Кіраўнік МЗС Беларусі расказаў, як працягваецца працэс перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
«У нас засталося некалькі няўзгодненых момантаў, — сказаў Уладзімер Макей. — Я спадзяюся, з часам мы дойдзем да падпісаньня дамовы аб лібэралізацыі візавага рэжыму... Раней ці пазьней гэта адбудзецца».
Кіраўнік МЗС Беларусі таксама паведаміў, што Беларусь працягвае перамовы з Расеяй аб узаемным прызнаньні візаў. «Мы данесьлі свае прапановы расейскаму боку, ён іх разглядае», — паведаміў міністар.
30 студзеня ў Беларусь з афіцыйным візытам прыбыў эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган.
Падчас візыту бакі абмяркоўваюць узаемаадносіны Беларусі і Эўразьвязу, у тым ліку пэрспэктывы гандлёва-эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў сфэры міжнароднай тэхнічнай дапамогі, умацаваньне палітычнага дыялёгу па лініі Беларусь — ЭЗ.
Акрамя кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, эўракамісар таксама меў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заплянаваныя з прэм’ер-міністрам краіны Андрэем Кабяковым і прадстаўнікамі апазыцыі.
Візыт Гана ў Беларусь плянаваўся летась у кастрычніку, аднак быў перанесены ў сувязі «зь нечаканымі пытаньнямі», якія ўзьніклі пры падрыхтоўцы паседжаньня Эўрапейскай рады ў Брусэлі. 27 кастрычніка 2017 году эўракамісар сустрэўся з Андрэем Кабяковым у Люксэмбургу.