Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька напісаў у фэйсбуку, што новы міністар адукацыі — гэта калядны падарунак настаўнікам і выкладчыкам ад Лукашэнкі.
«Можна павіншаваць настаўніцкую супольнасьць з новай мятлой міністэрства. Кіраўнік кампартыі тав. Карпенка ідэальна падыходзіць для падрыхтоўкі правільных падручнікаў, для ўскладаньня кветак да помнікаў Ільічу, для запаўненьня суботы барабанным дробатам. Мой прагноз — Мінадукацыі з новым міністрам пачне напампоўку ідэалягічнай мускулатуры».
«Жах. Напэўна, горшага варыянта проста не змаглі прыдумаць», — напісаў у фэйсбуку кіраўнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.
«Мы наогул думаем у нашай краіне хоць пра што-небудзь?
У ЗША Ілон Маск будзе кансультаваць прэзыдэнта па эканоміцы, а ў нас камуніст будзе далей ганьбіць і разбураць сыстэму адукацыі! Што б вы там ні казалі, а год антыкамунізму абвяшчаць трэба!», — напісаў у фэйсбуку мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама адрэагаваў на прызначэньне Ігара Карпенкі міністрам адукацыі.
«Прызначэньне Ігара Карпенкі міністрам адукацыі — гэта абвяшчэньне сыстэмы адукацыі ў Беларусі мёртвай.
І, вядома, гэта ганьба і сорам перад беларускім народам і перад усім сьветам. За выключэньнем Паўночнай Карэі. Гэтыя ацэняць, яны ведаюць, што ад адукацыі толькі праблемы».