Сэнат ЗША паскораным чынам разгледзеў дзьвюхпартыйны праект закону, які абвесьціць Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызму, калі яна ня верне тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх «выкрала, дэпартавала ці гвалтоўна вывезла» падчас вайны супраць Украіны, піша журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Тод Прынс.
На гэты момант Вашынгтон прызнае дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму толькі чатыры краіны: Іран, Паўночную Карэю, Сырыю і Кубу. Гэтая пазнака мае як фінансавыя наступствы, так і сымбалічнае значэньне.
Законапраект зьявіўся падчас усё большага расчараваньня амэрыканскіх заканадаўцаў прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, які за апошнія месяцы ўзмацніў паветраныя напады на Ўкраіну і, як кажуць многія на Захадзе, адмовіўся добрасумленна весьці перамовы аб мірным пагадненьні. Раней у гэтым месяцы Расея запусьціла дроны, якія ўвайшлі ў паветраную прастору Польшчы, і польскія войскі зьбілі некалькі зь іх. Гэта першы выпадак сутыкненнья NATO з расейскай зброяй ад пачатку вайны.
Што можа зрабіць гэты законапраект?
Калі Закон аб прызнаньні Расеі дзяржавай — спонсарам тэрарызму будзе прыняты, ён запатрабуе ад дзяржаўнага сакратара ЗША цягам 60 дзён падаць Кангрэсу справаздачу, у якой будзе пацьверджана, што дзеці, «выкрадзеныя, дэпартаваныя ці гвалтоўна вывезеныя з тэрыторыі Ўкраіны», у тым ліку з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, бясьпечна ўзьяднаныя зь сем’ямі ці апекунамі і што адбываецца іх поўная рэінтэграцыя ва ўкраінскае грамадзтва.
Паводле ацэнак Кіева, Расея ўтрымлівае больш за 19 500 украінскіх дзяцей. Калі дзяржаўны сакратар ня зможа пацьвердзіць іхнага вяртаньня, «Расея неадкладна павінна быць прызнаная дзяржавай — спонсарам тэрарызму».
Ці будзе праект прыняты?
Моцная дзьвюхпартыйная падтрымка азначае, што законапраект можа быць лёгка прыняты, калі яго вынесуць на галасаванне. Але гэта не азначае, што яму наканавана стаць законам.
Яго лёс зьвязаны з пытаньнем, адкрытым з таго часу, як Трамп уступіў у другі тэрмін прэзыдэнцтва ў студзені: ці ўвядзе ён дадатковыя санкцыі супраць Расеі ў рамках сваіх намаганняў спыніць вайну супраць Украіны?
Трамп таксама выказваў усё большае расчараванне ўпартасьцю Пуціна і ня раз казаў, што можа ўдарыць па Маскве новымі санкцыямі. Але, акрамя павышэньня тарыфаў на індыйскі імпарт за куплю Індыяй расейскай нафты, ён устрымліваўся ад гэтага цягам дзевяці месяцаў свайго тэрміну. Часам ён выказваў занепакоенасьць тым, што новыя санкцыі могуць перашкодзіць яго намаганьням прыцягнуць Пуціна да перамоваў.
Хоць законапраект дае ЗША дадатковую зброю супраць Расеі, няясна, ці заканадаўцы паставяць яго на галасаваньне.
А што зь Беларусьсю?
Перш сэнатары плянавалі дадаць у законапраект і Беларусь як ключавога саўдзельніка ў ваенных дзеяньнях Расеі, які дапамагае ёй таксама вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Але нядаўняе рашэньне ўладаў Беларусі вызваліць каля 52 зьняволеных на просьбу прэзыдэнта Трампа прымусіла іх пакуль што прытармазіць адносна Менску — на гэты момант, піша Tne New Yourk Post.
«Магчыма, тут будзе прарыў зь Беларусьсю, — растлумачыў гэта сэнатар Грэм.— Мы не закрылі пытаньня зь ёю, але сёньня мы засяроджваемся на Расеі».