Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — вядомы расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён адказвае на пытаньне, хто перамог па выніках апошняй сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, разважае, што важней для цяперашняга Крамля — аўтарытарная ідэйная блізкасьць менскага рэжыму ці ягоная прарасейская накіраванасьць — і тлумачыць, чаму, на ягоную думку, акупацыя Беларусі Расеяй цалкам немагчымая. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
— Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна пакінула ў аглядальнікаў неадназначныя ацэнкі. У многіх склалася ўражаньне, што, у адрозьненьне ад ранейшых беларуска-расейскіх канфліктаў, на гэты раз у цэлым перамагла Масква. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?
— Тут трэба ведаць лічбы, якія цэны, умовы рэструктурызацыі даўгоў і гэтак далей — я іх пакуль ня ведаю. Што тычыцца справы ў цэлым, калі казаць пра ідэалягічна-піярскі складнік — то я ня бачу асаблівай прынцыповай розьніцы ў параўнаньні з тым, што было апошнія 20 гадоў.
Вядома, ёсьць праблема, пра якую вельмі ляпідарна сказаў Сакрат нашага часу Дзьмітры Мядзьведзеў — «грошай няма, але вы трымайцеся». Але гэта тычыцца ня толькі пэнсіянэраў у Крыме, але і Лукашэнкі, і ўсіх. Лукашэнка гэта выдатна разумее, ён разумее, што колькі ні цісьні — больш ня выдаіш. І тыя раскошныя часіны, калі Расея ня ведала, куды грошы падзець — яны прайшлі. Прайшлі надоўга, калі не назаўсёды.
Адпаведна, ягоныя апэтыты зьменшыліся. Тым болей адно не зьмянілася — іншых аматараў даваць Лукашэнку грошы няма. Спансаваць усю гэтую асалоду, акрамя Расеі, няма каму. Таму, я думаю, ён свае амбіцыі трохі прыцішыў.
— Калі казаць пра тое, што зьмянілася не на карысьць Беларусі, то ўзгадваюць перш за ўсё гэты газавы доўг — каля 700 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск яго не прызнаваў, казаў, што цана за газ несправядлівая. Але ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прызнаў доўг і паабяцаў яго сплаціць праз рэструктурызацыю. Няўжо ён спадзяваўся, што будзе як у канцы 90-х, калі Беларусь не плаціла, а даўгі потым сьпісвалі?
— А я думаю, што так і будзе. Што такое «рэструктурызацыя»? Можна доўг плаціць, тады вызначаецца графік выплат. А можна яго рэструктураваць. Гэтае загадкавае слова можа азначаць усё што заўгодна. Тая ж Расея дае крэдыт, і з расейскага крэдыту доўг вяртаюць. Адно дакладна — з сваёй кішэні Лукашэнка грошы не дастане, у яго іх няма. А чаго няма, тое і аддаць немагчыма.
З сваёй кішэні Лукашэнка грошы не дастане, у яго іх няма. А чаго няма, тое і аддаць немагчыма
— Вельмі важны і фон, на якім адбывалася гэтая сустрэча. Перад ёй у Менску і Маскве адбыліся амаль ідэнтычныя разгоны пратэстаў апазыцыі. Ці маглі на гэтым фоне кіраўнікі дзяржаў адчуць эмацыйную і ідэйную блізкасьць?
— Эмацыйнай блізкасьці там, як вядома, няма. Усе ведаюць, што асабіста Пуцін і Лукашэнка адзін аднаго цярпець ня могуць — гэта шматразова паказана і даказана. А ідэалягічная і палітычная блізкасьць ёсьць, і гэтыя падзеі лішні раз паказалі, што яны ў адной лодцы, што ім абапірацца няма на каго, акрамя як адзін на аднаго. А для палітыка ідэалягічная блізкасьць значна даражэйшая і важнейшая за асабістыя адносіны. Мы зьвязаныя адным ланцугом, і перакласьці яго няма на каго. Мітынгі ў Маскве і Менску паказалі, наколькі яны, як сказаў Лукашэнка, «родныя браты».
— Лукашэнка нават больш сказаў. Што яму з Пуціным, магчыма, давядзецца стаць сьпінай адзін да аднаго і адстрэльвацца. Ад каго?
— Адстрэльвацца няма ад каго, гэта звычайная бессэнсоўная дэмагогія. Але факт, што абодва рэжымы антылібэральныя і антызаходнія, і ніякіх хістаньняў у гэтым не дапусьцяць.
— А што для Крамля важнейшае ў падтрымцы Лукашэнкі — ягоная прарасейская палітыка ці ідэйная блізкасьць аўтарытарных рэжымаў? Калі б, напрыклад, у Менску быў дэмакратычны і прарасейскі рэжым — ён бы падабаўся цяперашняму Крамлю?
— Гэта трошкі нагадвае пытаньне, «каго ты больш любіш — тату ці маму?». Паводле дзіўнага зьбегу абставін усе саюзьнікі Расеі — ідэйна блізкія. І ўсе, хто ідэйна ня блізкі — лібэральныя рэжымы, рэжымы, дзе ёсьць палітычная канкурэнцыя — тыя не саюзьнікі.
Безумоўна, ня ўсе аўтарытарныя рэжымы — саюзьнікі Расеі. Але некаторы ідэалягічны сантымэнт — не асабісты, ня расавы, этнічны, рэлігійны — Расея да іх мае. Напрыклад, Паўночная Карэя і Ўкраіна. Украіна — гэта максымальна блізкі да Расеі народ, амаль адна рэлігія, мова, і гэтак далей. Паўночная Карэя — краіна этнічна максымальна чужая, іншая рэлігія, іншы тып палітычнага рэжыму. Але хто найзьлейшы вораг? Украіна. А Паўночная Карэя — ня сябар, але рэжым, які Расея імкнецца часам абараняць, ня маючы ніякіх эканамічных выгад.
Бо ідэалягічная блізкасьць заўсёды першасная. Любая іншая — эканамічная, расавая, рэлігійная — другасная. Больш за тое, калі нейкая краіна вам гістарычна блізкая, але ідэалягічна чужая — то яна становіцца, відавочна, зьлейшым ворагам. Бо самыя злыя ворагі — гэта сваякі.
Калі нейкая краіна вам гістарычна блізкая, але ідэалягічна чужая — то яна становіцца, відавочна, зьлейшым ворагам. Бо самыя злыя ворагі — гэта сваякі
— У беларускім незалежным грамадзтве, сярод аналітыкаў і палітычных актывістаў даволі актыўна абмяркоўваецца магчымасьць акупацыі Беларусі Расеяй у той ці іншай форме. Але ў Маскве нават апазыцыйныя да Крамля людзі настроеныя вельмі скептычна да такой магчымасьці. Чаму?
— З палітычнага пункту гледжаньня варыянт, што Расея захопіць і далучыць Беларусь — як заўгодна мірна, бяз стрэлаў — абсалютна выключаны. «Гэтага ня можа быць, бо гэтага ня можа быць ніколі». Зь вельмі простых прычын.
Першае. Расеі патрэбны саюзьнік. Міжнародна прызнаны, з правам голасу ў ААН. Паўнавартасная дзяржава. А вось яшчэ адна частка сваёй тэрыторыі, у якой ёсьць вялікія эканамічныя праблемы, Расеі не патрэбная. У нас і так хапае тэрыторыі, а насельніцтва ўсяго 150 мільёнаў чалавек.
Другое. У расейскага насельніцтва вельмі папулярная ідэя братэрскай блізкасьці зь Беларусьсю. Расейцы добра ставяцца да Лукашэнкі, нягледзячы ні на што. Абсалютна фантастычнай падаецца ідэя, як мы захопім Беларусь, «трызьненьне нейкае». Я нават не кажу пра вайсковае ўварваньне, гэта псыхалягічна і фізычна немагчыма.
Але нават пры самых мірных раскладах — напрыклад, у Беларусі здараецца нешта, што абурае расейскае кіраўніцтва, і мы ўводзім войскі, каб абараніць... Не пракоціць гэта ў Расеі, гэта для расейскага народу незразумела.
Трэцяя праблема. Захад зь цяжкасьцю, але «зьеў» гісторыю з Крымам. А калі Расея паўторыць гэта зь Беларусьсю, то мэтафара «Пуцін — гэта сучасны Гітлер» перастане быць мэтафарай. Тады на Захадзе будзе перакананьне, што перад намі імпэрыяліст, які глытае чужыя краіны, і невядома, дзе ён спыніцца. Сёньня гэта Менск, заўтра Варшава, потым Парыж. І ніякімі довадамі перабіць такое ўспрыманьне будзе немагчыма.
Што гэта азначае? Гэта азначае рэальную ізаляцыю, перакрыцьцё ўсіх фінансавых каналаў, то бок глябальную катастрофу для Расеі. Дзеля чаго? Дзеля якой мэты?
— Вы адказвалі рацыянальнымі аргумэнтамі. Але яны разьбіваюцца тым, што Масква апошнім часам дзейнічае зусім не рацыянальна, нават часам сабе на шкоду. Той жа Крым, Данбас, супрацьстаяньне з Захадам. Чаму ж Пуцін ня можа пайсьці на чарговы нерацыянальны крок — захоп Беларусі?
У Пуціна звышкаштоўных ідэяў няма, ніякіх
— Гэта было б магчыма (паглынаньне Беларусі, Прыбалтыкі, іншай краіны) у выпадку, калі б Пуцін быў чалавекам, у якога ёсьць звышкаштоўная ідэя. Ня важна якая — жыцьцёвая прастора, стварэньне вялікай імпэрыі, аднаўленьне СССР, сусьветнае панаваньне, барацьба зь непаўнавартаснымі расамі — любая. Калі б яна была, то такая ідэя мацнейшая за любыя довады розуму, гэта так. Але ў Пуціна звышкаштоўных ідэяў няма, ніякіх. Ён кіруе краінай ужо 17 гадоў, вялікі тэрмін. За гэты час ён толькі далучыў Крым. Яму ўжо 65 гадоў, ня самы лепшы ўзрост для пачатку ваенных авантур.
У яго няма звышкаштоўнай ідэі аднавіць Савецкі Саюз. Гэта яму прыпісваюць, але ён гэтага ня хоча. Што да Крыму, то гэта была звышкаштоўная ідэя не асабіста Пуціна, але ўсяго расейскага народу. У 90 працэнтаў расейскага насельніцтва было цьвёрдае перакананьне, што Крым адабралі ў Расеі не па справядлівасьці. І, забіраючы Крым, мы, маўляў, аднаўляем справядлівасьць, не чужое бяром, а сваё вяртаем. У дадзеным выпадку Пуцін проста ішоў на повадзе ў вельмі папулярнай у народзе думкі.
А далей ён мог дзейнічаць па-рознаму. Калі б у яго была звышкаштоўная ідэя аднавіць любым коштам Савецкі Саюз — ён бы проста захапіў Украіну. Украіна была слабая ў 2014-м, раздаўбаная, арміі не было. Можна было кінуць войскі, і празь нейкі час расейскія танкі былі б у Кіеве. Але ён гэтага не зрабіў, бо гэта нерацыянальнасьць і дурасьць. Гітлеру было пляваць на рацыянальнасьць, бо для яго вайна — гэта была звышкаштоўная ідэя, «місія». А ў Пуціна такой «місіі» няма.