Расейскае інфармагенцтва РБК паведаміла пра намеры расейскага ўраду адмовіцца ад «гуманітарнай» падтрымкі «сэпаратыстаў» на ўсходзе Ўкраіны на карысьць фінансаваньня інфраструктуры ў Калінінградзкай вобласьці і акупаваным Крыме.
Урад Расеі, паводле зьвестак РБК, пасьля нарады 1 верасьня ў віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Казака даручыў Міністэрству фінансаў «выключыць з праекту фэдэральнага бюджэту на 2018 год і на плянавы пэрыяд у 2019–2020 гадах у поўным аб’ёме выдаткі на аказаньне ў 2019–2020 гадах гуманітарнай падтрымкі асобным тэрыторыям». Пад «асобнымі тэрыторыямі», сьцьвярджае крыніца РБК, маецца на ўвазе Данбас, і такую фармулёўку нібы прапанаваў памочнік Уладзіміра Пуціна Ўладзіслаў Суркоў, каб «легалізаваць» дапамогу самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР». У адкрытых крыніцах такога пункту ў расейскім бюджэце няма.
Тым часам грошы пойдуць на рэалізацыю леташняга даручэньня прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева — на фінансаваньне інфраструктурных і транспартных праектаў у акупаваным Расеяй Крыме і ў Калінінградзкай вобласьці (расейскім эксклаве за землямі Літвы, Польшчы і Беларусі), на будаўніцтва ўстановаў адукацыі і аховы здароўя, оптавалаконную лінію сувязі з Калінінградзкай вобласьцю праз дно Балтыйскага мора і іншае. Паводле падлікаў РБК, на гэта пойдзе 165 млрд расейскіх рублёў за тры гады (5,56 млрд беларускіх рублёў або 2,86 млрд даляраў на момант публікацыі).
Адной толькі «гуманітарнай» падтрымкі Данбасу на гэта ня хопіць, сярод іншых крыніцаў разглядаюцца падвышэньне акцызаў на бэнзін і скарачэньне субсідыяў на чыгунку. Але і «гуманітарная» падтрымка — не адзіны канал фінансаваньня «сэпаратыстаў»:
«Фінансаваньне „ДНР“ і „ЛНР“ цалкам засакрэчанае, апісваецца сакрэтнымі пастановамі (распараджэньнямі) ураду, закрытымі радкамі ў бюджэце, — піша РБК са спасылкай на ананімную крыніцу. — Няясна, што разумеецца пад выдаткамі на „гуманітарную падтрымку“, але, хутчэй за ўсё, гэта толькі адзін зь некалькіх каналаў фінансаваньня „ДНР“ і „ЛНР“».