Яго жонка хацела яму для бульбы. Але калі гэты армянскі вясковец пачаў капаць, ён ужо ня мог спыніцца.
У 1985 годзе жонка Лявона Аракеляна папрасіла мужа, якому было тады 44 гады, выкапаць пад хатай у вёсцы Арынж яму, дзе б яна магла захоўваць бульбу...
Аднак муж, прафэсійны будаўнік, сказаў, што калі ён пачаў дзяўбці скалу, «яна яго зацягнула».
Больш за 23 гады ён высек у скале цэлы падземны сусьвет, ужываючы толькі зубіла і малаток.
Спачатку, пакуль ён прабіваўся скрозь цьвёрды чорны базальт, праца пасоўвалася павольна.
Але празь некалькі мэтраў ад паверхні Лявон дабраўся да туфу.
Мяккая, як масла, вульканічная парода, апрацоўвалася лягчэй, і ён пачаў экспэрымэнтаваць з дэкаратыўнымі элемэнтамі.
Працуючы часам і па 18 гадзін штодня, Лявон высек цэлыя пакоі, калідоры і сходы, што вядуць у 20-мэтровую глыбіню.
Часу было шмат, але сродкаў недастаткова, таму шмат якія дэкарацыі рабіліся з таго, што трапіла пад руку.
Лявон памёр у 2008 годзе, пакінуўшы рукатворны падземны палац сваёй жонцы Тосі (на здымку), якая зрабіла зь яго музэй, які паказвае турыстам.
Сярод экспанатаў – Лявонавы стаптаныя боты...
...а таксама ягоныя зубілы і малаткі.
Тося паказвае вёдры, якімі Лявон выносіў выпрацаваную пароду.
Тоны каменнага матэрыялу, сколатага Лявонавым зубілам, аддалі мясцовай будаўнічай фірме, якая выкарыстоўвае іх у сваіх праектах.
Тося кажа, што яны зь Лявонам, які, паводле яе, меў «цудоўнае пачуцьцё гумару», сварыліся за ягоны праект. «Гэтая яма зьнішчыла яму здароўе», расказвае яна карэспандэнту Радыё Свабода.
Тося кажа, што калі яна спускаецца ў створаны яе нябожчыкам мужам падземны сьвет, яна адчувае смутак і ўдзячнасьць: «Я ганаруся тым, што ён пакінуў мне і ўнукам. Гэта надзвычайны падарунак».