Верхні і Ніжні горад
Абрысы Верхняга гораду (той часткі, на якой замчышча, Гандлёвая плошча ды забудова асноўных тутэйшых вуліц) фармавалі вежы і званіцы Багаяўленскага ды Спаскага сабораў, а таксама ратуша ды купал Фарнага касьцёла.
Увесь Ніжні горад цяперашнія магілёўцы называюць Падмікольлем. Гісторыкі і краязнаўцы спрабуюць вярнуць ва ўжытак гістарычныя назвы: Школішча ды тапонім магдэбурскіх часоў — Пакроўскі пасад.
Да Другой усясьветнай вайны Ніжні горад быў шчыльна забудаваны. Тут былі сынагогі, касьцёл ды праваслаўныя цэрквы. З даўнейшай забудовы ацалеў толькі комплекс Сьвята-Мікольскага манастыра.
На старым фота зьлева, на беразе Дняпра, касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынцаў. Царскія ўлады зачынілі гэты комплекс у 1865 годзе пасьля здушэньня паўстаньня Каліноўскага. Каталіцкую сьвятыню не наважыліся бурыць, але разьмясьцілі ў ёй судовы архіў. У сярэдзіне 1950 гадоў дужа пашкоджаны вайной будынак зьнесьлі.
Справа на фота відаць купал Пакроўскай царквы. Праваслаўную сьвятыню разбурылі паміж 1952 і 1956 гадамі. Цяпер яе аднаўляюць
Мясцовыя ўлады закладаюць на Школішчы парк. За час, пакуль вядуцца працы, пасохлі дзясяткі старых вязаў; іх пасьпілоўвалі. Панішчылі і ацалелыя падмуркі дамоў. Ахвярай упарадкаваньня стала адна з трох вялікіх сынагог гораду.
«Халодная» сынагога
Узор драўлянага дойлідзтва 17 стагодзьдзя. Габрэйская бажніца на Школішчы была вядомая ўнікальнымі росьпісамі. Некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што іх рабіў продак Шагала — Хаім Сегал з Слуцку.
У 1918 годзе згодна з указамі савецкай улады сынагогу прызналі помнікам даўніны, які ахоўваўся дзяржавай. У 1938 годзе бажніцу зачынілі, а праз год разабралі на бярвеньні для калодзежаў. Выявы фрэсак захаваліся на фатаздымках. Падмуркі зруйнаваныя.
Ёсіфаўскі катэдральны сабор
Адзін зь першых культавых будынкаў, узьведзеных пасьля падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтарам праекту стаў расейскі архітэктар Мікалай Львоў. У 1780 годзе ў Магілёве сустракаліся расейская царыца Кацярына ІІ і аўстрыйскі імпэратар Ёсіф ІІ. У гонар гэтай сустрэчы пабудавалі храм, браму, флігелі, якімі была сфармаваная Саборная плошча. Знаўцы магілёўскай даўніны адзначаюць, што саборны комплекс упрыгожваў Дняпроўскі праспэкт (цяпер вуліца Першамайская). Ёсіфаўскі сабор быў катэдральным.
Бальшавікі ў саборы разьмясьцілі музэй рэлігіі і атэізму. Разбурылі яго падчас «сталічнай» рэканструкцыі Магілёва. На месцы сьвятыні ўзьвялі гасьцініцу для ўрадоўцаў. Пасьляваенныя пакаленьні магілёўцаў памятаюць яе пад назвай «Дняпро». Цяпер гасьцініца — офісны цэнтар. Ад Саборнай плошчы засталася толькі арка. На ёй назвы савецкіх вайсковых частак, якія вызвалялі Магілёў ад нацыстаў.
Касьцёл сьвятога Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Узор віленскага барока. Разам з калегіюмам яны складалі адзін архітэктурны комплекс. Вежы каталіцкай сьвятыні фармавалі гарадзкі краявід з захаду, а яе будынак разам зь іншымі ўтвараў тэатральную плошчу.
Пасьля скасаваньня ў 1820 годзе ордэна езуітаў расейскія ўлады зачынілі калегіюм, а будынак прыставалі пад вайскова-афіцэрскую школу. Пасьля здушэньня паўстаньня 1833 году касьцёл перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхату.
Сьвятыню, моцна пашкоджаную ў вайну, пабурылі ў 1958 годзе. У будынку калегіюму па вайне некалькі дзесяцігодзьдзяў працавала абутковая фабрыка. Урэшце і яго разбурылі, толькі частку муроў уключылі ў будынак музэю дзекабрыстаў (цяпер музэй этнаграфіі).
Багаяўленскі брацкі кляштар
Адзін з найбуйнейшых храмаў гораду. Асяродак кнігадрукаваньня. Дужа пашкоджаны ў вайну храм падлягаў рэстаўрацыі, але ў 1957 годзе яго пабурылі. Цяпер на месцы сьвятыні двор жылога дому.
Спаса-Праабражэнскі храм
Праваслаўная сьвятыня — найстарэйшая ў Магілёве. Драўляная царква вядомая з 15 стагодзьдзя. Мураваную ўзьвялі ў 1762 годзе ў стылі віленскага барока. Назвалі царкву ў гонар заступніка Магілёва — Спаса. Разам з ратушай, вежамі Багаяўленскага кляштара яна была адной з дамінантаў гарадзкога краявіду.
Сьвятыню зьнішчылі ў вайну. На аэраздымках ліпеня 1944 году яе ўжо няма. На месцы царквы ўзьведзены адміністрацыйны будынак. Два паверхі ў ім займае Сьледчы камітэт.
Ратушная плошча
Плошча — узор адміністрацыйнага дойлідзтва 18 стагодзьдзя. Ад старой плошчы засталіся толькі два будынкі ды адноўленая ратуша. У 2014 годзе дэпутаты гарсавету не падтрымалі ініцыятывы назваць плошчу Ратушнай.
Гістарычная назва плошчы — Гандлёвая. Калі прыйшлі расейцы, плошча стала Губэрнатарскай, пазьней Думскай. За бальшавікамі — плошчай Свабоды. Пасьля Другой усясьветнай вайны стала Савецкай. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу». Тады Магілёву ўручылі ордэн Айчыннай вайны. Сёлета ля мэмарыялу паставілі памятны знак пра стаўку расейскага самаўладцы Мікалая ІІ.
Пляц доўгі час быў адміністрацыйным і эканамічным асяродкам гораду. Пасьля «сталічнага ўпарадкаваньня» цэнтар гарадзкога кіраваньня перанесьлі далей ад ратушы.
Від з замчышча на Задубравенкаўскае прадмесьце — гару Ільінку
У сярэдзіне фатаздымку Ўсьпенская царква. Гэта ўзор магілёўскай школы дойлідзтва 17–18 стагодзьдзя. Рэшткі сьвятыні прастаялі да 1960–61 году. На яе месцы цяпер адміністрацыйны будынак.
Від магілёўскага Задняпроўя з замчышча
Мясьціну, якая за дняпроўскім мостам, магілёўцы называюць Лупалава.
На старым здымку за мостам — Траецкая царква. У пятнаццатым стагодзьдзі гэтую сьвятыню ўзьвялі драўлянай. У 1810 годзе перабудавалі ў мураваную ў стылі клясыцызму. У вайну яна была разбурана.
Вакол царквы фармавалася Траецкае паселішча (сотня). Самі магілёўцы называлі раён Траеччам. Была тут і вуліца Траецкая.
Падчас нядаўняй рэканструкцыі моста адшукалі падмуркі царквы. Яны пакінутыя «аголенымі», каб гараджане
маглі іх бачыць.
У глыбіні здымка відаць Петрапаўлаўская царква са званіцай (раён гасьцініцы «Турыст»). Драўляная царква вядомая з 1633 году. Мураваную ўзьвялі ў 1769 годзе. Як і Траецкую, Петрапаўлаўскую зачынілі бальшавікі ў 1930-х гадах. Пашкоджаную ў вайну сьвятыню разбурылі ў 1950-я гады.
Побач са званіцай Петрапаўлаўскай царквы праглядаецца Чарнігаўская брама. Гэта ўзор дэкаратыўнага і абарончага дойлідзтва. Браму пабудавалі пры канцы 18 стагодзьдзя. Разам зь Петрапаўлаўскай царквой яна дамінавала над навакольлем Лупалаўскага прадмесьця (Задняпроўя). Разбурылі яе ў 1920–30-х гадах, калі пашыралі шашу. Цяпер на месцы, дзе стаяла камяніца — скрыжаваньне праспэкту Пушкіна і вуліцы Астроўскага.
Палацавы комплекс каталіцкага арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча
Узор палацавага дойлідзтва 18 стагодзьдзя. Стаяў на ўскрайку гораду ў Пячэрскім лесапарку. Ад сярэдзіны дзевятнаццатага стагодзьдзя ў ім месьцілася адно з аддзяленьняў псыхіятрычнай лякарні. Пасьля яе рэарганізацыі будынак пуставаў і занепадаў, хоць і значыўся ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Пабурылі помнік архітэктуры ў 2009 годзе цішком. Ён стаяў паміж праезнай часткай вуліцы Сурганава і толькі ўзьведзенай прыватнай сацыяльна-пэдагагічнай установай «SOS-дзіцячая вёска».