З Днём Волі студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі мясцовыя актывісты віншуюць больш за дзесяць гадоў. Навучэнцы атрымліваюць тэматычныя паштоўкі, ідучы на заняткі. Сёлета ім нагадалі, што сто год таму Клаўдзі Дуж-Душэўскі, спалучыўшы ўлюбёныя беларускія колеры, стварыў нацыянальны сьцяг.
«Пад бел-чырвона-белым сьцягам была абвешчана незалежнай Беларуская Народная Рэспубліка. Дзякуючы БНР сёньня існуе Рэспубліка Беларусь», — напісана на паштоўках.
Год ад году, кажуць арганізатары акцыі, усё болей моладзі ведае пра дзень, калі Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана незалежнай.
«Ці наш гэта ўнёсак у іхную дасьведчанасьць, цяжка сказаць. Але радуе, што студэнты ўжо не адскокваюць ад нас, калі чуюць віншаваньне з Днём Волі. Большасьць нават на нашы віншаваньні адказвае сваімі», — кажа сябра руху «За свабоду» Андрэй Юркоў. Ён адзін з тых, хто публічна пачаў віншаваць студэнтаў з знакавай падзеяй беларускай гісторыі. Паводле актывіста, сёньня паштоўкі атрымалі некалькі сот навучэнцаў акадэміі.
«Хваля рэпрэсіяў, якая ўсчалася і пра якую шмат згадак у інтэрнэце, спрыяе, як ні дзіўна, цікаўнасьці моладзі да беларускай гісторыі, — кажа Андрэй Юркоў. — Сярод студэнтаў былі адзінкі, якія ня бралі паштовак, бо баяліся, але большасьць ад іх не адмаўляліся. Некаторыя казалі, што сочаць за падзеямі ў Менску, і нэгатыўна выказваліся пра хапун напярэдадні Дня Волі».
За час віншавальнай акцыі інцыдэнтаў зь міліцыяй і супрацоўнікамі акадэміі не было.