Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: урад выводзіць «дохлыя» праблемы на прэзыдэнта


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абурыўся бесхрыбетнасьцю беларускага ўраду, які ня можа вырашыць пытаньне з Расеяй па пастаўках беларускай прадукцыі.

«Маё абурэньне выклікалі ня толькі паводзіны Расеі, але і бесхрыбетнасьць нашага ўраду, які ў чарговы раз выводзіць „дохлыя“ праблемы на прэзыдэнта», — сказаў Лукашэнка падчас адмысловай нарады.

Ён адзначыў, што даручаў асабіста Міхаілу Русаму забясьпечыць кантроль за цэнаўтварэньнем і продажам харчоў.

«І вы за гэта сёньня мне адкажаце! Вы мяне пераконвалі ў тым, што праблемаў няма. З Данквертам дамовіліся. Дзе гэтыя дамоўленасьці?» — зьвярнуўся ён да віцэ-прэм’ера.

«Няспрытнасьць і пасіўнасьць з боку нашых міністэрстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, губэрнатараў і ўраду мяне проста дзівяць! Чаго чакалі тры месяцы? Чаму адразу не прапанавалі нашым партнэрам дэталёва разабрацца ў сутнасьці праблемаў, чаму не вырашалі пытаньні апэратыўна? У сваіх дакладах вы бойка адкідваеце ўсе абвінавачваньні на свой адрас, а дзе ваш запал за сталом перамоваў?» — адзначыў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што чакае адказу на пытаньне, калі пачнуцца пастаўкі на расейскі рынак тавараў 23 беларускіх прадпрыемстваў, якія трапілі пад абмежаваньні, а таксама як Беларусь будзе забясьпечваць свае міжнародныя абавязацельствы па транзыце.

Яны што, хочуць зачыніць Беларусь як транзытную дзяржаву? Мы гэтага дапусьціць ня можам!

Таксама Лукашэнка заявіў, што Расеі ня варта спрабаваць сіламі Беларусі забараніць транзыт санкцыйных тавараў.

«Калі Расея ня хоча, каб нейкія тавары ішлі празь яе транзытам у Казахстан, Узбэкістан, Кітай, Манголію, Турэччыну і іншыя краіны — няхай яна займаецца забаронай гэтага транзыту. Але ня мы!

Мы транзытная рэспубліка, мы ад гэтага атрымліваем хоць і невялікія, але нейкія грошы. Мы ня можам забараніць транзыт тавараў праз нашу тэрыторыю ў іншыя краіны. Гэта парушэньне ўсіх нормаў міжнароднага права.

І мы разумеем, што Расея нас такім чынам штурхае наперадзе сябе, каб мы забаранілі, мы не пускалі. А ў той жа час праз прыбалтыйскую мяжу і іншыя памежныя пункты яны павялічваюць гэты транзыт. Узьнікае пытаньне: яны што, хочуць зачыніць Беларусь як транзытную дзяржаву? Гэта ж наш рэсурс! Мы гэтага дапусьціць ня можам!» — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што ў Беларусі адпрацаваны мэханізм і ўсе транзытныя грузы ў суправаджэньні ідуць да РФ:

«Мы перадаём Расеі, ну а яны там няхай забараняюць, калі хочуць не дапусьціць транзыту. Але гэта, яшчэ раз падкрэсьліваю, парушэньне ўсіх нормаў міжнароднага права, і нам ня варта ў гэта ўцягвацца.

Мы дамовіліся з расейскімі партнэрамі, што ня будзем пакутаваць ад уведзеных у адказ эканамічных санкцый у дачыненьні да Амэрыкі і Эўропы. Нам дай бог вылезьці б з тых санкцый, якія ўжытыя супраць нас. Мы ж ня можам далучацца да санкцый і пагаршаць сваё становішча, і так у нас хапае праблем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG