Крымінальная справа ў дачыненьні да Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых паступіла ў суд Цэнтральнага раёну Менску.
«Пра дату слуханьняў паведамім дадаткова», — напісала ў фэйсбуку прэс-сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.
Япрынцавы абвінавачваюцца ва ўчыненьні злачынства паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры).
Па крымінальнай справе праходзіць таксама Алясандар Арабян, супрацоўнік групы кампаніяў «Трайпл».
Раней старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў журналістам, што летам мінулага году гендырэктар «Трайпла» Юры Чыж і яго расейскія партнэры зьвярнуліся ў КДБ са скаргай на дзеяньні саўладальніка кампаніі Ўладзімера Япрынцава. У выніку Япрынцавых, бацьку і сына, затрымалі.