі, каб адпомсьціць за дысцыплінарныя пакараньні.

За 9 месяцаў больш за 150 дзён ў карцэры

Вядома, што за час адбыцьця пакараньня па першай справе і зьняволеньня ў турме — па другой Казакевіч прабыў у штрафным ізалятары і памяшканьні камэрнага тыпу больш за 150 дзён. Паводле Вольгі Мажэйкі, маці асуджанага, за першыя тры месяцы зьняволеньня ў шклоўскай калёніі яе сыну вынесьлі 16 дысцыплінарных спагнаньняў.

З адказаў на скаргі ў пракуратуру Вольга Мажэйка даведвалася, што сына каралі штрафным ізалятарам за тое, «што ён забыў лыжку, калі пайшоў у сталовую, не зашпіліў гузік на куртцы, няякасна прыбраў памяшканьне». Зьняволены таксама адмаўляўся працаваць у прыбіральні, бо разумеў, кажа Вольга, што трапіць у катэгорыю асуджаных «зь нізкім статусам» і будзе цярпець зьнявагі ад іншых.

Маці Казакевіча: Яго хочуць давесьці да самагубства

Вольга Мажэйка дамагаецца пераводу сына ў адмысловую ўстанову Міністэрства аховы здароўя. Яна спасылаецца на даведку з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, у якой пазначана, што ва Ўладзіслава дыягнаставаны шызатыпічны разлад ды парасуіцыд і ён мае быць пад наглядам лекараў. Жанчына лічыць, што ўтрымліваць сына ва ўмовах «крытай турмы», а пагатоў у карцэры, з прычыны ягонай хранічнай псыхічнай хвароб недапушчальна.

«Сына хочуць давесьці да самагубства», — цьвердзіць Вольга Мажэйка.

Упраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў: Асуджаны пад наглядам мэдыкаў

Упраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці паведамляла бацькам асуджанага, што шызатыпічны разлад, калі адсутнічае абвастрэньне, не зьяўляецца супрацьпаказаньнем для зьмяшчэньня ў карцэр. Бацькоў запэўнілі: іх асуджаны сын пад мэдычным наглядам і падставаў для тэрміновага вызваленьня з карцэру праз хваробу не зафіксавана. Перад тым, як зьмясьціць Казакевіча ў карцэр, ягонай маці напісалі, стан здароўя асуджанага правярае мэдык. Пакараньне карцэрам зьняволенага патлумачана тым, што ён парушае рэжым.

Даведацца пра ўмовы ўтрыманьня Казакевіча ў магілёўскай турме не ўдалося. Гаварыць на гэтую тэму з карэспандэнтам Свабоды адмовіліся.

Праваабаронца: псыхіятрычная экспэртыза патрэбная

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка спасылаючыся на ўласны адвакацкі досьвед, даводзіць: асуджаныя, якія маюць псыхічныя адхіленьні, сутыкаюцца ў няволі з адсутнасьцю належнага мэдычнага нагляду, дыягностыкі і ўсебаковага лячэньня. Іх часьцяком зьмяшчаюць у камеры з «здаровымі» зьняволенымі, якія зьдзекваюцца зь іх.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Тое, што Казакевічу ў няволі кепска, я ў гэтым не сумняваюся, — падкрэсьлівае Сапелка. — Найпершая задача праваабаронцаў — не дапусьціць, каб асуджаны цярпеў жорсткае абыходжаньне. Калі сапраўды, як цьвердзіць маці Ўладзіслава, яго ўтрымліваюць ва ўмовах, якія пагаршаюць здароўе, то гэта жортскае абыходжаньне, якое вымагае неадкладнага рэагаваньня праваабарончай супольнасью».

Праваабаронца лічыць мэтазгодным у межах распачатай новай крымінальнай справы дамагацца паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы.

Казакевіч ужо спрабаваў сябе забіць

8 кастрычніка 2016 году 17-гадовы Ўлад Казакевіч напаў з бэнзапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Эўропа» ў Менску, забіў адну жанчыну і параніў сякерай другую. Нападніка спынілі супрацоўнікі гандлёвага цэнтру.

Гандлёвы цэнтар «Эўропа» пасьля здарэньня
Гандлёвы цэнтар «Эўропа» пасьля здарэньня

Хлопец прызнаў віну цалкам, але не павініўся, а ў апошнім слове заявіў пра жаль, што ня цалкам зьдзейсьніў задуманае. Паводле прызнаньняў у судзе, Уладзіслаў Казакевіч, якому толькі пасьля злачынства споўнілася 18 гадоў, плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты.

Суд Маскоўскага раёну Менску 3 сакавіка 2017 году прызнаў Уладзіслава Казакевіча вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясеньні траўмаў і пакараў 15 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Грамадзянскія пазовы пацярпелых задаволеныя амаль у поўным памеры — на суму 200 тысяч рублёў.

З матэрыялаў справы вядома, што Ўладзіслаў Казакевіч чатыры разы спрабаваў сябе забіць. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала абвінавачанага псыхічна здаровым у момант учыненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва.

Між тым ён стаяў на ўліку ў дзіцяча-падлеткавым дыспансэры і праходзіў курс лячэньня ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псыхічнага здароўя, дзе ў 2014 годзе яму выставілі дыягназ «шызатыпічны разлад асобы». Бацькі настойваюць, што да пачатку сьледзтва ня ведалі пра хваробу сына.

Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыі Ўладзіслава Казакевіча. Асуджаны ня можа разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе адвакат Казакевіча Ўладзімер Сташкевіч настойваў на правядзеньні новай комплекснай экспэртызы псыхічнага стану падабароннага. Суд гэтага хадайніцтва не задаволіў.

Чым адрозьніваюцца афіцыйны і праваабарончы даклады пра катаваньні ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG