Аляксандар Лукашэнка правёў 5 верасьня нараду з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі, праваахоўных органаў і ведамстваў нацыянальнай бясьпекі. Там ён загадаў больш не апраўдвацца за вучэньні «Захад-2017», перадае БЕЛТА.
«Хацеў бы напярэдадні пачатку актыўнай фазы вучэньняў «Захад-2017» пачуць інфармацыю ад Міністэрства абароны, якая сытуацыя ў гэтым пляне, – казаў Лукашэнка. – Пры гэтым хачу папярэдзіць: хопіць апраўдвацца, абарончы характар нашы вучэньні маюць, яшчэ нешта. Ёсьць армія, ёсьць супольная групоўка Беларусі і Расеі на заходнім напрамку. А калі яна існуе, мы ні ад каго гэта не хавалі, мы яе будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак».
Але Лукашэнка сам дадаў: «нападаць мы ні на каго не зьбіраемся». Ён і раней казаў, што вучэньнямі «мы нікога не пужаем, нам чужога ня трэба». Але ўсе суседзі Беларусі акрамя Расеі выказвалі занепакоенасьць вучэньнямі, у прыватнасьці тым, што расейскія войскі могуць не пакінуць Беларусь па заканчэньні вучэньняў, а таксама тым, што Расея можа Беларусьсю як пляцдармам для нападу на іншыя дзяржавы».