Экс-кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч і лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў наведалі Берасьце, дзе сустрэліся з прадстаўнікамі садовых таварыстваў, якія абураныя ўзьняцьцем коштаў на паслугі ЖКГ.
На сустрэчу з Караткевіч прышлі больш за 30 жыхароў садовых таварыстваў Берасьця, якія распавялі, што аплата камунальных паслугаў у іх узрасла ў два разы.
«Зьдзіўляе абвякавае стаўленьне чыноўнікаў. Кажуць, што рашэньні прымаюцца зьверху, а яны нічога зрабіць ня могуць. І так куды ні зьвярніся — выканкамы, энэргетыкі, мясцовыя дэпутаты», — кажа адзін з прысутных берасьцейцаў.
Жыхары садовых таварыстваў кажуць, што за газ яны плацяць па тарыфах у 6 разоў вышэйшых, чым гараджане.
«Быў газ па 2588 рублёў за куб, стаў 3740... Плацілі раней 200 тысяч за газ, а цяпер 400. Сёньня газ, заўтра электрычнасьць. У мяне прадпрыемства 4 гадзіны ў дзень працуе... Ну нельга ж так! Я ж заўтра на хлеб мець ня буду», — кажа спадар.
На сходзе выступілі Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, якія паабяцалі аказаць юрыдычную падтрымку жыхарам садовых таварыстваў, узьняць праблему ў кабінэтах чыноўнікаў ды дапамагчы незадаволеным людзям у кансалідацыі пратэсту.
Кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў распавёў Свабодзе, што кампанія займаецца цяпер «праблемай ЖКГ»:
«Гэта хвалюе ўсіх. Мы ўчора ў Гародні і сёньня ў Берасьці зьбіраем подпісы за тое, каб увесьці мараторый на рост тарыфаў ЖКГ. Мы патрабуем прывязаць рост тарыфаў ЖКГ да росту даходаў насельніцтва. І самае галоўнае — мы патрабуем прадставіць грамадзтву празрысты разьлік тарыфаў ЖКГ. Нам ня важна, колькі чыноўнікаў селі ці сядуць у турму, нам гэтая паказуха не патрэбная. Людзі павінны ведаць, за што яны плацяць», — кажа Андрэй Дзьмітрыеў.
Акрамя сустрэчы з прадстаўнікамі садовых таварыстваў, Караткевіч і Дзьмітрыеў раздавалі ўлёткі ў цэнтры Берасьця, наведалі інваліда ды схадзілі на прыём да намесьніка старшыні гарвыканкаму. Таксама ў палітыкаў заплянаваная сустрэча з жыхарамі гораду.