Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Regnum «знайшоў вінаватага» ў судзе над сваімі аўтарамі: гэта амбасадар Расеі Сурыкаў


Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Расейскі сайт Regnum, аўтараў якога судзяць у Менску за распальваньне нацыянальнай варожасьці, выдаў увечары 24 студзеня «ноту пратэсту» амбасадару Расеі ў Беларусі Аляксандру Сурыкаву.

Паводле Regnum, Сурыкаў «крыху больш за год таму» абвінаваціў арыштаваных у «радыкалізме» і спаслаўся на выкарыстаньне адным зь іх словаў «неданарод» і «недадзяржава». Пры гэтым ён адзначыў, што «ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца», але выказаў сумневы ў тым, што арыштаваныя «ёсьць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны».

«Гэта значыць, вы заявілі, што Ю. Паўлавец, Д. Алімкін і С. Шыптэнка нібыта выкарыстоўвалі тэрміналёгію Трэцяга рэйху — „неданарод“, — гаворыцца ў лісьце Regnum. — Гэтым сваім публічным выступам вы, як паказаў час, фактычна ўхвалілі і далі адмашку той, мякка кажучы, гістэрыі, за якой ужо замацаваліся такія азначэньні, як „справа беларускіх дзекабрыстаў“, „справа Regnum“».

Паводле Regnum, менавіта праз Сурыкава Алімкін, Паўлавец і Шыптэнка знаходзяцца пад вартай ужо 13 месяцаў. Сайт задаецца пытаньнем, ці ня час амбасадару пайсьці «на спачынак і на пакаяньне», згадваючы ягоны ўзрост — 77 гадоў.

Сурыкаў сапраўды казаў 20 сьнежня 2016 году:

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты». Ён згадваў фармулёўкі «недадзяржава» і «неданарод» з, як ён казаў, артыкулаў Regnum, і адзначаў, што ў справе «ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы».

Яшчэ ў сьнежні 2016 году Regnum абвінавачваў амбасадара Сурыкава ў тым, што ён нахлусіў: менавіта словы «неданарод» і «недадзяржава» нібыта не ўжываліся на сайце (але на сайце было шмат іншых абразьлівых выказваньняў). Афіцыйнай прадстаўніцы расейскага МЗС Марыі Захаравай сайт прыгразіў судом, але яна прапанавала Regnum «падаць у суд на саміх сябе». Regnum усё ж падаў у суд, але затым адклікаў позоў.

А называць «справу Regnum» «справай беларускіх дзекабрыстаў», мяркуючы па выніках пошуку Google, прыдумаў расейскі сайт EAdaily, зь якім таксама супрацоўнічалі затрыманыя.

Прысуд аўтарам Regnum маюць абвясьціць 2 лютага. Пракурор запатрабаваў для аўтараў Regnum па 5 гадоў турмы з адтэрміноўкай, іх могуць вызваліць пасьля выраку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG