Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце на Дзень Волі 2014. Жывая трансьляцыя

Жывая відэатрансьляцыя з шэсьця і мітынгу ў Менску. Маршрут: ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Рэпартаж нон-стоп, інтэрвію з удзельнікамі, камэнтары і рэакцыі.

18:08 25.3.2014
Падцягваецца творчая інтэлігенцыя — літаратары Ўладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў. Прыцягвае да сябе ўвагу чалавек, ахутаны ў вялізны амэрыканскі сьцяг. Таксама разгорнутая расьцяжка Беларускага народнага руху.
18:02 25.3.2014
Зьявіліся арганізатары імпрэзы: Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Юры Губарэвіч, Рыгор Кастусёў. Таксама заўважаныя Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінкевіч ды іншыя. Тым часам актывісты «Маладога фронту» разгарнулі расьцяжку, на якой напісана «Героі не паміраюць». На здымках — выявы герояў нацыянальнага адраджэньня Беларусі, а таксама ўкраінскага нацыяналіста Сьцяпана Бандэры.
17:57 25.3.2014
На пляцоўцы каля «Кастрычніка» блізу трох сотняў удзельнікаў шэсьця.

Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, а таксама сьцягоў Украіны. Шмат хто мае жоўта-блакітныя стужкі на знак салідарнасьці з украінскім народам. Тут жа сьцягі «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча, транспаранты. На адным па-расейску напісана: «Нынешняя власть в России — угроза всему миру!»
17:43 25.3.2014
Кавярні, якія выходзяць на пляцоўку перад кінатэатрам «Кастрычнік», зачыненыя "паводле тэхнічных прычынаў. За Кастрычнікам — тры аўтазакі, у дварах Дому друку — шмат машынаў зь людзьмі ў цывільным.
17:41 25.3.2014
Ля менскага кінатэатру «Кастрычнік» першыя ўдзельнікі шэсьця ў гонар Дня Волі пачалі зьбірацца за паўгадзіны да прызначанага часу. Як перадае зь месца карэспандэнт Свабоды, першымі тут зьявіліся маладзёны зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Адрозна ад папярэдніх гадоў, пляцоўка не агароджаная, міліцэйскага дагляду на падыходзе няма. Традыцыйна шмат «ціхароў» з рацыямі і відэкамэрамі, а таксама іх «патронаў» пры гальштуках, якія групуюцца на некаторай адлегласьці.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG