Калі 7 лютага ў Сочы пачнецца Зімовая алімпіяда 2014, сьвет убачыць новыя бліскучыя стадыёны, ультрасучасныя пад’ёмнікі для лыжнікаў і дарогі зь нядаўна пакладзеным пакрыцьцём. Але за гэтым бліскучым фасадам хаваецца яшчэ адна – больш цёмная – рэальнасьць. Разбураныя дамы і жыцьці мясцовых жыхароў. Бязьлітасная эксплюатацыя работнікаў-мігрантаў падчас будаўнічага буму. Пашкоджана да непазнавальнасьці ўнікальная і раней некранутая экасыстэма Сочы. Сапраўдны кошт гэтай алімпіяды – першай у Расеі пасьля летніх гульняў 1980 году і самай дарагой у гісторыі ўсіх алімпійскіх гульняў – далёка перавышае суму 51 мільярда даляраў, якая называецца цяпер. Карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Том Балмфарт адправіўся ў Сочы, каб зазірнуць за гэты бліскучы фасад.
Частка І
У развалінах
Усё пачалося ад сасьлізгваньня дахоўкі ноччу. Цягам некалькіх дзён дом Дзьмітрыя Абжана, пад уплывам павольнага перасоўваньня зямлі пад ім, стаў развальвацца.
Прычынай стаў апоўзень, выкліканы грузавікамі, якія незаконна вывозілі адходы і выкідалі іх на схіл па-над вуліцай у рамках падрыхтоўкі да алімпіяды ў Сочы.
Суд пастанавіў, што Абжан мае права на кампэнсацыю, але пастанова не была выкананая, таму ён і ягоная шматлікія сямейнікі спрабуюць жыць у паўразбураным, перакошаным і галавакружным доме. 27-гадовы Абжан ляканічна жартуе, што гэта ўсё роўна, як жыць «у космасе», і дадае, што ягоныя звароты да ўладаў застаюцца без адказу.
«Не было ніякай рэакцыя наогул. Мы ня ведаем, што рабіць, да каго мы павінны зьвяртацца і што яшчэ мы маглі б зрабіць. Дзеці растуць. У нас павінна быць нейкая будучыня наперадзе, але рэч у тым, што мы – мясцовыя жыхары, якія нарадзіліся тут і вырасьлі тут – фактычна былі без прытулку» – кажа Абжан.
Сардэчна запрашаем у тую частку алімпійскага гораду Сочы, якой не пашанцавала. Падрыхтоўка да гульняў каштавала 51 мільярд даляраў. Але акрамя сучасных стадыёнаў і пад’ёмнікаў для лыжнікаў, абнаўленьне Сочы ў апошнія гады перавярнула жыцьці сотняў жыхароў, такіх як Абжан, дагары нагамі – часам амаль літаральна.
Прорву паміж тымі, хто выйграў і прайграў у сувязі з сочынскай алімпіядай, асабліва выразна відаць на аўтамабільна-чыгуначным шляху, які злучае марское ўзьбярэжжа з узорным гарналыжным курортам у Краснай Паляне, дзе павінны адбыцца многія алімпійскія спаборніцтвы. Пабудова 50-кілямэтровага адрэзка шашы і чыгункі каштавала больш за 8 мільярдаў даляраў. Гэта выклікала зьедлівы камэнтар расейскамоўнага выданьня часопісу Esquire, якое адзначыла, што за гэты кошт можна было выбрукаваць усю дарогу парэзанымі на шматкі сумачкамі фірмы «Louis Vuitton», ікрой і паштэтам з гусіных пячонак.
У двух кілямэтрах ад дарогі знаходзіцца пасёлак Ахштыр, які з самага пачатку падрыхтоўкі да алімпіяды спавівае хмара густога белага пылу. У пасёлку высахлі ўсе студні. Няма газу. Жыхары ня могуць прадаць хурму са сваіх палеткаў, таму што плады пакрытыя цэмэнтавым пылам. Акрамя таго, дарога ў Красную Паляну адрэзала доступ Ахштыру да грамадзкага транспарту ў паўднёвы раён Сочы пад назвай Адлер. Улады так і не пабудавалі пад’язной дарогі да новай шашы, хоць, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, абяцалі гэта зрабіць.
Гэта зьяўляецца сур’ёзнай праблемай для такіх людзей, як Віктар Каленін, 65-гадовы пэнсіянэр, які стаў інвалідам у сувязі з сваёй працай пасьля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе. Яго турбуе, як яму даехаць у шпіталь і які ўплыў на ягоныя лёгкія маюць воблакі будаўнічага пылу.
Мясцовая жыхарка, 53-гадовая Алена Руновіч кажа, што ёй давялося кінуць працу, каб мець час прыводзіць сваю малую дачку са школы дадому па дарозе, якая перасякае шматлікія будаўнічыя пляцоўкі і дзьве магістралі.
Каленін, Руновіч і іншыя жыхары пасёлка нядаўна сабраліся каля старой прыдарожнай студні ў Ахштыры, каб пагаварыць з нашым карэспандэнтам пра ўплыў падрыхтоўкі да алімпіяды на іх мясцовасьць і супольнасьць.
«Даводзіцца пытацца: чаму некаторыя людзі атрымліваюць усё, а для астатніх жыхароў няма нічога? – кажа Руновіч.
«Гэта быў самы чысты пасёлак у Адлерскім раёне Вялікага Сочы. Яны ператварылі яго ў сьметнік. Адміністрацыя выдатна пра гэта ведае, але – не заглянула сюды ні разу» – кажа Каленін.
На Бакінскай вуліцы, дзе жыве Абжан, многія таксама абвінавачваюць мясцовыя ўлады. Ягоная суседка, 85-гадовая Паліна Калайжан, жыве ў доме, які чамусьці нахіляецца і павольна спаўзае па схіле. Яна жыве там зь дзевяцьцю сямейнікамі і сваякамі, уключаючы яе 89-гадовага мужа. Ім таксама належыць кампэнсацыя, але, як здаецца, яны ня здолеюць яе атрымаць.
«Мы пісалі Пуціну, пісалі Мядзьведзеву, пісалі ў Краснадарскую адміністрацыю, мы пісалі ўсюды» – кажа Kaлайжан. «Яны адказваюць: гэтым павінны заняцца мясцовыя ўлады. Але мясцовыя ўлады не зьвяртаюць ніякай увагі. Яны кажуць: мы ня можам вам дапамагчы».
Масавае будаўніцтва выклікала па ўсім горадзе рэгулярныя адключэньні электрычнасьці, якія часта трывалі даўжэй, чым меркавалася. Блогерка Вольга Агалакава напісала, што месяц у Сочы зрабіўся важным для мясцовых жыхароў.
«Гэта ня проста месяц! Гэта наша асноўная крыніца сьвятла ў Ізмаілаўску і Сямёнаўску! Ужо мінулі два месяцы, як кожны дзень нам адключаюць электрычнасьць на дванаццаць гадзін і болей. Часам адключаюць на два дні!»
Некаторыя зь нецярпеньнем чакаюць вяртаньня рэгулярных паставак электраэнэргіі і паветра бяз пылу пасьля алімпіяды. Але такія, як Абжан, якім былі нанесены матэрыяльныя шкоды, баяцца, што пра іх забудуць.
«Праўда ў тым, што мы сюды не прыехалі на некалькі дзён – мы тут нарадзіліся, вырасьлі тут. І ня толькі мы. Нашы дзяды і прадзеды нарадзіліся і вырасьлі тут. І мы аказаліся бяздомнымі і нічога ня можам з гэтым зрабіць» – кажа Абжан.
«І гэта ня наша віна. То бок, мы рады, што алімпійскія гульні адбываюцца тут, і што тут яны пабудавалі дарогі і ўсё такое. Але хай не абражаюць мясцовых жыхароў. Калі вы нешта забіраеце, дык дайце штосьці ўзамен. І не руйнуйце ўсяго, пакідаючы мясцовых жыхароў бяз даху над галавой, праводзячы алімпіяду, а потым кідаючы нас, забыўшыся пра ўсё».
