Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк на перадачы заявіў:
«Я лічу, што, па-першае, Міністэрства замежных справаў павінна даць ясны і канкрэтны сыгнал, таму што неабходна проста папулярна растлумачыць гаспадарам вось гэтых усіх Норкіных [вядоўца перадачы на НТВ, дзе Беларусь назвалі «гуляшчай жонкай». — РС] і іншых, што трэба сваіх трымаць на кароткім павадку. І гэтыя людзі павінны стаць пэрсонамі нон-грата, вось і ўсё. Яны не павінны ніколі перасякаць межы краіны».
У перадачы на АНТ таксама бралі ўдзел старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч і лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў — апошні якраз браў удзел у згаданым шоў на НТВ як адзіны прадстаўнік Беларусі, але яму на той перадачы фактычна не далі дагаварыць ніводнага сказа.
Афіцыйнай рэакцыі зь беларускага боку на «гуляшчую жонку» практычна не было: толькі праз тры дні пасьля згаданай перадачы газэта «Советская Белоруссия», афіцыйны орган Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, адказала на заявы ў перадачы блогам і карыкатурай Алега Карповіча.