Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, у нас зьявяцца інфармацыйныя войскі», — Алесін пра прычыны адставак у ААЦ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

13 кастрычніка падчас нарады зь сілавікамі Аляксандар Лукашэнка адхіліў ад кіраўніцтва Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Сяргея Шпегуна і двух ягоных намесьнікаў.

«Да заканчэньня расьсьледаваньня прадстаўленых кіраўніку дзяржавы фактаў», — паведамляе БЕЛТА пра час, на які адхіленыя кіраўнікі ААЦ. Таксама паведамляецца, што «падчас нарады былі разгледжаныя апэратыўна-сьледчыя матэрыялы адносна працы кіраўнікоў рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, а таксама супрацьпраўных дзеяньняў асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілавых структур».

За што Аляксандар Лукашэнка мог адхіліць ад пасадаў Сяргея Шпегуна з намесьнікамі і ці не зьвязаныя гэтыя кадравыя рашэньні са скандалам вакол гібелі салдата ў Печах? З гэтым пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

— Верагодней за ўсё, адстаўкі зьвязаныя з агульнай сытуацыяй, калі нашы аналітычна-інфармацыйныя службы аказаліся не на вышыні падчас манэўраў «Захад-2017».

Тады адбылася жорсткая інфармацыйная бойка паміж расейцамі, беларусамі, Захадам ды Ўкраінай. І тут мы сябе ніяк не паказалі. Своечасова не зарыентаваліся, стратэгію і тактыку ня выпрацавалі, у асноўным абараняліся. Дакладней кажучы, адбрэхваліся.

А трэба было весьці жорсткую наступальную барацьбу, прапаноўваць інфармацыйныя контраргумэнты, адказваць у інфармацыйнай прасторы на тыя пытаньні, якія людзі задавалі.

На жаль, калі начальнік Генштабу пасьля брыфінгу кажа, што ня будзе адказваць на пытаньні журналістаў, калі не было адказаў на апасеньні людзей, што, магчыма, нас сапраўды акупуюць, што расейскія войскі тут і застануцца, што танкавая дывізія, якая зьбіраецца пад Масквой, сапраўды на нас нацэленая, дык узьнікае пытаньне — чаму гэтак? Што здарылася?

Зразумела ж, што калі нашы кампэтэнтныя крыніцы не тлумачаць гэтыя пытаньні, дык нехта іншы патлумачыць, і не на нашу карысьць. Вось чаму я мяркую, што гэта магло стаць прычынай адставак.

А што да нібыта карупцыйнага складніку адставак, дык ведаеце, як бывае? Чалавек нешта, магчыма, і парушае, але службовыя абавязкі выконвае спраўна, дык яму ўсё даруюць. Але калі ён і службу завальвае, дык яму ўспамінаюць увесь багаж ягоных грахоў.

Магчыма, гэты аналітычны правал, які адбыўся падчас манэўраў, і стаў такім спускавым кручком для ўсяго астатняга. Далі ход шэрагу спраў, у тым ліку каб зьмяніць кадры ў кіраўніцтве ААЦ. Зручная сытуацыя. Магчыма, ініцыятарам быў і ня сам Лукашэнка, а людзі, якія набліжаныя да яго. Магчыма, з Рады бясьпекі патрэбны матэрыял своечасова паднесьлі».

— Сяргей Шпягун кіруе Апэратыўна-аналітычным цэнтрам з 2011 году, за гэты час амаль усе кіраўнікі сілавых структураў зьмяніліся, акрамя яго. А чаму вы мяркуеце, што ягоная часовая адстаўка наўпрост не зьвязаная са скандалам у вайсковай частцы пад Барысавам?

— Калі б было гэтак, дык адразу б адхілілі не кіраўніцтва ААЦ, а некага зь Мінабароны, ці нават з вайсковай контравыведкі, бо яна таксама павінна кантраляваць сытуацыю ўнутры войска, працэсы, якія там адбываюцца. І, мяркую, да вайсковых кіраўнікоў чарга яшчэ дойдзе, але гэта справа не аднаго дня, яшчэ павінна прайсьці сьледзтва.

Але што да Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, дык яны такімі пытаньнямі наўпрост не займаюцца, гэта ня іх зона адказнасьці.

Глядзіце, што адбылося адразу пасьля манэўраў? Міністра інфармацыі адразу замянілі. На месца жанчыны прызначылі афіцэра-палітработніка — Карлюкевіч жа заканчваў Львоўскае вайскова-палітычнае вучылішча, дзе вучылі адмысловай прапагандзе, контрапрапагандзе і гэтак далей.

То бок, я мяркую, гэтыя сёньняшнія кадравыя рашэньні — усё ж водгук той інфармацыйнай бойкі, якая адбылася падчас манэўраў.

Усё ж мяняецца склад войскаў, іх структура. Магчыма, у нас нават зьявяцца інфармацыйныя войскі, ці новыя асобныя часткі, якія будуць выконваць гэтыя абавязкі, весьці інфармацыйныя бойкі на іншай арганізацыйнай аснове. У Расеі, па-мойму, такія падразьдзяленьні ўжо ёсьць, ёсьць яны і ў іншых краінах. Яны па-рознаму завуцца, недзе — кібэрчасткі.

Але, мяркую, гэта не без прычын адбылося. Як казалі старажытныя рымляне — пасьля таго, значыць, з прычыны таго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG