Шмат якія краіны намагаюцца скарыстаць сваё геаграфічнае становішча, але далёка ня ўсім гэта ўдаецца на практыцы. Пасьпяховым прыкладам можа служыць Панама — невялікая дзяржава ў Цэнтральнай Амэрыцы.
Журналіст Свабоды Ігар Карней зірнуў, ці рэальна здабыць капітал на геаграфічнай зручнасьці і прывабных умовах для інвэстараў.
Перадумовы татальнай урбанізацыі
Беларусь цалкам магла б карыстацца сваім статусам цывілізацыйнага мосту паміж Усходам і Захадам, але з прычыны супярэчлівай палітыкі транзытныя плыні яе пераважна абмінаюць. Складаная і зацягнутая працэдура мытнага дагляду, высокія тарыфы за карыстаньне дарогамі для іншаземцаў, незразумелая сыстэма аплаты BelToll і, як вынік, непамерныя штрафы парушальнікам — усё гэта мала спрыяе таму, каб разглядаць беларускі калідор як прыярытэтны.
Да таго ж заходнія санкцыі супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне і гандлёвае эмбарга, уведзенае Масквой у адказ, абмяжоўваюць гандлёвую актыўнасьць у абодвух кірунках, што адбіваецца на ўсёй транспартнай інфраструктуры. Ну і апошні цьвік у труну — брак праўных гарантыяў патэнцыйным інвэстарам, якія ня бачаць у Беларусі месца, дзе рэальна памножыць свае ўкладаньні.
Інакшы прыклад геапалітычнага мысьленьня дэманструе краіна на іншым баку сьвету — Панама. На тэрыторыі, утрая меншай за Беларусь, жывуць больш за 4 мільёны 200 тысяч чалавек. Нават візуальна заўважна, што дзяржава выгадна розьніцца ад іншых рэгіянальных суседзяў — і гарадзкой інфраструктурай, і ўзроўнем бясьпекі, і ўмовамі жыцьця насельніцтва.
Перадусім гаворка пра сталіцу, дзе сёньня атабарыўся кожны трэці жыхар краіны (працэнт гарадзкога насельніцтва ідэнтычны Беларусі — больш за 70%). Першыя 20-павярховікі ў Панама-сіці паўсталі напачатку 1980-х, а сёньня тут ужо больш за паўсотні будынкаў у 50-70 паверхаў.
Горад мае мала агульнага зь сьціплымі суседнімі сталіцамі — Сан-Хасэ, Манагуа ці Сан-Сальвадорам, займаючы месца ў адным шэрагу з ультрасучаснымі амэрыканска-азіяцкімі мэгаполісамі. Зрэшты, гэта цягне за сабой і нэгатыўныя праявы: пастаянныя заторы, загазаванасьць паветра, аглушальны рык гудкоў і дадатковых выхлапных трубаў.
Як бы ні было, бізнэс-цэнтар з штаб-кватэрамі міжнародных банкаў і прамысловых карпарацыяў, гандлёвымі моламі і жылымі комплексамі сваёй «вэртыкальнай» архітэктурай абʼектыўна бліжэйшы да Нью-Ёрку ці Ганконгу, чым да заштатных гарадоў трэцяга сьвету. Іншых аналягаў настолькі імклівай урбанізацыі ў рэгіёне больш няма. Адзінае, што рэжа вока, — калючая агароджа вакол кварталаў.
У злавесным цені Паблё Эскабара
Яно і праўда: чым далей ад умоўнай сталічнай кальцавой, тым меней у людзей падставаў да аптымізму — замест шкла і бэтону хмарачосаў пануюць халупы з падручных матэрыялаў.
Хоць, дзеля справядлівасьці зазначым, улады дэкляруюць, што плады росту эканомікі павінны даставацца ўсім, а ня толькі офісным «белым каўнерыкам». А таму абяцаюць аблегчыць становішча не дапушчаных да «афшорнай кармушкі». Стаўка на правобраз сацыяльнай дзяржавы, у падмурку якой гуманная мэта — кожны мусіць магчы сябе пракарміць.
Пачалі з падатковага заканадаўства. Так, людзей зь невялікім дастаткам наагул вызвалілі ад падаходнага падатку, таксама да нуля набліжаецца і падатак на даданую вартасьць. Збор з абароту на гандаль усяго 2%. Хоць уласнай аўтавытворчасьці няма, «іншамаркі» прадаюцца з сымбалічным мытам, а незаменныя для дробных прадпрымальнікаў пікапы — наагул без усялякай дадатковай платаў. У Панама-сіці сучаснае камфортнае мэтро зь бясшумнымі цягнікамі.
Частку атрыманых сродкаў ад дзейнасьці Панамскага каналу ўрад накіроўвае на стварэньне прамыслова-адукацыйнага анкляву. Задача — рыхтаваць кадры для індустрыяльнага комплексу. Унівэрсытэцкае мястэчка прырастае філіямі, у тым ліку прэстыжных паўночнаамэрыканскіх унівэрсытэтаў. Запрашаюць кваліфікаваных выкладчыкаў, што падвышае вагу дыплёму.
Не забыліся і пра патэнцыйных інвэстараў. Істотныя льготы маюць бізнэсоўцы пры інвэстыцыях у сельскую гаспадарку і рыбалоўную галіну. Такім чынам стымулюююць інтарэс да рэальнай вытворчасьці, а ня толькі да банкаўскага сэктару зь яго не заўсёды празрыстымі «шэрымі схемамі». Гэтаксама распаўсюджаны «гандаль сымболікай» — за грошы іншаземец можа зарэгістраваць вадаплаў пад панамскім сьцягам.
Адсюль і рэакцыя мясцовых на кпіны пра «афшорную псыхалёгію»: праблема ня ў тым, што зона афшорная, а ў тым, што ў іншых месцах падаткі неадэкватныя. Дый наагул многае з таго, што ў Эўропе ці ЗША ацэньваюць як парушэньне закону, з гледзішча панамцаў выглядае цалкам прымальна.
Натуральна, ёсьць зьвесткі, што панамскі дабрабыт не ў апошнюю чаргу грунтуецца на «адмываньні» брудных грошай — краіна мяжуе з Калюмбіяй і першай стаіць на шляху наркатрафіку з Паўднёвай Амэрыкі ў Паўночную. Але калі многія банкі суседняй Коста-Рыкі з гэтай прычыны ў чорным сьпісе ЗША, то Панама збольшага санкцыяў унікла.
Мясцовыя журналісты і аналітыкі перакананыя, што шмат якія хмарачосы ў сталіцы ўзьведзеныя за легалізаваныя грошы калюмбійскай мафіі, гэтаму ёсьць як простыя, так і ўскосныя доказы. Дарэчы, з Панама-сіці рэгулярна ходзяць маршруткі ў Мэдэльлін — у сярэдзіне 1970-х наркабарон Паблё Эскабар ператварыў родны горад у найбуйнейшы какаінавы картэль, які 20 гадоў трымаўся на страху і крывавых разборках.
80 кілямэтраў камэрцыйнай артэрыі
Несумненна, найбольшай славутасьцю Панамы ёсьць аднайменны суднаходны канал, які праз 80-кілямэтровы сухаземны пярэсмык зьвязвае Ціхі і Атлянтычны акіяны. Пра яго існаваньне ведае кожны, магчыма, нават не ўяўляючы, дзе знаходзіцца сама краіна.
Нягледзячы на пашыраную думку пра яго ледзь не дзяржаваўтваральнае значэньне, унёсак гэтага інжынэрнага цуду ў нацыянальную эканоміку доўгі час не сягаў і 5% — плата за праход суднаў сукупна прыносіла прыкладна 1 мільярд даляраў штогод.
Цяпер гэтая доля істотна вырасла — пад ціскам сур’ёзных выклікаў. Па-першае, сучасныя круізныя лайнэры, кантэйнэравозы, сухагрузы, супэртанкеры перасталі ўцісквацца ў састарэлыя камэры шлюзаў. Па-другое, пра рэанімацыю старой ідэі альтэрнатыўнага маршруту заявілі ўлады Нікарагуа, якія заручыліся фінансавай падтрымкай Кітаю. У абодвух выпадках Панама рызыкавала страціць стратэгічныя пазыцыі.
Быў праведзены нацыянальны рэфэрэндум — на пашырэньне і паглыбленьне каналу патрабавалася звыш 5 мільярдаў даляраў. Амаль 80% жыхароў падтрымалі такую неабходнасьць. 10 гадоў спатрэбілася на маштабную рэканструкцыю, і ад 2016 году прапускная здольнасьць павялічылася больш чым удвая. Дзяржаўны скарб пачаў атрымліваць 2,5 мільярда даляраў — фактычна інвэстыцыі акупіліся за пару гадоў. Да 2025 году сума павінна перавысіць 4 мільярды, што ўжо будзе адчувальным унёскам у ВУП.
На адкрыцьцё абноўленага аб’екту запрасілі лідэраў усіх разьвітых дзяржаваў, аднак грымнуў грандыёзны міжнародны скандал. Вынікам журналісцкага расьсьледаваньня стала абнародаваньне 10 мільёнаў дакумэнтаў юрыдычнай кампаніі Mossack Fonseca аб афшорных кампаніях у Панаме, празь якія ад падаткаў ухіляліся былыя і дзейныя кіраўнікі дзяржаваў, высокапастаўленыя палітыкі ды іншыя прадстаўнікі ўсясьветнай эліты.
Прагучала інфармацыя, што блізкае атачэньне расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вывела ў афшоры сродкаў і актываў дзяржаўных кампаніяў больш чым на 2 мільярды даляраў. Шмат каму выкрыцьцё каштавала крэслаў і кар’еры (толькі не ў Расеі).
Паколькі амбітны нікарагуанскі праект утрая даўжэйшага каналу аказаўся замарожаным (лішніх 50 мільярдаў даляраў у Пэкіне не знайшлі і з улікам эпідэміі каранавірусу наўрад ці ў бліжэйшай пэрспэктыве знойдуць), Панамскі канал надалей застаецца адной з асноўных плянэтарных артэрыяў. Сума праходу залежыць ад водазьмяшчэньня вадаплаву і вагаецца ад некалькі тысяч да сотняў тысяч даляраў. Кампаніі-перавозьнікі без пытаньняў ідуць на выдаткі: звышгабарытныя судны, вымушаныя абыходзіць Паўднёвую Амэрыку, нясуць страты на мільёны даляраў.
«Панамка» для будоўлі стагодзьдзя
Ідэя злучыць два акіяны ўзьнікла ў канцы XVI стагодзьдзя, але рэалізацыя стала магчымай толькі праз 300 гадоў, калі Панама была правінцыяй Калюмбіі. У Парыжы заснавалі акцыянэрнае таварыства на чале з Фэрдынандам Лесэпсам, які кіраваў пабудовай Суэцкага каналу. Першая спроба завершылася гучным правалам.
Лесэпс вырашыў будаваць канал на ўзроўні мора, хоць з улікам ляндшафту патрабавалася сыстэма шлюзаў; ня вынайшлі паратунку ад малярыі і жоўтай ліхаманкі, ад якіх загінулі 20 тысяч рабочых; частка бюджэту пайшла на подкуп прэсы і заканадаўцаў, каб піярыцца на будоўлі стагодзьдзя. Слова «Панама» стала сынонімам «афэры».
Пасьля банкруцтва кампаніі ініцыятыва перайшла да ЗША. Калі ў 1903-м парлямэнт Калюмбіі прагаласаваў супраць ратыфікацыі дамовы аб арэндзе паласы зямлі, па якой меў прайсьці канал, амэрыканцы аказалі падтрымку прыхільнікам сувэрэнітэту Панамы. Яна была абвешчана незалежнай рэспублікай, наўзамен было падпісана пагадненьне аб будаўніцтве каналу.
Адрозна ад францускага, новы праект прадугледжваў сыстэмы шлюзаў. Што да інфэкцыйных захворваньняў, было выяўлена, што іх разносяць камары. Дзеля нэўтралізацыі праблемы правялі дрэнаж стаячых водаў, абсталявалі водаправоды і каналізацыю, скасілі хмызьняк і траву, а ў асяродках размнажэньня распылілі тысячы галёнаў рэчыва, якое забівае чарву. Малярыя і жоўтая ліхаманка былі пераможаныя.
ЗША выдаткавалі на будаўніцтва 375 мільёнаў даляраў, што паводле цяперашняга курсу эквівалентна 8,5 мільярдам. Крыху больш за 100 гадоў таму, 15 жніўня 1914-га, празь яго прайшоў першы карабель. Дарэчы, менавіта тады з краінай пачалі асацыяваць галаўны ўбор «панама». Але да абарыгенаў ён меў ускоснае дачыненьне — лёгкія капелюшы ад сонца насілі будаўнікі-гастарбайтэры з Эквадору.
