Жыхары вёскі Лелікава Кобрынскага раёну Пятро і Настасься Шапецюкі — вядомыя ў краі зьбіральнікі мясцовага фальклёру. Пятро піша вершы на мясцовай гаворцы, а Настасься захоўвае ўнікальны строй вясельнай свахі, які прапануецца ўключыць у сьпіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Пятро і Настасься Шапецюкі пражылі разам амаль 50 гадоў. Ён працаваў загадчыкам вясковага клюбу, яна сьпявала ў хоры. На сьценах у хаце Шапецюкоў шмат грамат і дыплёмаў з розных фэстаў, выступаў, конкурсаў як у Беларусі, так і ў замежжы.
«Мое мова ны паньська, но для мана — прігожа!»
У Лелікаве размаўляюць калярытнай палескай мовай. Свае вершы Пятро публікуе ў беларуска-ўкраінскім альманаху «Справа». Кажа, што мова лелікаўцаў адрозьніваецца нават ад гаворак у суседніх вёсках:
Мое мова ны паньська,
Но для мана — прігожа!
Яйі звуть тороканьська
І лілікувська — тожа.
Е сьту мову шаную —
Ек шанують прапрадідув,
Іхні гомон е чую
І пісням іхнім радуюсь...
Першы верш, кажа Пятро Шапяцюк, ён напісаў па-беларуску ў савецкія часы ды даслаў у газэту. Цяпер Пятро піша вершы па-лелікаўску, па-беларуску, па-ўкраінску і па-расейску.
«Пра нашу мову ёсьць такое паданьне. Калісьці сэрбскія плямёны так надакучалі рымлянам, што імпэратар рымскі раззлаваўся ды паслаў на іх сапраўднае войска. То іх гналі, гэтых сэрбаў, аж сюды, да пінскіх балотаў. Тут ужо рымская коньніца ня здужала прайсьці, бо балоты вакол. Рассыпаліся тут тыя плямёны, што ва ўсіх раёнах ёсьць па пары вёсак, дзе гавораць падобнай мовай», — кажа Пятро Шапяцюк.
Лелікаўская гаворка паступова занепадае, як і сама вёска. Пятро кажа, што моладзь зьяжджае і забываецца на тутэйшую мову:
«Чаму не ўжываюць? Таму што доўга лічылася, што яна „калгасная“. А я прапагандую і ўсім расказваю, што гэтая мова старажытная і трэба ганарыцца гэтым. А вы баіцеся сваіх бацькоў, дзядоў... А песьні якія нашыя! Як заслухаесься, то аж сьлёзы ідуць».
Антысавецкі край «бульбашоў»
Лелікава зусім непадалёк ад украінскай мяжы. Мясцовыя жыхары, кажа Пятро Шапяцюк, нават ходзяць за мяжу ў грыбы ды ягады, але дзеля гэтага трэба адмысловы пропуск.
Калісьці, пасьля Другой усясьветнай вайны, тут вельмі актыўна дзейнічалі антысавецкія атрады «бульбаўцаў» — Украінскай паўстанцкай арміі («бульбаўцы» — ад заснавальніка Тараса Бараўца, псэўданім Тарас Бульба). Тагачасны Дывінскі раён, куды ўваходзіла Лелікава, быў надзвычай небясьпечны для прадстаўнікоў камуністычнай улады. Шмат мясцовых жыхароў падтрымлівалі «бульбаўцаў», або, як іх называюць у гэтым рэгіёне, — «бульбашоў».
«Трывожны быў край. Я нарадзіўся ў жніўні 1945 году, памятаю, як апошніх «бульбашоў» прыцягнулі волакам — да каня прычапіўшы. Гэта было ў 1952 годзе — мне было сем год, гэта памятаю добра.
А расказвалі старыя людзі, што як толькі прыйшлі бальшавікі сюды пасьля вайны, то адразу арганізавалі атрады самааховы — гэтак званыя «ястрабкі», выдалі ім зброю. Але яны там з тымі «бульбашамі» ніхто не ваяваў. «Бульбашы» як хацелі рабаваць каго, то яны звычайных людзей не рабавалі. А хлопцы-«ястрабкі» на чале з участковым сваім сталі красьці ў людзей. І самі ператварыліся ў бандытаў. Неяк адну жанчыну пад Дывінам згвалтавалі, а яна апазнала хто. Прыехала іншая арганізацыя — і гэтых усіх ястрабкоў за каўнер ды ў суд. Далі ім па 25 год за бандытызм, але як Сталін памёр, выпусьцілі іх усіх. Вось такія былі «ястрабкі», — кажа Пятро Шапяцюк.
Калі чыноўнікі забыліся запрасіць — прысароміў іх паэмай
Пятро вельмі актыўны чалавек. У свае амаль 72 гады ён няблага працуе на кампутары, мае старонкі ў сацыяльных сетках, дзе часта ўступае ў гістарычныя або культурна-моўныя дыскусіі.
Творчасьцю Пятра Шапецюка, кажа ён сам, чыноўнікі культуры зацікавіліся пасьля таго, як ягоныя вершы былі надрукаваныя ў Польшчы беларусамі Падляшша. А калі спадара Шапецюка, ужо на пэнсіі, аднойчы «забыліся» запрасіць на сьвята працаўнікоў культуры, то ён накіраваў ідэолягам ліст, у якім выклаў у вершаванай форме гісторыю сваёй працы ў сельскім доме культуры.
«...Кіраўніцтва ад культуры вэтэранаў працы
пазабыла, ігнаруе, каб часу ня траціць.
Вэтэраны не ў адчаі — бо наперад знаюць,
Хто старых не паважае, тое ж іх чакае».
Такімі словамі Пятро Шапяцюк скончыў свой вершаваны зварот у аддзел культуры. І гэта падзейнічала — Пятра зноў пачалі запрашаць на мерапрыемствы.
Апошняя зьберагальніца традыцыяў лелікаўскай свахі
Настасься Шапяцюк сьпявае ў хоры, мае шмат дыплёмаў сьпеўных конкурсаў нават з Украіны і Польшчы. І захоўвае адзіны ў вёсцы традыцыйны для гэтай мясцовасьці строй вясельнай свахі. Цяпер абласныя ўлады працуюць над прапановай уключыць яго ў сьпіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Ад звычайнага строй адрозьніваецца пеўневым пер’ем на галаўным уборы, што сымбалізуе «баявіты дух» свахі. А на сукенцы вышытыя «вочы». «Вочы», кажа Настасься Шапяцюк, сымбалізуюць тое, што лелікаўская сваха мусіла сачыць «за парадкам» на вясельлі — калі выпіць, калі якую песьню засьпяваць.
Чым больш было такіх свах, тым больш багатым лічылася вясельле.
«Нават было па 17 свах, такіх маладых, прыгожых», — кажа Настасься Шапяцюк.
Аднак цяпер традыцыя лелікаўскай свахі занепадае, апошняе традыцыйнае вялікае вясельле было тут дзесьці ў 60-х гадах. Адна Настасься Шапяцюк у вёсцы зьберагае строй. А песьні занатоўвае на паперы, каб ня згінулі.
«Цяпер усё стала па-гарадзкому. Неяк сталі саромецца, што яно па-лелікаўску, і мова такая нашая не такая, як ва ўсіх, і абрад не такі, як ва ўсіх, і ўлада гэтага не падтрымлівала...» — кажа Пятро Шапяцюк пра прычыны заняпаду традыцый лелікаўскага вясельля.
Настасься ўсё ж спадзяецца, што традыцыя ня згіне. Яна вучыць сваіх унучак лелікаўскім песьням ды мяркуе перадаць ім строй, патлумачыўшы яго сымболіку.
«Яны любяць гэта. Я думаю, зьберагуць. Гэта ўсё ад нашага пакаленьня залежыць...» — кажа Настасься Шапяцюк.