Крыніца: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
Частка 2
Сьметнік пад алімпійскім агнём
Крэмль паабяцаў, што зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы будуць самымі прыязнымі для прыроды гульнямі ў гісторыі. Але мясцовыя жыхары кажуць, што якраз гульні зьнішчылі найбольшую каштоўнасьць гэтага рэгіёну: яго унікальнае прыроднае асяродзьдзе.
Рыта Краўчанка калісьці любіла плаваць у Чорным моры – але ўжо не рабіла гэтага даволі доўгі час. Пасьля таго, як выкупалася тры гады таму, у яе зьявіліся чырвоныя плямы.
Краўчанка жыве ў мікрараёне Уч-Дарэ, за 18 кілямэтраў на поўнач ад Сочы. Яна перакананая, што рэакцыя яе скуры была выклікана забруджаньнем, якое сьцякае ў мора зь недалёкага сьметніка. Актывісты кажуць павінен, што сьметнік павінен быў быць зачынены шэсьць гадоў таму.
Але ўсё адбылося наадварот – гара сьмецьця галавакружна вырасла пасьля таго, як у Сочы пачаўся будаўнічы бум, зьвязаны з алімпіядай.
Адкіды самазагараюцца і смыляць у кучы. Жыхары пасёлка турбуюцца аб доўгатэрміновых наступствах для здароўя. Сем’і пакідаюць свае дамы. Усьпененая вада ў рэчцы Бытха, якая ўпадае ў Чорнае мора, мае колер кока-колы.
Гэтая рэальнасьць рэзка кантрастуе з ружовымі абяцаньнямі Крамля, што ў 2014 годзе зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы будуць самымі экалягічна чыстымі ў гісторыі. Гэта абяцаньне, як мантру, паслухмяна паўтаралі чыноўнікі і кантраляваныя дзяржавай СМІ.
Юлія Набярэжная, актывістка Экалягічнай вахты па Паўночным Каўказе, якая вяла маніторынг экалягічнай дэградацыі ў Сочы і вакол гораду на працягу многіх гадоў, кажа, што абяцаньні ўраду аказаліся пустымі.
«Гэта проста піяр. Гэта было сказана з разьлікам на міжнародную супольнасьць, якой паказваюць прыгожы фасад. Але гэта ўсяго толькі лёзунг» – кажа Набярэжная.
Але дэманстрацыя экалягічнай шкоды, нанесенай любімым праектам прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна, зьяўляецца рызыкоўным заняткам, бо мясцовыя актывісты экалягічнага руху ведаюць зашмат. Многія скардзяцца на перасьлед. Адзін зь іх пакінуў краіну. А яшчэ аднаго пасадзілі ў турму.
Тым ня менш яны працягваюць змагацца. Для гэтых актывістаў імкненьне Крамля выкарыстаць алімпіяду для таго, каб адрадзіць гэты курортны горад і ператварыць яго ў цэнтар лыжнага спорту і адпачынку, адбываецца за кошт найкаштоўнейшага актыву рэгіёну: яго ўнікальнага навакольнага асяродзьдзя.
Сочы стаў курортным горадам у 1930-я гады. У савецкі час горад умацаваў сваю рэпутацыю як месца адпачынку і аздараўленьня звычайных савецкіх грамадзян. У гарах тады бегалі дзікі; у моры плавалі дэльфіны.
Савецкі рэклямны ролік пра Сочы, зьняты ў 1979 годзе.
Міхаіл Плотнікаў з Расейскага геаграфічнага таварыства ў Сочы лічыць, што тыя часы сышлі назаўжды.
«Я думаю, мы можам забыцца пра гэты горад як курорт. Хто паедзе адпачываць у такім шумным, ажыўленым горадзе, забітым аўтамабілямі, дзе вам даводзіцца сядзець у заторы дзьве гадзіны, каб дабрацца да мора? Вядома, многія санаторыі застаюцца, але мільёны людзей езьдзілі калісьці ў Сочы адпачываць, не аказваючы дрэннага ўплыву на навакольнае асяродзьдзе. Цяпер мы ня маем мільёнаў людзей, і ў той жа час навакольнае асяродзьдзе была вельмі сур'ёзна пашкоджанае» – кажа Плотнікаў.
