У Менску больш за тысячу Сьведкаў Еговы. Яны зьбіраюцца ў трох Залях Царства. Лічаць сябе адзінымі сапраўднымі хрысьціянамі. Зрабілі ўласны пераклад Бібліі, бо традыцыйны, на іхную думку, зьмяшчае недакладнасьці. Мы наведалі іхны нядзельны сход і даведаліся, чым яны розьняцца ад пратэстантаў, каталікоў і праваслаўных.
«Канец сьвету блізка – хутка ААН зьнішчыць усе хлусьлівыя рэлігіі»
«Дагэтуль памятаю жудасную карціну наступстваў вайны, якая адкрылася нам у прыгарадзе Менску. Прыдарожныя канавы й лес былі ўсеяныя непахаванымі целамі ды ўспухлымі трупамі коней, а таксама кінутымі фурманкамі, вайсковым рыштункам і абломкамі зьбітых самалётаў. У 1945 годзе скончылася вайна. За адмову ваяваць нам прысудзілі 10 гадоў турэмнага зьняволеньня. Неўзабаве арыштавалі сясьцёр і асудзілі на 25 гадоў лягераў»
Гэтая гісторыя Сьведкі Міколы Дубавінскага запісаная ў «Вартаўнічай Вежы». Сьведкі Еговы выдаюць гэты часопіс найвялікшым у сьвеце накладам – больш за 60 мільёнаў асобнікаў. Яго друкуюць у дзьвюх вэрсіях – для пашырэньня й для вывучэньня на сходах – на трох сотнях моваў. Беларускай сярод іх няма.
Мы знаходзімся ў адной з трох менскіх Заляў Царства Сьведкаў Еговы. Заля займае частку першага паверху бізнэс-цэнтру і ёсьць уласнасьцю вернікаў. Службы тут праводзяцца зь мінулага сьнежня. Яны таксама зьбіраюцца яшчэ ў двух арандаваных памяшканьнях.
Штосуботу тут адбываюцца два сходы, штонядзелю – тры, адзін для глуханямых. Вернікаў падзялілі геаграфічна. Нам прапанавалі наведаць сход разам з жыхарамі Лошыцы й Серабранкі. Некаторыя сходы маюць моўны падзел: пэрыядычна іх праводзяць на беларускай, ангельскай і кітайскай мовах, але ня так часта, як на расейскай.
Адразу ля ўваходу наведнікаў сустракае надпіс «У Вефілі (у перакладзе са старажытнагабрэйскае Бэйт-Эль — «Божы Дом») непрымальнае адзеньне занадта вольнага стылю». Прыклады на фатаздымках. Сярод іншага, гэта джынсавыя спадніцы, кашулі «навыпуск», бэйсболкі з эмблемамі. Тут жа знаходзяцца й скрыні для добраахвотных ахвяраваньняў — на мясцовыя ды ўсясьветныя патрэбы. Таксама ахвяраваць можна празь галоўны сайт арганізацыі, перадаць ёй нерухомасьць, маёмасьць, падпісаць тастамант.
Зьлева меншае памяшканьне. На шафах раскладзеная рэлігійная прадукцыя: часопісы, брашуры, кнігі, дыскі. У асноўным усё па-расейску. Па-беларуску некалькі ўлётак: «Ці будуць памерлыя жыць зноў», «Хто на самай справе валодае сьветам» і г.д., а таксама брашура «Слухайце Бога й жывіце вечна». Цытаты зь Бібліі чамусьці пададзеныя наркамаўкай, а спасылкі – тарашкевіцай.
Сьведкі Еговы маюць уласны расейскамоўны пераклад Бібліі, які зрабілі ў 2007 годзе. Яго наклад каля пяці мільёнаў асобнікаў, а на ўсіх мовах – больш за дзьвесьце. У канцы кнігі выдаўцы пазначылі асноўныя адрозьненьні. Сярод іншага:
– «аднавілі» імя «Егова» больш чым ў сямі тысячах месцаў;
– слова «крыж» зьмянілі на «слуп пакутаў», бо вераць, што менавіта на ім расьпялі Хрыста;
– слова «пекла» зьмянілі на габрэйскае «шэол» і грэцкае «гадэс», як «агульную магілу чалавецтва», бо вераць, што пекла як месца вечных пакутаў няма, а душа сьмяротная;
– перайначылі Стары Запавет ў Габрэйска-Арамейскія Пісаньні, а Новы Запавет – у Хрысьціянскія Грэцкія Пісаньні.
Найбольш яскрава адрозьненьні ад іншых – непраўдзівых – хрысьціянаў, як іх называюць, бачым у кнізе «Царства Бога кіруе». Яна пачынаецца й сканчваецца згадкай канцу сьвету. Згодна зь Бібліяй, праз пэўны час пасьля ўваскрасеньня Хрыстос стане кіраваць нябесным Царствам, а пазьней усталюе яго на Зямлі. Сьведкі «вылічылі», калі ўсё гэта адбудзецца:
«У 1914 годзе было ўстаноўленае Царства. (На Зямлю яно) прыйдзе пасьля таго, як пакаленьне убачыць зьдзяйсьненьне прарочага знаку. Пакаленьне складаецца зь дзьвюх групаў, жыцьці якіх перасякаюцца: якія бачылі пачатак зьдзяйсьненьня знаку ў 1914 годзе і якія нейкі час былі сучасьнікамі першай групы. Некаторыя з другой групы будуць жывыя, калі пачнецца вялікае бедзтва». У 1914 годзе на Зямлю быў нібыта скінуты д’ябал. Сьведкі Еговы гэта даказваюць тым, што пачалася Першая ўсясьветная вайна ды стала шмат зла.
Першаю з чаканых імі падзеяў ёсьць зьнішчэньне ўсіх астатніх «непраўдзівых» рэлігіяў. І зробіць гэта, на іхную думку, ААН, бо знайшлі ў Бібліі ўскосную згадку, якая можа пасаваць да гэтай арганізацыі – «мір і бясьпека». Чытаем у кнізе «Царства Бога кіруе»:
«Як сказаў апостал Павал: „Бо, як будуць гаварыць: мір і бясьпека, дык тады спасьцігне згуба“. Згуба чаго? Усясьветнай імпэрыі непраўдзівае рэлігіі. Зьнішчэньне хрысьціянскага сьвету ды іншых непраўдзівых рэлігійных арганізацыяў стане першым этапам „вялікага бедзтва“. Хто нападзе? „Зьвер зь дзесяцьцю рагамі“. Гэты „зьвер“ і ёсьць ААН. Усе арганізацыі непраўдзівай рэлігіі будуць зьнішчаныя, і застанецца толькі праўдзівая рэлігія».
«Праўдзівай рэлігіяй» Сьведкі Еговы лічаць сваю. Яны вераць, што пасьля ўсталяваньня Царства на Зямлі Бог уваскрасіць мільярды людзей – усіх, хто тут жыў у розныя часы. Тысячу гадоў яны будуць жыць пад кіраўніцтвам Хрыста. Тыя, хто пройдзе г. зв. выпрабавальны тэрмін, застануцца жыць вечна, астатнія адыдуць у «шэол» – як мы пісалі раней, гэта ня пекла, дзе душы грэшнікаў трываюць вечныя пакуты, а звычайная магіла – то бок у небыцьцё. У гэты ж час Хрыстос нібыта абярэ 144 тысячы Сьведкаў Еговы – яны стануць дапамагаць яму ў кіраваньні Царствам зь Нябёсаў.
«Брак самавалоданьня – прызнак апошніх дзён»
Галоўнае памяшканьне Залі Царства ўмяшчае больш за сотню чалавек. Усе месцы занятыя. Служба пачынаецца зь песьні. Вернікі пяюць уголас стоячы. Затым перад прысутнымі зачытваюць малітву: каб Егова дапамог забыць турботы ды засяродзіцца на новых ведах.
Вернікі сядаюць. Да іх зьвяртаецца брат Сьвятаслаў са Стоўбцаў. Палову гадзіны ён тлумачыць, як перамагаць зло дабром. У выступе спасылаецца на Другое Пасланьне да Цімафея 3:2-3, дзе апостал Павал пералічвае якасьці людзей «у апошнія дні»: яны будуць самалюбнымі, срэбралюбцамі, ганарлівымі, не паслухмянымі бацькам, няўдзячнымі, бязбожнымі й г. д.
«Гэтыя якасьці даказваюць, што неўзабаве Бог умяшаецца ў нашыя справы ды пакончыць са злымі людзьмі, – падсумоўвае спадар Сьвятаслаў. – Вялікае бедзтва не супярэчыць маральнасьці. Бог мае права зьнішчыць такіх людзей».
Свой выступ ён заканчвае яшчэ адной цытатай з гэтага ж разьдзелу. Там сказана, што хрысьціяне «перасьледаваныя будуць».
– Хрыстос не хаваў, што гэтыя людзі будуць зазнаваць перасьлед. Браты па ўсім сьвеце сутыкаюцца з гэтым. Розныя формы. Кожны на сабе выпрабаваў насьмешкі, у тым ліку ад калегаў, родных, – дадае ён.
Другая частка службы Сьведкаў Еговы інтэрактыўная. У ёй дазваляецца браць удзел усім ахвотным. Яе вядзе брат Павал Ядлоўскі, адзін зь пяці старэйшынаў гэтага сходу. Месца каля яго займае брат Максім: ён зачытвае адпаведны разьдзел у часопісе «Вартаўнічая Вежа», а прысутныя абмяркоўваюць. Тэма – самавалоданьне. На гэтым тыдні яе вывучаюць на ўсіх сходах сьвету.
«Людзі недасканалыя, і таму ім нялёгка праяўляць самавалоданьне. У наш час людзі праяўляюць яго значна менш, чым у 1940-х гадах. Гэта зусім не зьдзіўляе тых, хто вывучае Слова Бога, бо, згодна зь Бібліяй, адсутнасьць у людзей самавалоданьня – адна з прыкметаў апошніх дзён», – чытае брат Максім.
У часопісе таксама прапісаныя пытаньні, якія брат Павал мусіць задаваць прысутным: «Да чаго прыводзіць недахоп самавалоданьня й чаму гэтая праблема актуальная сёньня?». Вернікі ўздымаюць рукі ды адказваюць – па некалькі сказаў. Старшыня сходу ведае ўсіх па імёнах і па чарзе прапаноўвае выказацца. Сястра Валерыя кажа, што недасканалыя людзі маюць прыроджаную схільнасьць да дрэнных учынкаў і што праяўляць самавалоданьне бывае вельмі цяжка. Сястра Галіна дадае, што ў апошнія дні людзі будуць самалюбнымі, а гэтая якасьць ніколі не выхоўвае самавалоданьня.
Брат Максім чытае далей: «Тыя, хто валодае сабой, менш ладзяць зь іншымі, менш раздражняльныя, ня так схільныя да трывогі й дэпрэсіі». Прысутныя мусяць адказаць, чаму важна валодаць сабой. Сястра Тацяна кажа: «Людзі, якія маюць самавалоданьне, лепш умеюць ладзіць адно з адным, ня схільныя да трывогі й дэпрэсіі». Амаль заўсёды вернікі пераказваюць пачутае ад брата Максіма.
Брат Емельян кажа: «Прыклад Еговы вучыць нас таму, як важна ўзважваць свае словы ды старанна абдумваць свае ўчынкі». Ён слова ў слова паўтарыў прачытанае некалькімі хвілінамі таму з «Вартаўнічай Вежы».
Гэтая частка службы цягнецца больш за гадзіну. Побач са мной сядзіць яшчэ адзін старэйшына, брат Вячаслаў, пэрыядычна ён шэптам тлумачыць пачутае. Усе пяцёра кіраўнікоў сходу сядзяць сярод астатніх прысутных.
Сястра Ганна нагадвае, што на афіцыйным сайце ёсьць шмат відэа, якія «варта пераглядаць, каб не памыліцца».
Нядзельная служба заканчваецца песьняй (яна таксама пазначана ў часопісе) і малітвай. Праз гадзіну пачнецца новая, трэцяя й апошняя.
«Мы хрысьціяне, але не пратэстанты, каталікі ці праваслаўныя»
Сястра Ірына Сяргеева стала Сьведкай Еговы ў Пецярбургу, дзе жыла да пераезду ў Менск. Вернікі падыйшлі да яе на вуліцы ды прапанавалі вывучаць Біблію.
– Я была камсамолкай, у Бога ня верыла, – кажа спадарыня. – За Сьведкамі Еговы доўгі час назірала, бо баялася трапіць у нейкую гісторыю. Да гэтага было ўражаньне, што вернікі – людзі чорныя й закрытыя. Аказалася, сярод іх шмат жыцьцярадаснай моладзі. Мне спадабалася, бо цаню адукацыю й веды. А Сьведкі дапамагалі мне вывучаць Біблію, канкрэтна адказвалі на ўсе пытаньні.
У Расеі 170 тысячаў Сьведкаў Еговы, але сёлета іхную дзейнасьць забаранілі. Вернікі зьбіраюцца па кватэрах і дамах, як у савецкія часы. Бывае, езьдзяць за мяжу. Як, напрыклад, зь Пецярбургу ў эстонскую Нарву. Штотыдзень.
– Мае бацькі й брат ня Сьведкі, але нават яны былі абураныя, бо разумеюць, што да экстрэмістаў нас дакладна нельга аднесьці. Парадокс у тым, што мы ня ўдзельнічаем у палітыцы й не бяром у рукі зброю. Нашыя браты імкнуцца праходзіць альтэрнатыўную службу, – дадае сястра Ірына.
Брат Павал Ядлоўскі жыве ў Менску з 1991 году, яго родны горад Рагачоў. Сьведкам Еговы ён стаў у Кіеве, дзе атрымоўваў вайсковую адукацыю. Там «сьведкі» распавядалі пра Біблію ў падземным пераходзе пад Майданам. Вучобу Павал кінуў, бо зразумеў, што «стаў дэградаваць».
Ягоныя быцькі адмоўна паставіліся да выбару сына. Прыяжджалі ў Кіеў, хадзілі зь ім да пяцідзясятнікаў, каталікоў, праваслаўных, але ён свой выбар не зьмяніў. Калі вярнуўся ў Рагачоў, то стаў апавядаць пра Егову. Бацька крычаў, што сын ганьбіць сям’ю, нават кідаўся на яго зь сякерай. Але незадоўга да сьмерці, калі ляжаў паралізаваны, папрасіў прынесьці яму Біблію. Маці з часам стала Сьведкай Еговы.
– Кожны чалавек мае права вырашаць, як ён верыць, – кажа нам брат Павал. – Кожны дасьць адказ перад Богам, у што верыў і як жыў. Мы хрысьціяне, але не пратэстанты, каталікі ці праваслаўныя. Расказваем, аб чым дазналіся, калі вывучалі Біблію: што няма ніякай г. зв. Сьвятой Тройцы; што Зямля ня будзе зьнішчаная, Бог тут зробіць рай; што нельга сьвяткаваць традыцыйныя хрысьціянскія сьвяты; што крыж – гэта паганскі сымбаль, які нельга выкарыстоўваць. Мы зьмяняем свае погляды, калі грунтоўнае вывучэньне Бібліі дае доказы. Напрыклад, раней мы сьвяткавалі Раство, выкарыстоўвалі на сваёй эмблеме крыж. Мы трымаемся ў баку ад іншых рэлігіяў, але нашая місія - распавядаць іншым хрысьціянам праўду.
