8.9.1960, в. Кротаў, Калінкавіцкі раён — 9.10.2012, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках
Зусім ня кожны нават вельмі шчодра адораны талентам мастак здольны стварыць свой космас, свой адметны і непаўторны сьвет.
Гэта сказана не пра Сержука Цімохава.
Ягоны мастацкі сьвет, а дакладней — сусьвет, які нарадзіўся з апантанага дасьледаваньня нашай дахрысьціянскай, далетапіснай мінуўшчыны, уладна вабіць, а часам — прынамсі мяне — палохае. Перад яго жывапіснымі палотнамі зь ценямі Ярылы і Вялеса, з вусьцішна-таямнічымі стодамі, з далёкімі згукамі паганскіх абрадаў і сьвятаў можа ўзьнікнуць адчуваньне, падобнае да прыцягненьня бездані.
Так твораць геніі.
Мы сустрэліся ў маім родным Полацку, куды Цімохаў зь сям’ёй прыехаў у 1986-м, каб затрымацца ў Прыдзьвіньні на дванаццаць гадоў.
Першай убачанай мною Сержуковай працай быў партрэт аднаго з «бацькоў» нацыянальнага адраджэньня Івана Луцкевіча. Ужо адно гэта абяцала працяг знаёмства.
Выбар гораду, адкуль пачыналася беларуская гісторыя і культура, безумоўна, таксама быў невыпадковы. Я ўпэўнены, што бяз полацкага пэрыяду мы б ведалі мастака Цімохава зусім іншым. Але і сам Сяржук, які проста іскрыў ідэямі й задумкамі, стаўся Полацку шчасьлівым падарункам.
Ён стварыў галерэю «Рыса», дзе лічылі за гонар выстаўляцца найвядомейшыя айчынныя майстры жывапісу і графікі. Сержуковы творы аздобілі шмат якія полацкія інтэр’еры. Неверагодна многа ён здолеў зрабіць для гораду на пасадзе галоўнага мастака.
Дагэтуль у памяці ягоная пэрсанальная выстава ў толькі што адчыненай «Рысе». На падлозе — разгорнутыя папяровыя скруткі з магічнымі знакамі-кодамі і размаляваныя валуны, якія расстаўляюць у экспазыцыі моцныя і абсалютна нечаканыя акцэнты. Творы на сьценах — напоўненыя алюзіямі, шматсэнсавыя, з напружанай кампазыцыяй і магутнай мэлёдыяй колераў — хтосьці з мастацтвазнаўцаў назваў харугвамі.
У сталіцу пры канцы 1990-х гадоў Цімохаў пераехаў ужо прызнаным і на радзіме, і за мяжой майстрам. Ягоныя карціны набывалі прыватныя калекцыянэры і музэі Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Сэрбіі, Грэцыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, ЗША...
Мастацтвазнаўцы пісалі пра незвычайнага калярыста, які ўмее празь нюанс ці кантраст дасягнуць тонкага суладнага гучаньня, завабіўшы як быццам празрыстай канструкцыяй, якая раптам прымушае разблытваць сапраўдную павуціну сымбаляў.
Не спыняючы натхнёнай працы ў сваёй галоўнай тэме, Цімохаў ужо ў новым стагодзьдзі захапіўся графікай і адкрыўся як вытанчаны лірык. Графічныя аркушы зь ню прынесьлі Гран-пры на міжнародным біенале «Залатое пяро Бялграду». У Нацыянальным мастацкім музэі «прагучала» выстава «Чары ночы».
...Адзін зь сяброў-мастакоў адгукнуўся на сьмерць Цімохава прыпавесьцю пра тое, як Уладар ходзіць па райскім садзе і зьбірае ў кошык залатыя яблыкі, зрываючы адно самыя сьпелыя.
Слабое суцяшэньне...
Апрача створанага ім дзівоснага сьвету Сяргей пакінуў жонку Рыту, дачку Вальжыну і сына Глеба. Усе яны — мастакі.
Сярод маіх улюбёных цімохаўскіх працаў — некалькі мэтафізычных сэрыяў пад агульным назовам «Рытуальнае шэсьце».
Цяпер у гэтым вечным шэсьці заняў сваё месца ён сам.