На гарналыжным курорце Красная Паляна, у даліне ў атачэньні засьнежаных гор, Набярэжная з Экалягічнай вахты па Паўночным Каўказе паказвала карэспандэнту нашага радыё новую 48-кілямэтровую дарогу, пад’ёмнікі для лыжнікаў на схіле гары і разьлеглыя гатэльныя комплексы ў якасьці доказу, што ўраду не ўдалося выканаць абяцаньняў наконт захаваньня біяразнастайнасьці і правядзеньня будаўніцтва з мінімальным уплывам на навакольнае асяродзьдзе.
Крыніца: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
Мясцовыя жыхары расказваюць пра мядзьведзяў, якія страцілі арыентацыю, пазбаўленыя месцаў свайго звычайнага пражываньня, і блукаюць па блізкіх вёсках. Фелікс Іваненка, старшыня сочынскага аддзяленьня Расейскага геаграфічнага таварыства, заявіў, што асяродзьдзю была нанесеная «даволі значная» шкода і што яна закранула 10 тысяч гектараў Сочынскага нацыянальнага парку.
Асабліва крытыкуецца гэтак званая праграма «нуль адходаў». Падрыхтоўка да алімпіяды ў Сочы паслужыла выдатнай нагодай, каб даць шчодрыя абяцаньні адносна мінімізацыі адходаў і іх утылізацыі, але ў той жа самы час мелі месца шматлікія выпадкі незаконнага скіду адходаў у некаторых месцах рэгіёну.
Да іх належыць сьметнік у пасёлку Уч-Дарэ, які працягваў прымаць сьмецьце яшчэ і ў 2013 годзе, нягледзячы на тое, што быў афіцыйна закрыты ў чэрвені 2012 году. У вёсцы Ахштыр эколягі ў лістападзе падалі афіцыйную скаргі аб скіданьні прамысловых адходаў ў водаахоўнай зоне.
Адходы з Сочы цяпер транспартуюцца на звалку ў Беларэчанску, 250 кілямэтраў на поўнач ад гораду – гэта дарагое, часовае рашэньне, і эколягі баяцца, што яно будзе адмененае, як толькі алімпіяда закончыцца.
Гэтыя гісторыі, якія рэзка разыходзяцца з афіцыйнай вэрсіяй падзей, ніколі б ня сталі вядомыя безь мясцовых актывістаў.
Усе яны распавядаюць аб перасьледзе, пачынаючы ад тэлефоннай сувязі, якая загадкава адключаецца пасярод размовы, і канчаючы паліцэйскімі ператрусамі ды судовымі справамі.
Мясцовы эколяг Уладзімір Кімаеў кажа, што паліцыя правяла ператрус у ягоным доме вясною. 31 кастрычніка Андрэй Рудамаха з Экалягічнай вахты па Паўночным Каўказе быў на кароткі час затрыманы, нібыта за паклёп на судзьдзю – ён гэта называе тактыкай прэсаваньня.
Празь некалькі дзён яшчэ адзін актывіст, Зьміцер Шаўчэнка, быў затрыманы супрацоўнікамі Фэдэральнай службы бясьпекі на працяг чатырох гадзін пасьля прылёту з Санкт-Пецярбургу ў Краснадар, нібыта на падставе таго, што ягоны выгляд адпавядаў апісаньню тэрарыста.
Перасьлед прымусіў эколягаў згуртавацца.
У канцы лістапада Набярэжная і яшчэ адна актывістка з Сочы, Вольга Наскавец, езьдзілі ў горад Туапсэ на суд эколяга Яўгена Віцішкі, які быў абвінавачаны ў парушэньні рэжыму яго ўмоўна-датэрміновага вызваленьня.