Адзінае сьвята, якое вызнаюць Сьведкі Еговы – Сьвятая Вячэра. Яно супадае з габрэйскім Вялікаднем: бліжэйшае адбудзецца 31 сакавіка 2018 году. Менскія вернікі штогод зьбіраюцца на кангрэс. Наступны – 25–26 лістапада ў ДК «МАЗ». Беларускія вернікі з 2011 году разам зьбіраюцца летам на стадыёне «Трактар».
Наш суразмоўца ўдакладняе, што гаварыць зь людзьмі – гэта абавязак Сьведкаў Еговы. У Залях Царства загадзя вучаць, каб прапаведнікі не навязваліся, каб правільна рэагавалі на магчымую агрэсію.
– Я таксама распавядаю людзям пра Біблію, – дадае брат Павал. – Бо хачу падзяліцца тым, аб чым даведаўся. Магу з кімсьці паразмаўляць, нават калі йдзем зь сям’ёй адпачываць ці за пакупкамі. Бывае, мэтанакіравана. Напрыклад, сёньня мы каля дзьвюх гадзін абыходзілі Мачулішчы. Гэта вайсковы гарадок, там шмат атэістаў, але з 40 чалавек некалькі пагадзіліся, каб мы прыйшлі яшчэ раз. Мы ня ставім за мэту, каб гэтыя людзі сталі Сьведкамі Еговы. Мы прапаноўваем веды.
Брат Павал ёсьць старэйшынам аднаго з адзінаццаці менскіх сходаў (кожны сход мае звычайна пяць старэйшынаў). Каля дваццаці сходаў утвараюць раён, а дзесяць раёнаў – вобласьць. Старэйшынаў прызначаюць разьязныя наглядчыкі. Наш суразмоўца быў такім, пакуль не нарадзілася дачка. Жанчыны кіраваць сходамі ня могуць. Усясьветная кіроўная рада цпер складаецца зь сямі «апосталаў» – яны працуюць у цэнтральным офісе ў ЗША. Сьведкі Еговы лічаць, што іх абірае сам Бог, прычым пажыцьцёва, калі ўвесь час адпавядаць патрабаваньням.
Як мы даведаліся, Сьведкі не давяраюць традыцыйным перакладам Бібліі, а таму зрабілі ўласны. Пратэстантаў, каталікоў, праваслаўных і мармонаў яны называюць непраўдзівымі хрысьціянамі. Гэта адно з адрозьненьняў ад бахаі, якія вераць, што ўсе рэлігіі сапраўдныя ды йдуць ад адзінага Бога, проста дадзеныя людзям на розных этапах разьвіцьця. Асноўныя разыходжаньні з традыцыйнымі хрысьціянамі у тым, што Сьведкі Еговы не прызнаюць Сьвятую Тройцу, адмаўляюць неўміручасьць душы й наяўнасьць пекла, лічаць, што Хрыста расьпялі не на крыжы, а на слупе, што нельга сьвяткаваць ніводнага сьвята, у тым ліку Раства й Вялікадня, акрамя Сьвятой Вячэры. Таксама яны нібыта вылічылі, што з 1914 году на нябёсах усталяванае Царства Хрыста, якое пры жыцьці нашага пакаленьня прыйдзе на Зямлю – Ісус будзе кіраваць ім з дапамогай 144 тысячаў Сьведкаў Еговы, якіх узьнясе на нябёсы. Для пашырэньня сваёй веры яны штогод выдаюць больш за мільярд асобнікаў часопісаў і непэрыядычнай прадукцыі.