Сярод 26 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» найстарэйшы — 65-гадовы Мікалай Камароўскі.
Пра сябе спадар Камароўскі распавёў Свабодзе так:
«Я чалавек мясцовы. Нарадзіўся ў Рагачове ў 1951 годзе. Скончыў Ленінградзкі інстытут дакладнай мэханікі і оптыкі. Вярнуўся дамоў і да 1990 году працаваў на заводзе „Дыяпраектар“. Завод наш знакаміты ня толькі сваёй прадукцыяй, але і тым, што тут працаваў цяперашні беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў. З „Дыяпраектарам“ зьвязаны лёс і Васіля Даўгалёва, які быў і віцэ-прэм’ерам, і амбасадарам у Расеі.
У 1990–1995 гадах быў старшынём гарадзкога Савету народных дэпутатаў, старшынём гарвыканкаму. Пасьля кіраваў аддзяленьнямі „Белпрамбудбанку“ ў Рагачове і Жлобіне, быў дырэктарам Жлобінскага кансэрвавага заводу.
Здароўе дазваляе працаваць і цяпер. Таму кірую буйным гаражным каапэратывам».
Пра стаўленьне жыхароў Рагачова да свайго былога кіраўніка Свабодзе сказаў намесьнік старшыні выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду» Ігар Драко:
«Сталічная група падтрымкі ў гэтыя выходныя наведала Рагачоў. Мы дапамаглі спадару Камароўскаму правесьці пікет па зборы подпісаў, які разьмясьцілі каля ўваходу на мясцовы рынак. Разгорнуты стэнд з фатаздымкам кандыдата адразу прыцягнуў увагу.
Людзі ахвотна падпісваліся за вылучэньне былога кіраўніка горада. А тыя, у каго не было пры сабе дакумэнтаў, абяцалі падтрымаць яго пазьней. Адзін з жыхароў Рагачова сказаў, што добра ведае Мікалая Іванавіча. А ягоную ідэю добраўпарадкаваць набярэжную назваў выдатнай.
Многія, хто падтрымаў Камароўскага сваім подпісам, памятаюць яго па былых заслугах на пасадзе кіраўніка мясцовага выканкаму. Тады, кажуць, ён вызначыўся рашэньнямі, якія памянялі жыцьцё Рагачова ў лепшы бок.
Мікалай Камароўскі будзе зьбіраць подпісы выбарцаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты на працягу месяца. І не таму, што сабраць неабходную тысячу подпісаў зойме шмат часу.
«Я хачу ня проста зьбіраць подпісы, а размаўляць зь людзьмі, прыслухоўвацца да іх. І буду карэктаваць сваю праграму, улічваючы розныя меркаваньні. Ужо ёсьць шэраг прапаноў, якія мая каманда прыняла да ведама.
Гэта не бессэнсоўная справа. Нават калі не атрымаецца перамагчы на выбарах, гэтыя пажаданьні мы публічна агучым і давядзем у пісьмовым выглядзе да абранага дэпутата».
За тыдзень каманда Камароўскага сабрала чвэрць неабходных подпісаў.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.