Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падпале машыны віцебскага блогера падазраюць дырэктара СТА. Ён затрыманы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Уночы з 26-га на 27 студзеня невядомыя падпалілі ягоны Volkswagen Passat CC, прыпаркаваны на вуліцы Чкалава ў Віцебску. Блогер Яўген Куляшоў адразу заявіў, што не выключае матыў помсты за выкрывальныя відэаролікі. У Сьледчым камітэце Віцебскай вобласьці пацьвердзілі, што падазраваны ў падпале — дырэктар адной зь віцебскіх СТА.

Блогер Яўген Куляшоў, які выкрывае парушэньні на віцебскіх станцыях тэхабслугоўваньня, запачаткаваў праект «Как нас разводят на СТО» і публікуе ролікі пра заўважаныя парушэньні на двух каналах на Youtube (адзін мае 137 тысяч падпісантаў, другі 10 тысяч).

Віцебскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту заведзеная справа паводле часткі 2 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Справа заведзеная па факце загараньня аўтамабіля «Фольксваген Пасат». Праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства затрыманы дырэктар аднаго з СТА Віцебску.

Пасьля агляду месца здарэньня сьледчымі прызначаны розныя экспэртызы: судова-хімічная, пажара-аўтатэхнічная, таваразнаўчая, якая ў тым ліку ацэніць суму страты, а таксама чаму адбылося загараньне. Цяпер расьсьледаваньне працягваецца, сказала Свабодзе галоўная інспэктарка ў сувязях з грамадзкасьцю Сьвятлана Сахарава.

Пасьля таго, як у лістападзе 2016 году Яўген Куляшоў распачаў свой праект і прапанаваў далучыцца да выкрываньня праблем усім сваім падпісантам, у яго неаднаразова паўставалі праблемы з кіраўнікамі СТА. Некаторыя інцыдэнты сканчаліся судамі, ініцыяванымі супраць відэаблогера. Ён прайграваў, але гэта не спыняла ягонага імпэту.

Пра тое, што ён і надалей зьбіраецца працягваць праект «Як нас разводзяць на СТА», Яўген Куляшоў заявіў у апошнім відэароліку. Ён паабяцаў грашовую ўзнагароду памерам 5 тысяч даляраў за інфармацыю пра падпал ягонай машыны, а таксама зьвярнуўся да ўладальнікаў відэарэгістратараў, якія маглі зафіксаваць факт падпалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG