20 жніўня, 2018
50 гадоў таму адбылося кіраванае Савецкім Саюзам вайсковае ўварваньне ў Чэхаславаччыну, якое спыніла спробу чэхаў і славакаў рэфармаваць камуністычны рэжым. У часе сутычак загінулі больш за 100 чалавек.
Мы наведалі месцы, дзе былі зробленыя найвядомейшыя фота тых летніх дзён, што скаланулі сьвет.
Двойчы націсьніце на здымак або выкарыстайце паўзунок для пераходу паміж колішняй і цяперашняй выявамі.
Мітынг на Старамесцкай плошчы ў Празе ў лютым 1968 году ў гонар 20-годзьдзя камуністычнага перавароту. Фота: Karel Mevald (ČTK)
Пасьля камуністычнага путчу 1948 г, арганізаванага пры ўдзеле СССР, Чэхаславаччына стала сацыялістычнай рэспублікай. Эканамічнае становішча ў краіне было адносна стабільным, але палітычна яна цалкам залежала ад СССР.
Велізарны гранітны помнік Сталіну і сацыялізму ўзвышаўся над Прагай да 1962, калі ён быў зьнесены падчас дэсталінізацыі. Фота з адкрытага доступу ў інтэрнэце
Да 1960-х гадоў былі рэпрэсаваныя тысячы грамадзян Чэхаславаччыны. Некаторыя пасьля паказальных працэсаў былі засуджаныя на сьмяротнае пакараньне, пажыцьцёвае зьняволеньне або меншыя тэрміны пазбаўленьня волі. Краіна жыла ў страху і за Сталінам, і за ягонымі пераемнікамі Мікітам Хрушчовым і Леанідам Брэжневым.
Лідэр Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Аляксандар Дубчак прыбывае на пасяджэньне парлямэнту, якое адбылося празь некалькі месяцаў пасьля ўварваньня і заднім чыслом санкцыянавала знаходжаньне войскаў Варшаўскай дамовы на чэхаславацкай зямлі. Фота: Jovan Dezort (ČTK)
У студзені 1968 году Аляксандар Дубчак (у цэнтры) пачаў кіраваць Камуністычнай партыяй Чэхаславаччыны. Гэты ўсьмешлівы славак абвясьціў пра пляны паслабіць цэнзуру і абмежаваць паўнамоцтвы службы бясьпекі. Дубчак паабяцаў стварыць «сацыялізм з чалавечым тварам».
Жанчына на Вацлаўскай плошчы ў Празе слухае навіны падчас уварваньня. У руках у яе газэта, перадавіца якой азагалоўленая «Чаму?» на чэскай і расейскай мовах. Фота: ČTK
Як толькі была зьнятая цэнзура, чэхаславацкія СМІ пачалі публікаваць выкрывальніцкія артыкулы пра карупцыю, забойствы і іншыя злачынствы ўладаў. Здабыўшы свабоду выказваньняў, чэхі і славакі пачалі патрабаваць фундамэнтальных палітычных зьменаў.
Леанід Брэжнеў і кіраўніцтва савецкай камуністычнай партыі з трывогай сачылі за тым, як у Чэхаславаччыне камуністычны рэжым растае падчас «Праскай вясны». Калі студэнты ў Варшаве выйшлі на вуліцы ў падтрымку чэхаславацкіх рэформаў, стала ясна, што дэмакратычная хваля можа захліснуць і іншыя краіны.
Савецкі танк нацэльвае ствол на Праскі град. Фота: ČTK
Уначы з 20 на 21 жніўня 1968 году каля 250000 салдат, 2000 танкаў і сотні самалётаў з СССР, Баўгарыі, Вугоршчыны і Польшчы увайшлі ў Чэхаславаччыну. Праз 29 гадоў пасьля ўварваньня нацыстаў чэхі і славакі зноў прачнуліся пад грукат чужаземных танкаў.
Салдаты войскаў Варшаўскай дамовы ахоўваюць штаб-кватэру Камуністычнай партыі ў цэнтры Прагі ў першы дзень ўварваньня. Фота: ČTK
Празь некалькі гадзін пасьля ўварваньня першы сакратар Камуністычнай партыі Дубчак быў затрыманы ў сваім кабінэце ў Празе і дастаўлены ў Маскву для допыту.
Мясцовыя жыхары стаяць перад савецкімі танкамі і салдатамі на Вацлаўскай плошчы ў Празе. Фота: ČTK
Агаломшаныя ўварваньнем, чэхі і славакі выйшлі на вуліцы, каб кінуць выклік чужым салдатам, многія зь якіх, як і мясцовыя жыхары, не разумелі, што адбываецца.
Салдаты Варшаўскай дамовы падчас патруляваньня ў Празе страляюць у паветра, прымушаючы мясцовых жыхараў пакінуць вуліцы. Фота: Tiedemann/Ullstein Bild via Getty Images
Інтэрвэнты сутыкнуліся з паўсюдным гневам насельніцтва. Амаль усе краіны сьвету асудзілі дзеяньні Крамля.
CTK
Хоць чэхаславацкія войскі заставаліся ў сваіх казармах, жыхары ў некаторых выпадках узводзілі барыкады, мянялі дарожныя знакі ці нават кідалі бутэлькі з запальнай сумесьсю ў захопнікаў. Але сілы былі няроўныя, і адзіную надзею Чэхаславаччына ўскладала на асуджэньне ўварваньня з боку вонкавага сьвету.
Жыхары будуюць агароджы і атакуюць танкі перад будынкам Чэскага радыё ў Празе. Фота: Libor Hajsky (Reuters)
Найбольшы вулічны бой адбыўся перад будынкам Чэхаславацкага радыё ў сталіцы. У сутычцы загінулі пятнаццаць чалавек, калі натоўп спрабаваў перашкодзіць вайскоўцам захапіць кантроль над радыёвяшчаньнем.
Чалавек махае запырсканым крывёю чэхаславацкім сьцягам каля савецкага БТР-а ў Празе. Фота: AFP
У часе ўварваньня загінула 137 чалавек. Апэрацыя войскаў Варшаўскай дамовы здушыла незалежныя СМІ і пачала «нармалізацыю» сытуацыі ў Чэхаславаччыне.
Чалавек глядзіць на руіны ў Празе 31 жніўня 1968, празь 10 дзён пасьля таго, як танкі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну. Фота: AFP
Калі ў Чэхаславаччыне ачышчалі вуліцы ад крыві і друзу, Брэжнеў заявіў пра гатоўнасьць савецкага вайсковага ўмяшаньня ў выпадку адступленьня ад партыйнай лініі любой іншай камуністычнай краіны. Адзін пісьменьнік акрэсьліў гэтую так званую «дактрыну» Брэжнева словамі: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся, інакш буду страляць!».