Вярхоўная Рада Ўкраіны 9 красавіка прыняла пакет законаў па дэкамунізацыі. Яны забараняюць прапаганду камуністычнага рэжыму і камуністычную сымболіку. Помнікі камуністычнага рэжыму належыць дэмантаваць, «камуністычныя» назвы гарадоў і вуліц — замяніць, вытворцы павінны таксама памяняць усе савецкія назвы прадпрыемстваў і таварных знакаў.
Старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч у інтэрвію Свабодзе вітаў гэтыя рашэньні:
«Я заўсёды лічыў неабходнай праграмай дэсаветызацыю і пазбаўленьне ад сэміятычнага асяродзьдзя, якое засталося нам у спадчыну ад савецкага часу, усіх тых імён бандытаў і катаў, якімі названыя нашы вуліцы і гарады. Усё гэта павінна быць асэнсавана і тым ці іншым чынам вырашана», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё Свабода.
На думку Мацкевіча, забарона камуністычнай сымболікі павінна існаваць, але гэтая забарона павінна быць толькі часткай кампаніі па дэсаветызацыі.
«Савецкая сымболіка, вядома, ня зьнікне ад забароны. Тут патрэбная больш разгорнутая праграма і ў адукацыі, і ў сродках масавай інфармацыі, каб усе людзі разумелі, што менавіта зьвязана з гэтымі сымбалямі. Тут не абысьціся проста ўказам кіраўніцтва ці законам, тут патрэбна грунтоўная, пасьлядоўная і доўгая праца па дэсаветызацыі», — упэўнены ён.
Мацкевіч канстатуе, што, безумоўна, законы, падобныя тым, што прынятыя ва Ўкраіне, будуць выклікаць супрацьдзеяньне часткі насельніцтва.
«Але я лічу, што гэта неабходна і цалкам укладаецца ў дэмакратычныя прынцыпы. Бо гэта забарона наступстваў злачыннай улады, і бяз гэтай забароны і абуджэньня грамадзкай дыскусіі на гэты конт наўрад ці ўвогуле магчыма пераадолець савецкую сьвядомасьць. Бо гэта ўсё накіравана не на вуліцы: вуліцы сьцерпяць, дамы не пагоршацца і не палепшацца ад таго, што ім зьменяць назвы. Галоўныя наступствы (камуністычнага рэжыму, камуністычнай ідэалёгіі. — РС) — разбурэньне сумленьня, разбурэньне розуму — яны месьцяцца менавіта ў сьвядомасьці. І гэта праца са сьвядомасьцю, а не матэрыяльнай культурай», — падкрэсьлівае Мацкевіч.