Фатаздымкі польскіх, расейскіх і нямецкіх фатографаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы.
Ліда 20–30-х гадоў была мала падобная да сучаснага, вядомага нам гораду. У канцы 30-х яе насельніцтва складала каля 30 тысяч чалавек. Для параўнаньня — насельніцтва Горадні ў той жа час не дасягала і 60 тысяч, Ліда была адным з самых буйных гарадоў рэгіёну і мела шансы стаць у будучыні яго цэнтрам.
«Горад як горад быў. Двухпавярховыя домікі ў цэнтры, вышэй нічога асабліва не было. Два паверхі, два з мансардай, вузкія вуліцы, — кажа лідзкі гісторык і краязнаўца Леанід Лаўрэш. — У канцы 30-х гадоў быў прыняты плян разьвіцьця гораду, там усё было. Каналізацыю пачалі будаваць, але вайна спыніла гэта».
На пачатку 20 стагодзьдзя большасьць насельніцтва Ліды складалі габрэі, у канцы 30-х гадоў іх было каля 40% ад агульнай колькасьці жыхароў. А вось беларусамі ў 1938 годзе «запісаліся» толькі 450 жыхароў Ліды. «Беларусаў і рускіх агулам у горадзе тады налічвалася ўдвая менш, чым праваслаўных, — працягвае Леанід. — Гэта шмат што кажа пра наш мэнталітэт. Атрымліваецца, што больш як палова праваслаўных сябе лічыла палякамі».