Паляўнічая «фішка» для кітайцаў
«Кітайскай дэлегацыі дужа спадабаўся наш агратурызм. У прыватнасьці, гасьцей зацікавіла магчымасьць паляваць у Беларусі, паколькі ў Кітаі рабіць гэтага нельга. Паляваньне можа стаць «фішкай», з дапамогаю якой у Беларусь можна прыцягнуць кітайскіх турыстаў», — падаюць словы чыноўніка дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы.
Падчас знаходжаньня ў Магілёве кітайскія госьці наведалі адну з аграсядзібаў. Паводле яе гаспадыні, замежнікаў уразіла экзатычная для іх беларуская флёра і фаўна.
«У іх сапраўды выклікала цікавасьць паляваньне. Сказалі, што будуць спрыяць таму, каб іхныя суайчыньнікі прыяжджалі на яго да нас. Задавалі шмат пытаньняў на гэты конт. Пыталіся, калі можна паглядзець на паляваньне, бо самі паляваць яны наўрад ці змогуць, бо ў іх няма адпаведнага дазволу. Але нават падзівіцца на паляваньне для іх пакуль даволі. У іх жа на радзіме нават такой магчымасьці няма», — расказала пра інтарэс кітайцаў гаспадыня аграсядзібы.
Няхай прыяжджаюць, лішняга яны не пастраляюць
Згадка пра магчымыя наезды кітайскіх турыстаў на беларускае сафары ў магілёўскіх палясоўшчыкаў выклікала ўсьмешку. Многія ўспрымалі пытаньні на гэты конт скептычна.
«Няхай прыяжджаюць, але ня ўсе адразу. Дзічыны на ўсіх кітайцаў наўрад ці набярэцца ў нашых лясах», — адрэагаваў супрацоўнік адной з паляўнічых баз.
«З кітайцамі працаваць нам не даводзілася. Гэта, відаць, будуць, калі наважацца сюды прыехаць, спэцыфічныя кліенты з адпаведным стаўленьнем да паляваньня, бо ў іх жа няма дазволу на такі від адпачынку. Я нават не ўяўляю, як зь імі можна будзе працаваць, — казаў лясьнік. – Аднак калі будуць неабходныя дакумэнты на паляваньне, дык навучымся працаваць. Пакуль да нас болей прыяжджаюць турысты з Расеі, бо яны бліжэй да нас, але апошнім часам і іх няма праз пэўныя эканамічныя цяжкасьці».
Калега суразмоўцы зь іншай паляўнічай базы таксама адзначыў, што часьцей прыяжджаюць «задаволіць паляўнічую ахвоту» расейцы. «Няхай прыяжджаюць і кітайцы. Лішняга яны не пастраляюць. У нас жа законы рэглямэнтуюць паляваньне», — заўважыў ён.
Суразмоўца, аднак, ня стаў пярэчыць, што Беларусь наўрад ці можна разглядаць як буйны асяродак для паляваньня.
«Мы рацыянальна падыходзім да гэта пытаньня. Спрабуем аднаўляць пагалоўе зьвяроў. Зь дзікамі, аднак, праблема. Вы ж ведаеце, што яны трапілі пад АЧС (афрыканская сума сьвіней. — РС ). Была ўстаноўка на поўнае іх зьнішчэньне. Але гэта памылка, — казаў палясоўшчык. – Прырода павінна сама сябе рэгуляваць. Дзікоў амаль вынішчылі, а ваўкам няма чаго есьці. Яны ідуць на сельскагаспадарчыя двары: на фэрмы, у прыватныя гаспадаркі наведваюцца».
Іншаземцы павыбівалі племянную дзічыну. Трапляюцца выродлівыя асобіны
Тым часам шараговыя паляўнічыя словы чыноўнікаў пра «сафары для кітайцаў у Беларусі» ўспрымаюць нэгатыўна. Улады, кажуць яны, беларускіх паляўнічых разглядаюць як людзей другога гатунку, бо на іх нельга заробіць.
«Паспрабуйце ліцэнзію на паляваньне атрымаць. У нас усё для расейцаў, палякаў, немцаў. Яны — гэта валюта. А цяпер яшчэ і кітайцы дададуцца», — абураецца паляўнічы Анатоль. Паводле яго, для замежнікаў арганізуюць паляваньне з адборнай дзічынай.
«Цяпер ужо дужа цяжка ўбачыць, напрыклад, у лясах лася з добрымі разгалінаванымі рагамі. Усё часьцей трапляюцца выродлівыя асобіны, — тлумачыць Анатоль. — Парода зводзіцца, бо племянных страляюць. А племянныя – гэта ж залаты фонд лясоў. Таму шараговыя паляўнічыя лічаць, што замежныя госьці ў нас непажаданыя».
Паляўнічы адзначыў, што сёлета, у адрозьненьне ад многіх гадоў, паболела зайцоў.
«Відаць, калгасы меней сыпалі на палі калійных угнаеньняў, дык яны і зьявіліся, — даводзіў ён. — Раней праз гэтую атруту жывёлы прападалі. Там, дзе я стала палюю, раней можна было страляць качак, а цяпер там трысьнёг выгараў, чорны стаў ад гэтай атруты».
Браканьеры — расейцы
Паляўнічы з Хоцімску Валер наагул заяўляе, што ў Беларусі няма прадуманай палітыкі ў сфэры паляўнічага турызму. На ягоную думку, у гэтым сэктары бізнэсу ўсё адбываецца хаатычна. «Ёсьць турысты – значыць, для іх хуценька арганізуюць паляваньне», — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі ён.
Валеру даводзілася паляваць зь немцамі і палякамі. На ягоную думку, найбольш дысцыплінаваныя паляўнічыя – немцы. Якім будзе характар у кітайскіх паляўнічых, жыхар самага ўсходняга райцэнтру Беларусі спрагназаваць ня змог. «Для іх наша прырода – экзотыка, але і яны як паляўнічыя для нас таксама экзотыка», — выказаўся ён.
«Найчасьцей паводзяць сябе, як бракан’еры, расейцы», — кажа Валер.
«На памежжы з Расеяй яны, паколькі няма мяжы, выбіваюць у нашых лясах дзічыну, — наракае беларускі паляўнічы. — Прыходзяць да нас з сабакамі, бяз стрэльбаў, і заганяюць на сваю тэрыторыю зьвяроў, і там іх страляюць. Яны наагул, як выходзяць на паляваньне, страляюць усё, што бяжыць ці ўцякае ад іх».
Кітайцам — экстрэмальны паляўнічы турызм у чарнобыльскай зоне
Эканаміст Андрэй Юркоў таксама хадзіў у лес са стрэльбай. У 2006 годзе ўдзельнічаў у акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і быў затрыманы. За гэта яго пазбавілі паляўнічай ліцэнзіі. Тым ня менш Андрэй не перастае назіраць за разьвіцьцём у Беларусі паляўнічага бізнэсу.
На ягоную думку, у Беларусі хоць і з напружаньнем, але разьвіваецца паляўнічы турызм з Эўропай, які дае «сякія-такія грошы паляўнічым гаспадаркам». У тое, што кітайцы паедуць у Беларусь паляваць, суразмоўца ня верыць.
«Навошта кітайцам беларускія лясы, калі ў іх пад бокам Сыбір? А пагатоў, — кажа ён, — палова вобласьці — чарнобыльская зона. Калі і арганізоўваць там паляваньне, дык экстрэмальнае».
Разьлік завабіць паляваньнем буйных кітайскіх інвэстараў — задума з сумнеўным вынікам, лічыць Андрэй. Калі кітайцы і наважацца прыехаць сюды пастраляць дзічыну, то, хутчэй за ўсё, гэта будуць авантурнікі, а не паважныя эканамісты, — прагназуе ён.
«Наагул нашы чыноўнікі за што ня возьмуцца, усяму прыходзіць капец. Пабудавалі на кітайскія інвэстыцыі з кітайскім абсталяваньнем цэмэнтныя заводы і цяпер усёй Магілёўшчынай думаюць, як гасіць тыя крэдыты. А тут яшчэ паляваньне. Усё адбываецца, як у прымаўцы: як топісься, дык за саломінку ўхопісься».