Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША назвалі галоўнай пагрозай 2017 году канфлікт Расеі і NATO


Польскія вайскоўцы ў час вучэньняў NATO ў 2014 годзе.
Польскія вайскоўцы ў час вучэньняў NATO ў 2014 годзе.

Ваенны канфлікт паміж Расеяй і краінамі NATO можа стаць галоўнай пагрозай у 2017 годзе. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе амэрыканскай Рады міжнародных зносін.

Дакумэнт пад назвай «Папярэдні разгляд магчымых пагроз у 2017 годзе» апублікаваны на сайце рады. У ягонай аснове вынікі апытаньня каля 500 урадавых чыноўнікаў і экспэртаў па замежнай палітыцы.

На думку экспэртаў, верагоднасьць «наўмыснай або выпадковай» ваеннай канфрантацыі Масквы і краінаў NATO праз агрэсіўныя паводзіны Расеі ва Ўсходняй Еўропе сярэдняя, аднак наступствы будуць надзвычай цяжкімі.

Іншая сур'ёзная пагроза надыходзячага году, на думку экспэртаў, — магчымы ядзерны крызіс у Паўночнай Карэі. Верагоднасьць такога сцэнару вялікая, аднак наступствы менш сур'ёзныя для Вашынгтону, лічаць экспэрты.

Таксама ў сьпісе магчымых пагроз правядзеньне «разбуральнай кібэратакі» на жыцьцёва важныя аб'екты амэрыканскай інфраструктуры. А таксама верагоднасьць тэракту зь вялікай колькасьцю ахвяраў на тэрыторыі ЗША або іх саюзьнікаў.

У катэгорыю пагроз, уплыў якіх лічыцца «умераным», а пэрспэктыва ўзьнікненьня «высокай», увайшлі палітычная нестабільнасьць у Аўганістане, рост гвалту ў канфлікце паміж Турцыяй і курдамі і эскаляцыя грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Гэта ўжо дзявятае падобнае дасьледаваньне, падрыхтаванае Радай міжнародных зносін, якая зьяўляецца адной з найбуйнейшых у ЗША прыватных аналітычных кампаніяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG