20 верасьня Аляксандар Лукашэнка наведае актыўную фазу вучэньняў «Захад-2017» на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі». Разам зь ім назіраць за сумеснымі вышкаламі расейскіх і беларускіх войскаў будзе расейскі міністар Сяргей Шайгу. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у Беларусь на вучэньні не прыедзе.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны РБ, кіраўніку краіны пакажуць «адпрацоўку супольных дзеяньняў разнародных сіл і сродкаў Узброеных сіл РБ і РФ па адбіцьці наступу ўмоўнага праціўніка і стварэньні ўмоваў правядзеньня контранаступу з далейшай задачай разгрому праціўніка і аднаўленьня страчанага становішча».
«Самалёты СУ-34, СУ-25, верталёты МІ-24 і МІ-28-5 адпрацуюць пытаньні нанясеньня ўдараў па сілах умоўнага праціўніка, — паведаміў на выніковым брыфінгу 19 верасьня прадстаўнік Міністэрства абароны РБ Уладзімер Макараў. — Самалёты СУ-23МР будуць ажыцьцяўляць кантроль удараў авіяцыі. Верталёты МІ-8 нашай 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы адпрацуюць высадку дэсанту».
Аляксандру Лукашэнку абяцаюць прадэманстраваць магчымасьці новых узораў узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, якія распрацавалі ў Беларусі.
Па словах Уладзімера Макарава, сярод іх «верхабраніраваны аўтамабіль V-1 вытворчасьці МЗКЦ з супрацьтанкавым ракетным комплексам».
«Волат» створаны інжынэрамі Менскага заводу колавых цягачоў. Узоры прайшлі ўвесь цыкль выпрабаваньняў — каля 40 тысяч кілямэтраў разнастайных трас. «Машыны паказалі ўражальныя характарыстыкі хуткасьці — да 150 км у гадзіну, — сказаў Уладзімер Макараў. — Больш за 70% камплектуючых выпускаюцца беларускай прамысловасьцю».
Таксама 20 верасьня ў вучэньнях на Барысаўскім палігоне ўдзельнічае супрацьтанкавы ракетны комплекс «Шэршань».
«Гэта сучасная ўнівэрсальная высокамабільная зброя, — кажа Макараў. — Па сваіх тактыка-тэхнічных характарыстыках цалкам адпавядае патрабаваньням, якія прадʼяўляюцца да сыстэмаў шматмэтавай абаронча-штурмавой зброі. Дальнасьць яго стральбы па нерухомых цэлях — 5,5 тысячы мэтраў, па рухомых — да 5000 мэтраў. Бронепрабівальнасьць ракетай калібру 152 мм — больш за 1 мэтар. Дальнасьць знаходжаньня цэляў — ня менш за 10 кілямэтраў».
Задзейнічаюць і бесьпілётны комплекс маніторынгу зямной паверхні «Маскіт». Ён выкарыстоўваецца, каб дыстанцыйна назіраць за мясцовасьцю, знаходзіць абʼекты, вызначаць геаграфічныя каардынаты і перадаваць інфармацыю.
«Маса яго ня больш за 30 кг. Самога лятальнага апарата — ня больш за 2,5 кг. Час палёту — 45 хвілін. Радыюс — 12,5 кілямэтраў. Хуткасьць — 120 км у гадзіну на вышыні да 3 км», — кажа Макараў.
Асаблівая ўвага аддадзеная ўдзелу рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз». «Баявую стральбу ажыцьцяўляць ня будзе, але адпрацуем тактыку прымяненьня», — кажа Макараў.
«Многія тэхнічныя рашэньні, якія беларускія распрацоўшчыкі рэалізавалі ў гэтай сыстэме, ня маюць аналягаў у сьвеце, — працягвае прадстаўнік Мінабароны. — Адна баявая машына здольная нанесьці адначасовы кропкавы ўдар па 8 цэлях на дальнасьці ад 50 да 200 км. Імаверныя адхіленьні не перавышаюць 30 мэтраў. Кожнай з 8 ракет можа быць зададзенае асобнае палётнае заданьне».
«Сучасныя сродкі паражэньня супрацьракетнай сыстэмы ня ў стане зьнішчыць гэтую ракету», — кажа Макараў.