Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыгразіў вярнуць у турму арганізатараў вулічных пратэстаў.
Падчас нарады 9 сакавіка пра актуальныя пытаньні разьвіцьця Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў:
«І ўсе тыя, якіх мы выпусьцілі з засьценкаў за ранейшыя ўчынкі, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад. Майдана ў Беларусі ня будзе».
Гэтыя словы Лукашэнкі карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў Мікола Статкевіч.
«Хай лепш падумае пра свой лёс і як яго нашчадкі тут будуць жыць».
Камэнтуючы заяву кіраўніка Беларусі пра тое, што трэба «выдзеліць у гарадах тую плошчу, на якую людзі павінны прыйсьці і выказаць сваб думку», Мікола Статкевіч сказаў:
«Ён выдзеліў такое месца на Бангалоры і назваў яго месцам для „отребья“».
Таксама Лукашэнка казаў, што «людзі будуць гарматным мясам, масоўкай, яны ж не з палітычнымі лёзунгамі туды ідуць».
Камэнтуючы гэтыя выказваньні, Статкевіч сказаў:«Ад страху палохае іншых. Сыходзь, і ўсё будзе добра. Вельмі хочацца правіць вечна, і ўвесь час палохае».
На пытаньне, ці ўдасца ўладам узяць пад кантроль акцыі пратэсту, Статкевіч адказаў так:
«Гэта мая функцыя — кантраляваць акцыі пратэсту. У 2010 годзе гэта не ўдалося, бо было занадта шмат кіраўнікоў і кантроль стаў немагчымым. Зараз зноў павылазілі, хоць столькі гадоў сядзелі, як мышы пад венікам. Кажуць пра адзінства прыгожыя словы і спрабуюць разбурыць наш плян.
Каб 25-га ўсё было добра і мірна — слухайце мяне. Я ведаю, як гэта зрабіць. А гэты заўсёды лямантуе, хлусіць і круціць, калі ведае, што людзей супраць яго выйдзе шмат. Так заўсёды было. Звыклая раней істэрыка».