Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пахваліў Майру Мору


Майра Мора, архіўнае фота
Майра Мора, архіўнае фота

Падчас сустрэчы ў Менску з намесьнікам генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгай Шмід Аляксандар Лукашэнка высока ацаніў прафэсійныя якасьці кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры.

«У вас тут добры амбасадар і, я думаю, аб’ектыўны чалавек, які вам дасьць абсалютна аб’ектыўную інфармацыю аб працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэта, напэўна, адзін зь нямногіх заходніх амбасадараў, якога грамадзтва прымае і ўспрымае. Таму я ўдзячны Эўрапейскаму Зьвязу за падобных людзей, якія, прынамсі, спрабуюць зразумець, чым жыве Беларусь», — цытуе БЕЛТА кіраўніка дзяржавы.

Камэнтуючы гэта, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на сваёй старонцы ў фэйсбуку адзначыў:

«Я ўжо пісаў, што пасьля 2010 году беларускія ўлады пачалі працэдуру выцісканьня з краіны „няправільных“ кіраўнікоў дыпляматычных місій. Ну, былі такія, ніяк не маглі зразумець спэцыфіку беларускай „дэмакратыі“. Да прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі працавалі ня проста паслы, а высокапрафэсійная, дзеяздольная каманда з краін-сяброў ЭЗ. Пасьля гэтага па дыпканалах была запушчана арыентыроўка на парамэтры правільнага дыплямата. Ну вось, здаецца, ужо і эталён ёсьць. Пад яго і будуць падганяць замежны дыпкорпус. Так што ММ пасьля сыходу з дыпслужбы можа сьмела пачынаць свой бізнэс у Беларусі. З такімі рэкамэндацыямі можна, напрыклад, гандляваць растваральнікамі».

Летась у верасьні падчас перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ, прысьвечанай сытуацыі ва Ўкраіне, Майра Мора сказала:

«Беларусы, вы мірныя людзі, падтрымлівайце вашага прэзыдэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш».

Гэтыя выказваньні выклікалі неадназначную рэакцыю ў апазыцыі. Тады Майра Мора патлумачыла Свабодзе: «Я заклікала беларусаў падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку ў тым, што тычыцца ягонай пазыцыі ў дачыненьні да Ўкраіны. Надзвычайная колькасьць беларусаў мае зусім іншы погляд на тое, што адбываецца ў суседняй, роднаснай ім краіне. Пазыцыя ЭЗ у дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку ў сфэры забесьпячэньня правоў чалавека, застаецца нязьменнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG