Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, празь вецер і засуху агонь у чарнобыльскай зоне адчужэньня імкліва пашыраецца. Пажар ужо ахапіў 1100 гектараў лесу. Ратаўнікі і пажарнікі працуюць ува ўзмоцненым рэжыме.
Але трапіць на некаторыя дзялянкі лесу немагчыма, бо яны замінаваныя, паведаміла Дзяржаўная служба назвычайных сытуацыяў Украіны:
«У некаторых лясных масівах працы часова не праводзяцца з прычыны пагрозы ад выбуховых прадметаў».
Ад МНС Беларусі інфармацыі пра пагрозу перакіданьня пажараў з тэрыторыі Украіны няма.
У беларускім Міністэрстве лясной гаспадаркі заявілі, што сытуацыя пад кантролем:
«Афіцыйна заяўляем: на тэрыторыі Беларусі агню няма. Пагрозы пакуль таксама няма. Да мяжы з нашай краінай — 7 кілямэтраў. Мінлясгас уважліва сочыць за становішчам у суседняй дзяржаве», — адзначылі ў ведамстве.
Пазьней Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі заявіла аб пагрозе трансьмежавага пажару на Гомельшчыне:
« За 30 мэтраў ад мяжы Беларусі палае лес ва Ўкраіне. Гэта не пажар з зоны адчужэньня, пра які паведамлялі раней, а новае загараньне. У зоне рызыкі — Мілашавіцкі лясгас Гомельскай вобласьці. Работнікі лясной гаспадаркі сочаць за сытуацыяй».
Аб пагаршэньні радыяцыйнай абстаноўкі не паведамлялася.
Чым небясьпечныя лясныя пажары ў Чарнобыльскай зоне
- Чарнобыльская зона адчужэньня ва Ўкраіне ахоплівае каля 2600 квадратных кілямэтраў. Зь яе выселілі жыхароў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.
- У лютым 2022 году расейскія вайскоўцы зь беларускай тэрыторыі ў тым ліку праз гэтую зону накіраваліся пад Кіеў, з красавіка таго ж году Ўкраіна аднавіла свой кантроль над ёю.
- На тэрыторыі Беларусі на поўнач ад украінскай часткі зоны адчужэньня разьмешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік.
- Чарнобыльская зона адчужэньня — радыяцыйна забруджаная тэрыторыя, дзе прыродныя пажары нясуць падвойную небясьпеку.
- Пры гарэньні зь ляснога подсьцілу і глебы вызваляюцца радыяактыўныя часьцінкі, назапашаныя тут у выніку катастрофы 1986 году.
- Усякае маштабнае загараньне аўтаматычна падвышае рызыку распаўсюджваньня радыяактыўнага пылу.
- Вецер як галоўны фактар распаўсюджваньня агню адначасова можа разносіць забруджанае паветра на суседнія рэгіёны, у тым ліку Беларусі.