Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў 20 ліпеня агенцтву BNS, што Латвія адмаўляецца байкатаваць куплю электраэнэргіі зь БелАЭС праз зацікаўленасьць у праходзе грузаў зь Беларусі праз свой марскі порт у Вэнтсьпілсе, а не празь літоўскі ў Клайпедзе. Але Лінкявічус дапусьціў і іншыя прычыны адмовы Латвіі байкатаваць БелАЭС.
Латвія пра парты не казала
Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс сапраўды казаў у студзені, што хоць і падтрымлівае пазыцыю Літвы што да заклапочанасьці бясьпекай БелАЭС, але Латвія не разглядала энэргетычнае эмбарга БелАЭС. У нядаўнім інтэрвію Tut.by Рынкевічс паўтарыў пазыцыю наконт байкоту БелАЭС: «Мы падзяляем заклапочанасьць Літвы, але размаўляем наўпрост зь беларускімі калегамі».
Але Рынкевічс не казаў, што адмова падтрымаць літоўскі байкот зьвязаная з партамі, не агучвалі гэтага і іншыя латвійскія палітыкі. Заяву Лінкявічуса пра парты у Вэнтсьпілсе і Клайпедзе ў Латвіі пакуль ніяк не камэнтавалі.
Рынкевічс жа ня толькі паўтарыў пазыцыю па БелАЭС, але і заявіў, што больш ня мае пытаньняў пра вучэньні «Захад-2017», хоць раней падтрымліваў занепакоенасьць суседзяў і казаў: «Мы маем засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці».
Перш за ўсё лягістыка, а не палітыка, — Манёнак
Асноўная маса беларускіх грузаў у тых портах — нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні. Беларуская эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак мяркуе, што Беларуская калійная кампанія і Белнафтахім ацэньваюць порты з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці, а не палітычных рашэньняў.
«Рэч у тым, што праблема была сапраўды даволі істотнай некалькі год таму, калі беларускі бок вызначаўся, як больш эфэктыўна пастаўляць экспартныя тавары, — кажа Свабодзе Манёнак. — Балтыйскія парты маюць прафіцыт партовых магутнасьцяў, таму кожны порт зацікаўлены, каб як мага больш грузаў пайшло празь іх, у тым ліку беларускіх. Пагатоў Латвія зацікаўленая ў іх, бо Расейская Фэдэрацыя кагадзе заявіла, што будзе перанакіроўваць свае грузы з балтыйскіх краінаў у расейскія порты, і яна гэта робіць, хоць і ня так хутка».
Беларуская калійная кампанія два-тры гады таму канчаткова вызначылася, што галоўным портам для яе будзе бліжэйшая да Салігорску Клайпеда, кампанія ўвайшла ў акцыянэрны капітал порту, дамовілася зь літоўскай чыгункай пра выгадныя ўмовы. Такі «лягістычны калідор» Манёнак называе самым эфэктыўным з магчымых.
Нафтапрадукты жа экспартуюцца найперш праз латвійскі порт у Рызе, кажа Манёнак, хоць Вэнтсьпілскі порт раней быў у прыярытэтах. Але цяпер расейскія кампаніі зьнізілі да мінімуму «давальніцкую» перапрацоўку нафты (на ўмовах толінгу) у выніку падатковай палітыкі, перапрацоўваюць нафту на беларускіх заводах толькі дзеля забесьпячэньня палівам сваіх заправак, таму аб’ёмы «далёкага» экспарту нафтапрадуктаў праз Вэнтсьпілс зьнізіліся.
«Зьнізіліся цэны на нафту, і наагул прыярытэт беларускага ўраду — менш экспартаваць праз парты і больш прадаваць нафтапрадуктаў на сумежных рынках, каб зьнізіць выдаткі на лягістыку, паступова перанакіроўваць продаж у Польшчу, Малдову, перадусім ва Ўкраіну», — дадае Манёнак.
Яна дапускае, што калі Вэнтсьпілскі порт створыць больш канкурэнтныя магчымасьці, чым Клайпеда, сытуацыя можа зьмяніцца, але вельмі ў тым сумняецца: давядзецца істотна зьнізіць тарыфы на чыгунцы, партовыя зборы і палепшыць іншыя ўмовы.