Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцам трэба скідвацца ды будаваць люксавую турму, — экспэрт


Аўатырынак у Малінаўцы
Аўатырынак у Малінаўцы

7 красавіка Эканамічны суд Менскай вобласьці пачне разгляд справы аб банкруцтве кампаніі «Ростэм» і закрытага акцыянэрнага таварыства «Торговый мир «Кольцо», заснаваных пасьпяховым беларускім бізнэсоўцам Юрыем Авярʼянавым.

Інфармацыю пра прыём заявы да разгляду і прызначэньне працэсу пацьвердзілі прадстаўнікі крэдытораў патэнцыйнага банкрута. Згодна з папярэднімі зьвесткамі, даўгі кампаніі перад банкамі і фіскальнымі ўстановамі ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў даляраў, а сам прадпрымальнік, паводле некаторых зьвестак, хаваецца ў Нямеччыне і на сувязь не выходзіць.

Першым прэтэнзіі да бізнэсоўца выставіў банк «ВТБ Беларусь» — у суд накіраваная заява адносна банкруцтва кампаніі «Ростэм». Падобны лёс чакае і іншы авярʼянаўскі актыў — найбуйнейшы ў Эўропе аўтамабільны рынак і будаўнічыя павільёны ў мікрараёне Малінаўка. Сярод крэдытораў «Торгового мира «Кольцо» — «Белаграпрамбанк» і «БПС-Сбербанк», якія таксама хочуць вярнуць свае грошы. Апроч таго, стала вядома, што ў Авярʼянава істотныя запазычанасьці перад Міністэрствам па падатках і зборах.

Такім чынам, адзін з самых яшчэ нядаўна заможных і паважаных бізнэсоўцаў можа скласьці кампанію іншым прадпрымальнікам, ужо абвінавачаным у эканамічных злоўжываньнях.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч не выключае, што дзяржава тут мае ўласны інтарэс:

Алег Маркевіч
Алег Маркевіч

«Думаю, што часткова гэта так. Улада прыглядаецца да патэнцыйна цікавага праекту, дае яму разьвіцца, стаць на ногі, ацэньвае ўзровень падаткаў, статыстыку адлічэньняў і г.д. І калі пераконваецца, што гэта сапраўды ласы кавалак, імем рэвалюцыі нацыяналізуе на карысьць некага са сваіх. Але пры гэтым экспрапрыятары не разумеюць: у прыватным бізнэсе трэба працаваць дзень і ноч, па інэрцыі нічога зь неба сыпацца ня будзе. Пра гэта сьведчыць і ранейшая практыка: усе прадпрыемствы, якія дзяржава забірала, адразу ж станавіліся стратнымі. Таму што кіраваць недзяржаўнай кампаніяй вельмі складана, ня кожнаму такі талент дадзены. Асабіста я такім бізнэсоўцам даваў бы ўзнагароды толькі за тое, што яны ў цяперашніх умовах проста трымаюцца на плыву».

Юры Авярʼянаў стаяў ля пачатку шэрагу камэрцыйных праектаў, якія дагэтуль нікім не пераўзыдзеныя ў сваім маштабе. Вось пералік толькі найбольш значных:

  • рэчавы рынак на стадыёне «Дынама»,
  • аўтамабільны рынак у Малінаўцы,
  • будаўнічы рынак ва Ўруччы,
  • забаўляльныя ўстановы «Бліндаж»,
  • «Афрыка»,
  • U2,
  • першы ў Беларусі боўлінг-клюб Madisson Club,
  • дзіцячы парк атракцыёнаў «Дрымлэнд» з аквапаркам.

Спадар Маркевіч перакананы, што такая бізнэс-імпэрыя ня можа быць ва ўсім дасканалай і дзяржаўным органам трэба рабіць на гэта папраўку:

«Я сумняюся ў тым, што Авярʼянаў — злосны парушальнік. Калі чалавек працуе, яму ўласьціва памыляцца. Але ня веру, што „злачынныя схемы“ ён ствараў адмыслова. Проста ў нас чамусьці лічыцца, што прадпрымальнік — заведама злачынца, бо толькі сьпіць і марыць, як каго падмануць. Выходзіць як у вядомай байцы — ты вінаваты тым, што хочацца мне есьці. А насамрэч гэтыя людзі разьвіваюць цэлыя галіны, да якіх дзяржаве няма справы, ствараюць працоўныя месцы, яны сапраўдныя лякаматывы ў сваёй галіне. Таму з высновамі, і тым больш паліваньнем брудам, асабіста я б не сьпяшаўся.

Вельмі мала на сёньняшні дзень у нашай памяркоўнай Беларусі дзелавых людзей з ініцыятывай. Гэтыя людзі, якія б яны ні былі авантурысты, усё жыцьцё рызыкавалі, стваралі, такім чынам разьвіваючы эканоміку Беларусі».

Алег Маркевіч не выключае, што пасьля працэдуры банкруцтва і далейшай нацыяналізацыі шматлікія пляцоўкі, запушчаныя спадаром Авярʼянавым у камэрцыйны абарот, будуць забудаваныя жыльлём ці гандлёвымі цэнтрамі:

«Самае страшнае, што можа здарыцца, — зьнікнуць працоўныя месцы. А на адным толькі „Кальцы“ ў Малінаўцы працуюць тысячы чалавек, не кажу пра іншыя. Саму тэрыторыю, не сумняюся, з задавальненьнем пачнуць асвойваць розныя будаўнічыя арганізацыі. Карацей, досыць прадказальна ў сваёй банальнасьці... Усё гэта сумна на самой справе, бо, паводле маіх зьвестак, больш-менш заможныя людзі проста масава зьяжджаюць зь Менску і кіруюць сваім бізнэсам на аддаленьні. Таму што стаіць пытаньне — захаваць хоць нешта з таго, што было зароблена. Чалавек ва ўзросьце, як той жа Авярʼянаў, хоча спакою і прадказальнасьці. Ён гэта заслужыў. А яго трымаюць за нейкага хлопчыка, за высокааплатнага нявольніка, які мусіць рэгулярна ў дзюбе падносіць гаспадару».

Гледзячы на тое, як спраўна папаўняюцца месцы зьняволеньня, Алег Маркевіч раіць патэнцыйным сядзельцам не марнаваць час, а інвэставаць у люксавыя апартамэнты закрытага тыпу:

«На месцы нашых бізнэсоўцаў трэба ужо скідвацца ды пачынаць будаваць люксавую турму. Таму што VIP-пэрсонаў, якія сядзяць у падвалах КДБ ці МУС, ужо так шмат, што цалкам можна адзін з пустуючых менскіх гатэляў пераабсталяваць у арыштанцкі дом падвышанага камфорту. Дарэчы, іншы вядомы прадпрымальнік Юры Данькоў, які адбывае працяглы тэрмін, нядаўна выступіў з ініцыятывай прыватнай турмы, таму такая ідэя ўжо мае сваіх прыхільнікаў».

На пачатку «нулявых» на лаве падсудных апынуліся шасьцёра топ-мэнэджэраў «Торгового мира «Кольцо», а сам Юры Авярʼянаў быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Кіраўніцтву інкрымінаваліся «паборы» з прадпрымальнікаў, якія хацелі гандляваць на аўтарынку. Некалькі чалавек атрымалі ад 3 да 3,5 года «хіміі», іншыя абмежаваліся буйнымі штрафамі. Справа Авярʼянава разглядалася асобна, ягоная віна даказаная не была. Пасьля першай жа сустрэчы са сьледчым бізнэсовец зьехаў за мяжу, некалькі гадоў пражыў у ЗША. Але ўрэшце вярнуўся і пачаў яшчэ актыўней пашыраць уласную бізнэс-імпэрыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG