На канфэрэнцыі Вугорскай сацыялістычнай рабочай партыі была раскрытыкаваная праца кіраўніцтва. Янаш Кадар падаў у адстаўку з пасады генэральнага сакратара ЦК ВСРП. На яго месца быў абраны цэнтрыст Карай Грос. На канфэрэнцыі прынялі праграму стабілізацыі эканомікі і скарачэньня зьнешняй запазычанасьці. У краіне распаўсюджвалася галоснасьць, пачалі ўзьнікаць новыя партыі і рухі.

Да канца 1988 году ў краіне дзейнічала больш за 40 палітычных партый і рухаў, сярод якіх Вугорскі дэмакратычны форум, Саюз свабодных дэмакратаў, Сацыял-дэмакратычная партыя Вугоршчыны, Незалежная партыя дробных і сельскіх гаспадароў, Хрысьціянска-дэмакратычная народная партыя.