Віцішка, вядомы крытык падрыхтоўкі да алімпіяды і адзін з кіраўнікоў Экалягічнай вахты Паўночнага Каўказу, атрымаў умоўны трохгадовы турэмны тэрмін за вандалізм у 2012 годзе. Сьцяну офісу Краснадарскага губэрнатара размалявалі падчас акцыі пратэсту, якую ён дапамог арганізаваць, але Віцішка кажа, што ён не нясе адказнасьці за тыя малюнкі.
Фота Андрэя Каралёва, Радыё Свабода.
Сурэн Газаран, іншы эколяг, якія сутыкнуўся з такімі ж абвінавачваньнямі раней, зьбег з краіны – спачатку ў Эстонію, а потым у Грузію. Віцішка застаўся, і яго абвінавацілі ў парушэньні ўмоваў выпрабавальнага тэрміну. 21 сьнежня судзьдзя прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўленьня волі.
Гаворачы з карэспандэнтам Радыё Свабода падчас судовай справы, Віцішка захоўваў аптымізм, але не сумняваўся, што крымінальная справа ў дачыненьні да яго зьяўляецца спробай прымусіць яго замаўчаць перад алімпійскімі гульнямі.
«Улады хочуць паказаць, што яны кантралююць сытуацыю, і хочуць прымусіць мяне замаўчаць,» – кажа Віцішка.
Тым часам прыгнечаныя жыхары рэгіёну, такія як Краўчанка, бездапаможна разважаюць пра жыцьцё побач са сьметнікам.
«Адзіная надзея ў тым, што яны перастануць прывозіць сюды сьмецьце і пакінуць гэты сьметнік. Але калі гэтая куча сьмецьця перакуліцца, яна ўпадзе ў раку, а потым усё апынецца ў моры. І тады ня будзе ніякай надзеі наогул,» – кажа Краўчанка.
Крыніца: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода
Частка 3
Эксплюатаваныя: сочынскія мігранты
Маштабныя будаўнічыя праекты ў Сочы зрабілі з гораду зімовых алімпійскіх гульняў нешта накшталт запаветнай зямлі для працоўных мігрантаў, але жыцьцё тут аказалася зусім не салодкім.
Бяз грошай і ў даўгах Яўген Падрэзаў прыехаў з роднага Растову два гады таму, каб зарабіць на алімпійскай будоўлі ў Сочы. Але магчымасьць хуткага заробку аказалася вельмі сумнеўнай. 28-гадоваму Падрэзаву ні разу за гэты час ня выдалі зарплату. Чым мацней ён стараўся высьветліць прычыну гэтага, тым мацнейшыя сумневы яго ахоплівалі.
Прыватную будаўнічую фірму, для якой Падрэзаў працаваў і якая нібыта была зарэгістраваная ў Томску, загадкавым чынам ліквідавалі. Чалавек, які выдаваў сябе за яе генэральнага дырэктара, аказаўся толькі пасярэднікам. Потым і ён зьнік.
Астатнія 108 чалавек з гэтага працоўнага калектыву аказаліся ў такой самай сытуацыі. Фірма завінавацілася ім 3,5 мільёны рублёў (106 тысяч даляраў) – кажа Падрэзаў.
Іншы рабочы, Раман Кузьняцоў з Арэнбургу, у адчайным жэсьце пратэсту супраць нявыплаты заробку зашыў сабе рот у кастрычніку.
Калі пачаў асядаць пыл, які ўвесь час ахутваў будаўнічыя пляцоўкі ў Сочы, такіх гісторый зьявілася больш. Велізарныя сумы грошай, прызначаных на будаўніцтва алімпійскіх аб’ектаў, і жорсткія тэрміны выкананьня далі выдатную магчымасьць фірмам-аднадзёнкам пакарыстацца хаосам і абабраць сваіх работнікаў.
Сярод дзясяткаў тысяч працоўных мігрантаў, якія зьехаліся ў Сочы з усіх куткоў Расіі і з суседніх краін, каб зарабіць грошы на будаўніцтве алімпійскіх аб'ектаў, тысячы сталі ахвярамі злачыннасьці і карупцыі.
Некаторыя, як Падрэза і Кузьняцова, расейцы. Але шмат хто зь іх – замежныя мігранты, якім не заплацілі і якіх дэпартавалі пасьля завяршэньня іх працы.
Сямён Сіманаў, дырэктар сочынскага філіялу арганізацыі «Міграцыя і закон» – групы падтрымкі для мігрантаў і бежанцаў з Цэнтральнай Азіі – кажа, што калі ўсё пабудавана, фірмы пазбаўляюцца ад работнікаў. «Па-першае, яны не плацяць ім заробак. Па-другое, іх дэпартуюць або аказваць на іх ціск, каб яны пакінулі краіну па ўласным жаданьні, нават калі іх дакумэнты ў парадку,» – кажа Сіманаў.
Сіманаў кажа, што ягоная арганізацыя была заваленая тысячамі просьбаў аб юрыдычнай падтрымцы з моманту адкрыцьця філіялу ў ліпені, у асноўным ад замежных мігрантаў.
Але Аляксандр Папкоў, адвакат, які зьяўляецца прадстаўніком работнікаў у Сочы, кажа, што цяжка выйграць справу супраць фірмаў, якія выкарыстоўваюць пасярэднікаў паводле прынцыпу «матрошка ўнутры матрошкі».
Бакшыл Базораў, 48-гадовы ўзбэцкі мігрант, працаваў у Расіі на працягу некалькіх гадоў і прыехаў у Сочы вясною. Ён працаваў на працягу двух месяцаў пры пабудове гатэлю ў алімпійскай вёсцы, але сышоў пасьля таго, як ягоны працадаўца – прыватная маскоўская фірма – заплаціла яму толькі палову ягонай зарплаты.
Ён спадзяваўся пачаць судовую справу з дапамогай Сіманава, каб атрымаць другую палову сваёй зарплаты. Але ён пакідае Сочы на час алімпіяды. Нягледзячы на тое, што ягоныя працоўныя дакумэнты ў юрыдычным парадку, ён сказаў, што баіцца перасьледу ці нават дэпартацыі, пасьля якой яму забаранілі б прыяжджаць у Расею цягам пяці найбліжэйшых гадоў. Ён тлумачыць сваё рашэньне проста: мігрантам цяпер тут ня месца.
У верасьні адміністрацыя Краснадарскага краю пачала кампанію супраць «нелегальных мігрантаў», якая супала з такой папулісцкай кампаніяй ва ўсёй краіне. Мясцовыя жыхары кажуць, што чыноўнікі міграцыйнага ведамства, у суправаджэньні казакоў, хадзілі ад дзьвярэй да дзьвярэй, правяраючы дакумэнты.
Мігранты, якія дапамаглі пабудаваць інфраструктуру для найдаражэйшых алімпійскіх гульняў у гісторыі, сталі нябачнымі ахвярамі – многія пакінулі Расею без заплаты за сваю працу.
У апошнія месяцы 2013 году паліцыя затрымала тысячы мігрантаў, многія з іх былі дэпартаваныя – некаторыя зь іх без іх заработнай платы. Астатнія схаваліся або вырашылі пакінуць краіну па ўласным жаданьні.
Базораў кажа, што ён і яго суайчыньнікі ня хочуць рызыкаваць. Ён гаварыў з Радыё Свабода за дзень перад вылетам дадому.
«Многіх дэпартавалі. Адзін з групы, у якой мы працавалі, быў дэпартаваны пазаўчора. Вось чаму мы баімся паказвацца на вуліцах» – кажа Базораў.
Тэкст: Том Балмфарт. Фотаздымкі: Абас Aцілай з азэрбайджанскай службы Радыё Свабода. Відэа: Джаваншыр Aгхамаліеў з азэрбайджанскай службы ды Любоў Чыжова і Нікіта Татарскі з расейскай службы Радыё Свабода. Фотаапрацоўка: Луцье Стэйцава. Відэаапрацоўка: Павел Буторын. Прадусар: Глэн Кейтс. Мастацкая апрацоўка: Ян Радл.