Аднак пасьля Суэцкага крызісу другой паловы 1950-х, калі аднайменны канал перажыў экспрапрыяцыю ў Вялікай Брытаніі і нацыяналізацыяю на карысьць Эгіпту, на пераглядзе экстэрытарыяльнасьці Панамскага каналу пачалі настойваць улады Панамы. У 1977 годзе ў выніку працяглых спрэчак была падпісаная дамова паміж найвышэйшымі кіраўнікамі дзьвюх дзяржаваў, але толькі ў першы дзень новага тысячагодзьдзя Панама стала паўнапраўнай гаспадыняй гэтага складанага тэхнічнага аб’екту.
Раскоша бесклапотнага рэляксу
Любімае месца збору жыхароў Панама-сіці — набярэжная ўздоўж праспэкту ў гонар гішпанскага канкістадора Бальбоа (гэтак жа называлася нацыянальная валюта, пакуль яе цалкам не замянілі амэрыканскім далярам).
Як толькі стацыянарныя тэрмомэтры, усталяваныя дзеля папярэджаньня пра экстрэмальную гарачыню, апускаюцца да камфортнай адзнакі, на прамэнад да Ціхага акіяну выходзяць тысячы гараджанаў. Кожны мае чым заняцца: адны рэляксуюць ад хваляў, другія ўвіхаюцца вакол перасоўных кававарак, трэція ў чаканьні турыстаў раскладаюць стосы «панамак».
Адрозна ад Гандурасу ці Сальвадору, дзе іншаземцаў зусім няшмат, тут гучаць усе мовы, уключна з расейскай: Панама дзякуючы прасьцейшаму ў параўнаньні з Эўропай ці ЗША мэханізму легалізацыі вабіць усё больш заможных людзей з Расеі. Беларусам віза не патрэбная, тэрмін бесьперапыннага знаходжаньня дазволены аж на 180 дзён.
А яшчэ панамцы вельмі любяць калектыўныя пасядзелкі. Пад адкрытым небам уздоўж набярэжнай абсталяваныя дзясяткі прымітыўных кнайпаў з плястыкавай мэбляй, перад якімі наўзахваткі садзяць горла заклікачы. Двойчы запрашаць не даводзіцца — плян даюць цэлымі сем’ямі. Хоць расцэнкі «кусаюцца», але шмат замаўляюць, ахвотна ядуць, гучна гамоняць. Працэнт людзей зь лішняй вагой тут таксама заўважна большы, чым у суседзяў.
Недалёка ад хмарачосаў даўн-таўну месьціцца гістарычны раён Каска Віеха, вытрыманы ў каляніяльным стылі. Гэта першы эўрапейскі горад, заснаваны на беразе Ціхага акіяну. Адпаведна многія муры датаваныя яшчэ XVI стагодзьдзем. Як расказваюць тутэйшыя, яшчэ ня так даўно гэта было нагрувашчаньне напаўразваленых дамоў (наступствы землятрусаў і пірацкіх аблогаў), але пасьля маштабнай рэстаўрацыі, якая запатрабавала немалых укладаньняў, яго ўключылі ў сьпіс UNESCO.
Цяпер сюды далей ад загазаванасьці і тлуму бізнэс-цэнтру паступова перабіраецца сталічны бамонд, хоць на пэрымэтры яшчэ не бракуе недагледжаных шматпавярховікаў з адпаведным кантынгентам — днямі могуць сядзець ці ляжаць на лаўках, проста назіраючы за мінакамі.
У Каска Віеха сканцэнтраваная вялікая колькасьць урадавых і адміністрацыйных будынкаў, таму праход у некаторыя кварталы заблякаваны рагаткамі ці стацыянарнымі вайсковымі пастамі, а сумежныя вуліцы патрулююць узброеныя сілавікі.
Калі параўноўваць зь іншымі краінамі Цэнтральнай Амэрыкі, Панама найлепш скарыстала свой транзытны статус і прывабныя ўмовы для інвэстараў. І хоць да разьмеркаваньня прыбыткаў далучаныя далёка ня ўсе, у масе сваёй на жыцьцё тут не наракаюць. Мабыць, ведаюць, што ў бліжэйшых суседзяў справы куды горшыя...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.